Актыўны лад жыцця як прынцып і арыенцір

0
800

Ёсць людзі, пры знаёмстве з якімі застаешся ўражаным жыццёвай энергіяй і вернасцю перакананням. Нават іншы раз дзіву даешся: адкуль чалавек чэрпае сілы? Наш сённяшні матэрыял як раз пра такую асобу, якая ўжо паўстагоддзя крочыць па сцяжыне лёсу разам з спортам і аддае перавагу актыўнаму ладу жыцця.

Сяргей Майорчык добра вядомы сярод землякоў. Здаецца, ён паспрабаваў усё магчымыя віды актыўнага адпачынку, якімі толькі можна бавіць час у гарадскім пасёлку. Ды што там пасёлак? Свет такі вялікі, а прырода – разнастайная і новыя далягляды маняць гэтага чалавека не менш, чым у дзяцінстве. У панядзелак мужчына адзначыў свой юбілей, але нават у 50-гадовым узросце выглядае значна маладзейшым.

Актыўны лад жыцця як прынцып і арыенцірНарадзіўся Сяргей Іванавіч у суседніх Чалюшчавічах. Бацька працаваў у мясцовай гаспадарцы, маці – у сельсавеце. “У 3-м класе я пазнаёміўся са спортам. Тады ў школу прыйшоў працаваць малады настаўнік Уладзімір Вячаслававіч Блінец, які стварыў для навучэнцаў спартыўную секцыю. У летні час мы займаліся футболам, зімой, калі замярзаў вадаём – выходзілі на лёд у каньках і з клюшкамі. Ну і канешне, не забываліся пра валейбол, які ў школе таксама няблага развіваўся. Трэба разумець, што і вучняў тады было прыкладна ў разы тры болей, чым зараз – каля 140-ка чалавек”, – падзяліўся ўспамінамі Сяргей Іванавіч.

Ішоў час і юнак выступаў на спаборніцтвах за школу, саўгас, атрад у піянерскіх лагерах летняга адпачынку. Старэйшы брат ужо працаваў у Гомелі на заводзе імя Кірава. Менавіта ён і звярнуў увагу юнага Сяргея на будучую, як сталася, прафесію, параіўшы паступаць у медыцынскае вучылішча на напрамак “стаматалогія”. “Я ўжо дакладна і не памятаю, якія брат выкарыстоўваў аргументы, пэўна ведаў па вопыту жыцця ў вялікім горадзе найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці. Быў ён пераканаўчым і я пагадзіўся, тым больш, што з мовай і біялогіяй у школе ў мяне было нядрэнна”.

У час вучобы Сяргей часцяком наведваў малую радзіму. У перыяд працяглых спаборніцтваў толькі і паспяваў на футбольнае поле. Не раз здаралася так, што ў суботу малады чалавек выступаў на раённых гульнях, а ў нядзелю ўжо адстойваў спартыўны гонар Петрыкаўшчыны на абласных турнірах. Не прымусілі чакаць і ўзнагароды: не аднойчы каманда станавілася прызёрам і нават адзначала чэмпіёнства сярод футбольных дружын Гомельшчыны. Дарэчы, дарогу да футбольнага поля наш герой не забыў і зараз: штогод удзельнічае ў адкрытым Кубку памяці Васіля Пінчука – яшчэ аднаго спартсмена і папулярызатара спорту ў раёне. Акрамя гэтага, часам наведвае трэніроўкі па міні-футболе.
Пасля заканчэння медвучы-лішча, у 1993 годзе Сяргей Іванавіч адслужыў тэрміновую службу працягам у паўтары гады, дзе і распачаў урачэбную практыку, а таксама працягнуў заняткі спортам: выступаў за футбольную каманду дывізіі і быў мацнейшым спрынтарам на дыстанцыі ў 200 метраў. Пасля дэмабілізацыі ўладкаваўся ўрачом-стаматолагам у ДРАЦ “Пціч”, дзе працуе па сённяшні дзень.
Неўзабаве мужчына стварыў сям’ю, перабраўся ў Капаткевічы, дзе знайшліся такія ж людзі, якіх вабіць спорт.

На пытанне, як за некалькі дзясяткаў гадоў захаваць той запал і цікавасць да актыўнага ладу жыцця, суразмоўца адказаў: “Ведаеце, з майго пункту гледжання, вельмі істотную ролю адыграе атачэнне. Мая сям’я, маі сябры даволі актыўныя людзі і таму бавіць час у спартыўнай зале, на ўлонні прыроды ці ў падарожжах для нас – норма. Магчыма, калі б аднадумцаў вакол не знайшлося, адмовіцца ад тэлевізара і канапы было б больш складана. Што да паўсядзённасці, то, канешне, часам жаданне застацца дома пачынае перамагаць, асабліва ў зімовую пару падчас непагадзі. Тут, зыходзячы з уласнага вопыту, магу сказаць, што самы важны – першы крок. Пераступіў за парог, адышоў ад хаты і крочыць на трэніроўку ўжо значна лягчэй. Але гэта тычыцца любой справы – важна пачаць”, – адзначыў Сяргей Майорчык.
“Вядома, зараз я ўжо не такі спрытны і вынослівы, як гадоў 30 таму. З гэтай прычыны каманднымі відамі спорту займаюся ўжо больш для сябе, але ад прапаноў паўдзельнічаць у чарговых спаборніцтвах не адмаўляюся. Шкада, шчыра кажучы, калі іншы раз на пляцоўцы змагаешся з маладымі на роўных, усё ж мы ў гады фізічнага росквіту, былі больш спрытнымі…
Што да больш павольных відаў спорту, то тут аддаю перавагу шашкам”, – працягнуў суразмоўца і паказаў медаль за трэцяе месца ў гэтай інтэлектуальнай гульні, прывезены з чарговых раённых спаборніцтваў. Але заўважаецца суседства ўзнагароды разам з медалямі ўдзельніка мінскага і нясвіжскага паўмарафону. Спартсмен з усмешкай паціскае плячыма, маўляў, чаму не паўдзельнічаць у спаборніцтвах і не прабегчы найбольш прыдатную для сябе дыстанцыю?!

Але не спортам адзіным! Як высветлілася, гадоў дзесяць таму мужчына пабачыў, як па рацэ Пціч сплаўляюцца на плыце маладыя людзі. Тады і закралася думка: “А чаму б не паспрабаваць?”, – і вось ужо некалькі разоў улетку экспедыцыя нашых землякоў выпраўляецца ў Акцябрскі раён, адкуль па Пцічы спускаецца па цячэнні да Капаткевічаў.

Размаўлялі з Сяргеем Іванавічам мы даволі працяглы час, тым больш, што расказаць гэтаму чалавеку было пра што: падарожжы ў Татарстан, Карэлію, Крым і па іншых рэгіёнах Чорнага Мора.
Мы не маглі не задаць пытання, як прывучаць да здаровага ладу жыцця дзяцей? Сяргей Майорчык, пасля невялікай паўзы адказаў: “Як не дзіўна, пачынаць трэба з сябе. Разумееце, калі бацькі ўвесь вольны час праводзяць дома перад экранам тэлевізара ці смартфона, чаго тады патрабаваць ад дзяцей? Трэба знайсці занятак, які больш падабаецца, гэта не абавязкова павінна быць спартыўная зала. Вось мая жонка, Таццяна Адамаўна, больш любіць турызм, вабяць яе прыродныя краявіды. Дарэчы, ад дачок Варвары і Валерыі (а яны ў нас таксама актыўныя), я сёння атрымаў падарунак: турыстычную палатку на 4-х чалавек. Таму летам будзем, так бы мовіць, адпачываць у новых “апартаментах”, – падзяліўся мужчына.
У планах юбіляра падтрым-ліваць фізічную форму. Зараз ён часцяком выбіраецца ў лес: калі пешшу, калі на снегаходзе, любіць лавіць рыбу. Неўзабаве спарт-смен атрымае залаты значок па выніках нарматываў Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Наперадзе шмат спаборніцтваў, як у саставе капаткевіцкай дружыны, так і ў зборнай пярвічнай арганізацыі “Ветэраны фізічнай культуры і спорту Петрыкаўскага раёна”. Ну і, вядома, сям’ю чакаюць падарожжы: падрыхтоўка і традыцыйны сплаў па Пцічы, маршруты па адметных месцах Беларусі і спартыўных аб’ектаў, дзе будуць праходзіць спаборніцтвы рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, бо Майорчыкі – яшчэ і адданыя заўзятары!
Напрыканцы нашай бяседы Сяргей Іванавіч прамовіў: “Людзі на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва шукаюць лекі ад усіх праблем. Я ж, як доктар, прапісаў бы ўсім пасільныя заняткі фізічнай культурай. Гэта не пазбавіць ад усіх праблем, але значна палепшыць здароўе кожнага!”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о