Пасля апошняй хатняй сустрэчы “Шахцёра” з “Оршай”, петрыкаўскі клуб чакала серыя з трох гасцявых сустрэч, у час якіх “калійшчыкі” аб’ехалі Беларусь з захаду на ўсход па маршруце Ліда – Івацэвічы – Бабруйск і вярнуліся дадому, каб сустрэцца з “Нафтанам”. З якім багажом ачкоў прыбылі на Петрыкаўшчыну нашыя футбалісты, ці ўдалося ім парадаваць мясцовых заўзятараў?

З чым вярнуўся “Шахцёр”  пасля трох гасцявых матчаў?Аўтсайдар з зубамі
“Ліда” напачатку сезона трымалася ў сярэдняках, але з цягам часу спусцілася на перадапошняе месца. Разам з тым, да бягучай сустрэчы гэты клуб здолеў два разы перамагчы “Шахцёр”. Спачатку летась, у таварыскім матчы каманда з захаду абыграла жоўта-чорных 1:0, а сёлета, у першым крузе, перамагла ў Петрыкаве з лікам 2:3.
Гульня ў гасцях спачатку выглядала роўнай. Моманты былі і ў адной, і ў другой дружыны, але першымі рэалізавалі свой чарговы шанец госці, забіўшы на 45-й хвіліне. Гэта наганяла сумныя думкі: каму прыемна прапусціць мяч напрыканцы тайма, тым больш, што неабачлівая гульня “Шахцёра” за некалькі хвілін да “экватара” сустрэчы становіцца ўжо сумнай традыцыяй.
У другой палове госці здолелі выправіць сітуацыю. Спачатку на 64-й хвіліне галавой у дзявятку мяч адправіў Аліхан Малкандуеў, за тым сваё імгненне на выхадзе супраць брамніка “Ліды” выкарыстаў Ігар Моніч, калі хранометр адлічваў 78-ю хвіліну. А фінальная кропка была пастаўлена трапным выкананнем пенальці Данііла Куцэпалава, пасля фолу брамніка на тым жа Ігары Монічы – 1:3 .

Наступны прыпынак Івацэвічы?
Калі кагосьці здзівіў той факт, што “калійшчыкі” накіраваліся ў гэты горад, нагадаю, што баранавіцкі стадыён знаходзіцца на рамонце, таму ў якасці хатняй арэны “Баранавічаў” быў абраны спартыўны аб’ект у Івацэвічах. На гэтым цікавасці не скончыліся. З-за падабенства колеру формы абедзвюх каманд (гаспадары выступалі ў цёмна-сіняй, а “Шахцёр” – у чорнай), рэферы загадаў гасцям апрануць аранжавыя трэніровачныя накідкі.
Што да гульні, то напачатку крыху лепей выглядала петрыкаўская каманда, але мінімальная ініцыятыва зусім не гарантавала для “Шахцёра” фактычнай перавагі. Поспех замацаваў Аліхан Малкандуеў, які скіраваў галавой навес да брамы баранавіцкага кіпера на 18-й хвіліне.
У другі, і на гэты раз пошні, лік на табло змяніўся на 62-й хвіліне, калі вароты гаспадароў паразіў Максім Кавалевіч, які падабраў мяч ад Паўла Зуевіча, што знянацку ўпаў на полі. Павел быў так узрадаваны выдатным завяршэннем яго атакі, што з радасці ўскінуў невысокага Максіма сабе на плячо. 0:2 і “Шахцёр” рыхтуецца да сустрэчы з “Белшынай”.

Рэванш за паразу
Гульня мусіла быць гарачай. І я маю на ўвазе зусім не тэмпературу паветра. У мінулы раз, сустракаючыся ў Петрыкаве “Белшына” прайграла “Шахцёру” з мінімальным лікам 2:1. Зразумела, што дома, дзе пануюць моцныя футбольныя традыцыі, перад вачыма сваіх прыхільнікаў саступіць бабруйчане права не мелі, тым больш што каманда на той момант узначальвала турнірую табліцу першай лігі.
Абедзве дружыны ад самага свістка не жадалі аддаваць ініцыятыву. На полі літаральна разыйшлася футбольная стыхія: накатвала то адна каманда, то другая. Упартая барацьба працягвалася да 44-й хвіліны, калі “Белшыне” ўдалося абыграць абарону і варатара “Шахцёра” Аўтандзіла Лабадзэ.
У другой палове розніца ў гульні сапернікаў стала больш відавочная. Бабруйчане захавалі тэмп і націск, у той час як “калійшчыкі” рабілі ўсё больш памылак і “зашываліся” ў абароне. Але і гэта не дапамагло ўтрымаць лік, другі гол быў зафіксаваны арбітрамі ўжо на 54-й хвіліне.
Інтрыгу ў сустрэчы, здавалася б, забяспечыў усё той жа Аліхан Малкандуеў, які скараціў адставанне “Шахцёра” на 57-й хвіліне трапным ударам з левага кута штрафной пляцоўкі – 2:1. Гэта натхніла каманду і гаспадары хвілін 15-ць былі вымушаны стрымліваць націск жоўта-чорных. Але на большае “Шахцёра” не хапіла і на 76-й хвідіне Аўтандзіл ужо ў трэці раз даставаў мяч з сеткі варот. Яшчэ праз 10 хвілін гаспадары аформілі апошні мяч гэтага матча – 4:1.

Падзялілі ачкі
Гульня з “Нафтанам” уразіла з самага пачатку. Вось толькі “Шахцёр” у першай палове гэтай сустрэчы адыгрываў ролю не тое што даганяючай, а, хутчэй, каманды, што адбіваецца. Некалькі атак на пачатку тайма і петрыкаўская дружына аддала ініцыятыву футбалістам з Наваполацку. Сапернікі ж здзіўлялі сваёй культурай паса. Здавалася, што іх перадачы нібы зачараваныя, бо з любой дыстанцы і пад любым вуглом мяч дакладна трапляў да чарговага “нафтавіка”. Моманты, вядома, былі і ў “Шахцёра”, але скарыстацца імі ў першай палове гаспадарам не выпала.
У другім тайме жоўта-чорныя здолелі сабрацца і ў гульні назіраўся парытэт. Валявы гол Малкандуева на 47-й хвіліне атрымаў хуткі адказ праз 115 секунд.
Абароты не збаўляліся да канца сустрэчы: мноства вострых момантаў, два галы з аўсайда з боку “Нафтана” і баявая нічыя.
Такім чынам “Шахцёр” займае сёмае (з дванаццаці) месца ў турнірнай табліцы, якую зараз узначальвае “Арсенал”. За камандай з Дзяржынску размясцілася “Белшына” і “Крумкачы” адпаведна.

Наступны матч “калійшчыкі” правядуць у гасцях у магілёўскага “Дняпра” ў нядзелю, 29 жніўня. Пра хатнюю гульню “Шахцёра” са “Слонімам” мы паведамім, як толькі стануць вядомымі дакладныя дзень і час сустрэы. Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о