Сцепаніда Васільеўна Мезінцава здзіўляе не толькі сваім узростам – ёй спаўняецца 92 гады, а і жыццёвай энергіяй і аптымізмам. Днямі мы сустрэліся з гэтай выдатнай жанчынай, каб пагаварыць пра галоўныя арыенціры ў жыцці, веру і каханне.

Блаславёныя Богам
Муж і жонка Мезянцавы на ўрачыстасці шасцідзесяцігоддзя сумеснага жыцця

Дом, што стаіць на кальцы па вуліцы Першамайскай, з усіх бакоў упрыгожаны кветкамі. Так, тут любяць наводзіць прыгажосць. Сцепаніда Васільеўна ветліва сустрэла мяне. Яе гісторыя жыцця ў некаторых момантах захапляе, а ў некаторых вучыць.
– Я нарадзілася ў звычайнай сям’і, дзе была пятым дзіцям. Тады шматдзетная сям’я – звычайная справа. Бацька мой быў фурманам у пана, дапамагаў яму па гаспадарцы і малоў муку. Быў вельмі добры чалавек. Магчыма, гэта настолькі на мяне паўплывала, што такога ж добрага я сустрэла мужа.
Нарадзілася і вырасла Сцепаніда Васільеўна ў вёсцы Скрыгалаў Мазырскага раёна. Скончыла 6 класаў школы і затым прыехала працаваць выхавальнікам у дзіцячы дом у Петрыкаве. Тут яна пазнаёмілася з будучым мужам. Мікалай быў старэйшы за яе на 11 гадоў, але закахаўся ў дзяўчыну сур’ёзна. У адзін момант сказаў: “Жанюся!” Родам з Расіі, ён захапляўся беларускай мовай, менавіта таму і будучую жонку стаў называць “Мая каханая, дарагуша”.
Сцепанідзе было ўсяго 16 гадоў, але ў тыя часы гэта не было перашкодай для жаніцьбы.
Нашы героі пражылі ў шлюбе 60 гадоў. У 1996 годзе адсвяткавалі брыльянтавае вяселле і павянчаліся.
– Благачынны Петрыкаўскай акругі Айцец Васілій сказаў мне аднойчы, што такі шлюб трэба заслужыць у Бога. Не кожная сям’я можа пахваліцца такім даўгалеццем.
Муж Мікалай быў мне падарункам лёсу. Дапамагаў па гаспадарцы, што ўсе суседзі зайздросцілі, не саромеўся нават палоць кветкі.
Як толькі паўстала пытанне, каб мне паступаць у педагагічнае вучылішча, ён сказаў, што я павінна аддаць час сям’і. Праз два гады пасля вяселля нарадзілася першае дзіця. А затым яшчэ і яшчэ.
Як апошняе дзіця стала самастойным, я пайшла за мужам працаваць у аддзяленне сувязі. Была суправаджаючай пры развозе пошты. Развозілі нават сакрэтныя матэрыялы. Праца была цяжкая, але цікавая.
Разам з мужам мы пабудавалі дом і выгадавалі 5 дзяцей, далі ім вышэйшую адукацыю. Вядома, жыццё не без пуду солі. Наша старэйшая дачка памерла. Калі яна нарадзіла дзіця, адмовілі ныркі. Такую трагедыю я да гэтага часу не магу перажыць. Сын атрымаў інсульт, ужо пяць гадоў знаходзіц-ца ў ляжачым стане. За ім даглядае мая дачка Верачка.
Муж памёр у 2006 годзе. За некалькі дзён да яго смерці, у горадзе была страшная завіруха, усё замяло снегам. У дзень пахавання выйшла яркае сонца. У царкве тады мне сказалі, што сама прырода праводзіць Мікалая на той свет.
Адна радасць – мае праўнукі. Іх у мяне аж 13! Радуюць поспехамі ў школе. Калі збіраецца ў доме ўся сям’я, месца мала, але я ў такія хвіліны вельмі шчаслівая!
Звонкія галасы маіх нашчадкаў яшчэ больш усяляюць у мяне веру.
У царкву я хаджу з 6 гадоў. Вера ў Бога дапамагае мне быць у гармоніі з сабой. У мне яшчэ ёсць энергія і здароўе. Спадзяюся яшчэ і прапраўнукаў дачакацца.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о