Да Валянціны Фалеевай, майстра народных мастацкіх  промыслаў па саломапляценню і аплікацыі саломкай Петрыкаўскага Дома рамёстваў, мы накіраваліся, каб на свае вочы пабачыць яе апошнія творы – роставыя лялькі.  Фота шэдэўраў – па другому я іх назваць не магу – сабралі шмат захопленых каментарыяў у сацсетках, а тыя, хто на свае вочы бачыў велічную ляльку ва ўбранні з высушаных траў на фестывалі “Покліч Палесся” – па сённяшні дзень дзеляцца ўражаннямі ад  “казачнай прыгажуні”.

Чароўныя лялькі Валянціны ФалеевайСустрэла нас Валянціна Леанідаўна з уласцівай ёй сціпласцю. Адчувалася, што жанчына не любіць дэманстраваць свае  поспехі – проста любіць сваю работу, падыходзіць да яе творча і з натхненнем. Гераіня падвяла да сваіх карцін, зробленых з саломы. Убачанае ўразіла. Кветкі і жывёлы гледачам здаюцца аб’ёмнымі. Усё гэта дзякуючы яе майстэрству  паветранай аплікацыі ў выглядзе саламяннага жывапісу. Валянціна Леанідаўна распрацавала і запатэнтавала свой асабісты стыль накладання саломкі на  матэрыял і ў выніку кампазіцыя выглядае як у 3D-фармаце. Да славутай зямлячкі не так даўно прыязджаў тэлеканал ААТ, які здымаў рэпартаж пра яе новаўвядзенні ў саломажывапісу.

Падышлі да выставы ляляк. Іх шмат і яны розныя па памерах. Каб зрабіць такую прыгажосць, трэба весці падрыхтоўку амаль год. Салому Валянціна Леанідаўна вырошчвае ў бацькоў у Курыцічах. Па словах умельцы, з канца чэрвеня да жніўня салома два разы на ты-дзень мяняе свой колер і ўласцівасці. Збіраць яе патрэбна  згодна з патрабаваннямі да канкрэтнага віду працы.

–  Многім здаецца, што  малая лялька займае менш часу для стварэння. Але гэта не так, – падзялілася суразмоўца, прадэманстраваўшы ювелірную тэхніку на прыкладзе адной з лялек. – Для мяне кожная з работ блізкая да сэрца, бо я пражываю са сваёй “гераіняй” маленькае жыццё.

У калекцыі Валянціны Леанідаўны ёсць дзве роставыя лялькі. Адна з іх – падарунак гораду ад Дома рамёстваў на фестываль этнакультурных традыцый. Другая – “Царыца палёў” – яшчэ малавядомая для вя-лікай аўдыторыі. Апісаць яе можна словамі – шыкоўна, велічна. Застаецца толькі здагадвацца, колькі думак і вольнага часу пайшло на стварэнне кампазіцыі. Мудрагелістыя ўзоры з саломкі, разнастайнасць адценняў прыроднага матэрыялу не дазваляюць адарваць вачэй ад лялькі. Чалавек, які стварае такую прыгажосць, заслугоўвае павагі і захаплення. Я ўпэўнена, што майстэрства  Валянціны Фалеевай яшчэ не раз выклікае гонар за нашу  Петрыкаўшчыну.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о