У Мышанскую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі УАЗ “Петрыкаўская ЦРБ” завітала напярэдадні прафесійнага свята.

Амбулаторыя абслугоўвае 1670 жыхароў з 7 населеных пунктаў: Мышанка, Старыя Кацуры, Новыя Кацуры, Бяседкі, Баянаў, Церабаў. У полі зроку спецыялістаў 206 дзяцей, 483 жыхары сталага ўзросту. Для людзей з аддаленых вёсак арганізаваны раз у тыдзень кансультацыйны выезд доктара. Сустракае мяне загадчык амбулаторыі Андрэй Вітальевіч Харытонаў. Прапануе невялікі экскурс па памяшканні амбулаторыі.
Ва ўстанове два прыёмныя,працэдурны,прышчэпачны,стаматалагічны кабінеты, кабінет акушэра-гінеколага, фізіятэрапіі. На месцы працуе аптэка, што зручна для людзей, якія прыйшлі на прыём, бо маюць магчымасць купіць неабходныя лекі. Пры амбулаторыі адкрыты дзённы стацыянар на чатыры койкі.

“Урач на сяле – больш чым урач”
Што прыемна ўразіла, гэта абсталяванне вясковай амбулаторыі. Заўважыўшы маю зацікаўленасць, Андрэй Вітальевіч расказаў, што ў 2020 годзе ў краіне стартаваў эксперыментальны праект: 17 медыкаў з усёй краіны праходзілі пярвічную спецыялізацыю на ўрача агульнай практыкі. У гэту групу быў залічаны і ён. Пасля праходжання спецыялізацыі, ім, ужо ўрачам агульнай практыкі, на рабочыя месцы Міністэрства аховы здароўя закупіла апаратуру: апарат УЗД, атаскоп, афтальмаскоп, пікфлоўметр. Так як тэрыторыя Мышанскага сельскага савета лічылася нейкі час “бруднай” зонай, “Фондам дапамогі пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АС” была аказана дапамога для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы медустановы. Абсталяваны кабінеты гінеколага і стаматолага, маецца неабходнае ў кабінеце фізіятэрапіі.
Ідзем знаёміцца з працоўным калектывам. Кідаюцца ў вочы на сцяне рамкі з граматамі, лістамі падзякі за апошнія дзесяцігоддзі. Згадваю, што калектыў славіцца сваім прафесіяналізмам здаўна, і зусім не выпадкова тое, што за якаснае медыцынскае абслугоўванне насельніцтва раёна прызнаны пераможцам у раённых спаборніцтвах за 2020 год у сацыяльнай сферы.
Андрэй Вітальевіч знаёміць з працоўным калектывам, пра кожнага расказвае з гонарам і ўдзячнасцю за працу.
Яна Уладзіміраўна Дубіна, памочнік урача, малады спецыяліст, можа, пры неабходнасці, па розных пытаннях замяніць загадчыка, імкнецца ўвабраць у сябе вопыт старэйшых калег. Сястрынскі састаў прадстаўляюць участковая медсястра Юлія Уладзіміраўна Марозька, медсястра амбулаторыі Вольга Уладзіміраўна Бурневіч, медсястра фізіякабінета Ірына Міхайлаўна Хальчэня, у абавязкі якіх уваходзяць лячэбныя працэдуры, патранаж за дзецьмі, людзьмі сталага ўзросту, вакцынацыя насельніцтва і іншыя, усе ўрачэбныя прызначэнні як у амбулаторыі, так і пры наведванні хворых дома. Не адзін год ва ўстанове працуе акушэрка Галіна Уладзіславаўна Палуян, прафесіяналізм і вопыт якой дазваляе сачыць за цяжарнасцю жанчын, праводзіць агляды і кансультацыі. Прытым на месцы можна здаць патрэбныя аналізы: у амбулаторыі працуе лабарант Таццяна Аляксандраўна Дашкевіч. Вялікая праца ўскладзена на плечы медрэгістратара Наталлі Аляксееўны Булавы. Дапаўняюць працоўны калектыў санітарка Ганна Валер’еўна Цыхан, загадчык гаспадаркай Генадзій Мікалаевіч Шэўка, вадзіцель Андрэй Міхайлавіч Андрэеў.
– Працуем усе зладжана, адной камандай. Ведаю кожнага, як сапраўднага спецыяліста сваёй справы. Ёсць, праўда, неабходнасць ва ўкамплектаванасці кадраў. Кабінет стаматолага на сёняшні дзень без урача – малады спецыяліст адпрацавала неабходны тэрмін і знайшла другое месца работы. Застаюцца працаваць у вёсках не ўсе: хтосьці ідзе ў навуку, а хто ў крупныя гарадскія медустановы. Я разумею, што чалавек вольны выбіраць тое, што яму падабаецца. Думаю, што з цягам часу кадравае пытанне наладзіцца.
Медыкі запрашаюць мяне папрысутнічаць на прыёме, паглядзець іх “жыццё” знутры.
Нягледзячы на ранні час, каля фізіякабінета шматлюдна. Ірына Міхайлаўна Хальчэння расказвае:
– Свае паслугі прапануем па выкарыстанні электрафарэзу, магнітатэрапіі, АВЧ, дарсанвалізацыі, ультрагукавой тэрапіі. Паслугі кабінета заўсёды карыстаюцца попытам. Прыслухоўваемся да пажаданняў хворых, бо для ўсіх нас пачуццё абавязку вышэй за ўсё.
Да нашай размовы далучаецца Пётр Ракіцкі, пацыент кабінета:
– Медыцынскі персанал – сапраўдныя прафесіяльны сваёй справы, акрамя таго ўважлівыя да людзей. Андрэй Вітальевіч аб’яднаў калектыў высакароднай мэтай – дапамога павінна быць аказана ў час і якасна. Людзі адчуваюць яго адносіны і бязмерна паважаюць і давяраюць доктару.
Дарэчы, участковая медсястра Юлія Уладзіміраўна таксама лічыць, што калектыў такі зладжаны – дзякуючы доктару. Жыхары вёскі гавораць, што калі доктара няма на месцы, так і спіцца не так спакойна.
Наогул, усе мае суразмоўцы: медыкі, пацыенты, мясцовыя жыхары гавораць пра загадчыка амбулаторыі як пра таленавітага і вельмі адукаванага чалавека. Ён валодае пільнасцю, цярплівасцю, дабрынёй і ў той жа час цвёрдасцю характару, здольнасцю хутка прымаць рашэнні, вялікім пачуццём адказнасці. Ён не баіцца цяжкасцей, сваё жыццё прысвячае людзям.
Іду ў кабінет загадчыка. Як аказалася, вольных хвілін для гутаркі з карэспандэтам у Андрэя Вітальевіча не так ўжо і шмат. Раз-пораз неадкладныя справы прыпыняюць нашу размову. Час распісаны па хвілінах.
– Урач на сяле – гэта больш чым урач, – гаворыць суразмоўца. – Акрамя медыцынскай дапамогі нам часта даводзіцца аказваць і псіхалагічную, і маральную, і бытавую дапамогу. Мы не маем права бянтэжыцца ў надзвычайнай сітуацыі.
Усе мае калегі не лічацца з асабістым часам. Для ўсіх нас пачуццё абавязку вышэй за ўсё. У многіх маіх калег усяго адзін запіс у працоўнай кніжцы, а працоўны стаж складае больш за 40 гадоў. На мой погляд, патрэбна ацэньваць працу чалавека не па працаздольным узросце, а па працаздольным стане.
Скажу ад душы: мая работа – гэта вялікае шчасце для мяне, бо пачуццё, што ты дапамог, супакоіў, зняў боль – гэта для ўрача.
Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць усіх сваіх калег з прафесійным святам. Пажадаць ім здароўя, цярпення, самапавагі і павагі да сваіх пацыетнаў.

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о