У брацкай магіле каля Смятанічаў пахаваны мірныя жыхары, ахвяры фашызму.

Да ціхай вёскі, да ўзлесся падступаюць палеткі і сенажаці. Амаль як тады, у 1943 годзе. На ўскрайку лесу тая вайна пакінула свой страшны след. Пад хвоямі пахаваны 12 мірных жыхароў Смятаніч. Сярод іх – родныя маёй бабулі Кацярыны.
У 1943 годзе зямля ўжо гарэла пад нагамі акупантаў. Частыя дыверсіі партызанскага атрада вымушалі гітлераўцаў трымаць у Смятанічах вялікую колькасць салдат, арганізоўваць карацельныя экспедыцыі.

Зімовай ноччу 1943 года фашысты ўварваліся ў дамы жыхароў вёскі і забралі ўсіх, нібыта за сувязь з партызанамі. Усю вёску сагналі ў хлеў Арыны Прымак. Сярод іх была і сям’я Зубараў. Сама баба Каця ў тую ноч была ў доме дачкі Марыі. Раман, сын Кацярыны, і яго жонка Полюшка, калі ў дзверы сталі грукаць карнікі, паспелі схаваць трох большых сыноў – 9-ці, 5-ці і 2-х гадоў – пад печчу. Маленькае немаўля засталося на руках у жанчыны. У хаце было цёмна і фашысты схаваных дзяцей не знайшлі. Малыя разумелі, што трэба сядзець ціха, раніцай прыбеглі да цёткі Марыі.
Спачатку ўсіх арыштаваных трымалі ў хляве. Потым прыехаў стараста вёскі і выпусціў некаторых, пакінуўшы пад вартай толькі 12 чалавек. Хто ведае цяпер, можа тыя выратаваныя былі яго сваякамі, а можа, ён баяўся кары партызан і зрабіў гэта для сябе.

Выратаваныя людзі рушылі ва ўрочышча Зімовішча, дзе да гэтага партызанамі былі пабудаваны зямлянкі. На той час атрад перабазіраваўся ў Старушкі, бліжэй да чыгункі.

Паўапранутыя і галодныя зняволеныя правялі ў хляве яшчэ каля двух тыдняў. Потым іх выгналі за хлеў у агарод і прымусілі капаць сабе магілу. Ды, напэўна, гэта было часткай спланаваных пакут. Растрэл не адбыўся. Знямоглых людзей перагналі ў будынак школы. Потым зноў выгналі і прымусілі капаць яму. Ці можа карнікі чакалі, што партызаны прыйдуць на выратаванне пакутнікаў? Бо на той час у вёску было сцягнута многа паліцаяў і іншых памагатых фашыстаў.

Адзін з паліцаяў папярэдзіў бабу Кацю, каб тая хавалася ў лес. Ноччу пагрузілі яны з Марыяй дзяцей на воз, запраглі карову, і рушылі ў Зімовішча да людзей. У балоце карова ўпала ад знямогі і дабірацца давялося пешшу.
Зямлянкі было поўна людзейі і новым бежанцам доўга не знаходзілася ў іх месца, жылі ў шалашы, зробленым з хваёвых галінак.

Неяк з вёскі прыйшла вестка, што заложнікаў хутка расстраляюць. І баба Каця кінулася дадому.
На Троіцу вывелі пакутнікаў на расстрэл. Загадалі каля школы капаць яму. Але фашысты вырашылі яшчэ болей паздзекавацца з абяссіленых людзей і пагналі іх за вёску ў бок Слабады.

У той дзень кума бабы Каці аддавала сваю дачку замуж за паліцая. І смяротны картэж спыніўся каля вясельнай хаты, каб выпіць чарку за маладых.
Баба Каця кінулася карнікам у ногі, прасіла дазволу падысці да мужа Паўла, сына, нявесткі і ўнучка Васілька. Нападпітку паліцаі злітасцівіліся. Жанчына кінулася ў натоўп асуджаных на смерць. “Мамачка, падымі на спіне сарочку, паглядзі, што яны са мною зрабілі”, – знясіленым голасам сказаў Раман. Ледзь жывая Полюшка побач трымала на руках Васілька. “Полюшка, аддай мне дзіцятка, – стала прасіць старая. – Я яго зберагу”. І толькі маладая маці працягнула сына свякрусе, як з абяссіленых рук дзіця выпала. Раман падхапіў яго, але баба Каця не паспела прыняць дзіця, бо паліцай адштурхнуў жанчыну і пагнаў людзей далей.

Мужа Паўліка Кацярына і не пазнала. Збітага і знявечанага, сляпога і амаль глухога, з акрываўленай барадою, яго цяглі за натоўпам іншыя мужчыны-смяротнікі.
“Паўлік, родненькі, прабач мне за ўсё”, – крыкнула жанчына ўслед нібыта ўжо мёртвым не сваім голасам.
Баба Каця паўзла на каленях па пыльнай дарозе за калонай смяротнікаў, пакуль яе не адштурхнуў у дарожны бруд удар бота паліцая. “Сыночак, Раманка…” – вылецела з грудзей жанчыны, нібыта апошнім уздыхам жыцця.

Калону пакутнікаў завяршалі мужчыны, што неслі былога старшыню сельскага Савета і калгаса “ІІ з’езд калгаснікаў-ударнікаў” Івана Чарнобыльца. Яго дапытвалі доўга ў камендатуры ў Муляраўцы, а потым, прастрэліўшы абедзве нагі, кінулі да іншых палонных у школу. У калоне побач з ім ішла яго жонка Хрысціна.
Ізноў палонныя выкапалі сабе магілу, на гэты раз апошнюю. Сталі на яе край. Цёплае сонца раптам закрыла хмара, пачаў накрапваць дождж. Змучаныя смагай двое дзяцей сталі цягнуць ручкі да кропель, злізваць іх з далоняў. Жанчыны маліліся.
Кулі былі прызначаны дарослым. Ніхто з карнікаў не адважыўся стрэліць у дзяцей. Прыціснутыя да матуль мёртвымі абдымкамі, яны жывымі былі пахаваныя ў той магіле.

Жыць Кацярыне трэба было для трох унукаў, якіх пакінулі ёй на захаванне Раман і Поля. Разам з дачкой Мар’яй, у якой сіратамі без бацькі, што загінуў на фронце, засталіся сваіх трое дзетак, яны ледзь трымаліся на нагах, дзелячы самы малы акраец на дзяцей. Неяк у вёску прыехалі людзі, каб забраць дзяцей у дзіцячы дом, але Кацярына і Мар’я не аддалі ніводнага.

Старэйшы ўнук Андрэйка трапіў на тэрміновую службу на Сахалін, дзе вартаваў асуджаных. Там і ажаніўся. Толькі двойчы прыязджаў дадому і кожны раз адразу ішоў на магілу да бацькоў. Гаварыў: “Мне мамачка кожную ноч на Сахаліне сніцца. Здаецца, нібыта прыходзіць да мяне, са-дзіцца побач, уся ў белым, а на галаве вянок з рамонкаў і васількоў. І нічога не гаворыць. Здаецца, нібыта жывая. Хочацца крыкнуць: мама, застанься!”. Калі паміраў на далёкім востраве, прасіў даслаць яму на магілу жменьку зямлі з магілы бацькоў і кветачку “качанчык”.
Баба Каця і сама часта хадзіла ў лес, садзілася на калені перад магільным насыпам і доўга расказвала пра ўнукаў: як вучацца, як выраслі, як нарадзілі сваіх дзетак.
Не вельмі доўгай была жыццёвая дарога бабы Каці, але сэрца яе было заўсёды да краёў напоўнена любоўю да ўнукаў і пакутамі па загінулых.

Ніна ЗУБАР,
вёска Смятанічы.
Фота Святланы Собалевай.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о