Зусім нядаўна мы святкавалі Раство Хрыстова і вось ужо свята Вадохрышча Гасподняга. Гэтыя дзве падзеі, такія блізкія адна да адной у праваслаўным календары, насамрэч былі падзеленыя прыкладна трыццаццю гадамі жыцця Ісуса Хрыста.

Хрыстос не хадзіў сярод лю-дзей, гаворачы ім пра тое, хто Ён ёсць. Вельмі рэдка чуем мы ў Евангеллі голас Ісуса, які абвяшчае пра Сябе, што Ён – Абяцаны Збавіцель. Трэба мець сведчанне ад іншага. І гэты іншы павінен быць чалавекам годным, каб яму паверылі. Іаан Прадцеча быў такой асобай. Сын святара, народжаны бацькам і маці ў паважаным узросце, жыхар пустыні, пра яго пыталіся, ці не Ілія ён, ці не Месія? Іаан адлюстроўваецца на выявах з анёльскімі крыламі, згодна з праваслаўнай традыцыяй, бо выконваў тое служэнне, якое даручыў яму Бог і вёў сапраўды не чалавечы, а анёльскі лад жыцця. Ён прыйшоў, каб паказаць на Таго, Каму лічыў сябе недастойным развязаць рамень на абутку.
Галоўнае ў пропаведзі Іаана Прадцечы – гэта пакаянне. Адзін грозны голас, як ільвіны рык, склікаў да яго мноства людзей з усіх межаў Зямлі Запаветнай. Яны ішлі паглядзець, пагутарыць, але ім даводзілася слухаць. Ён казаў, і яны апускалі галовы, яны ўваходзілі ў ваду, і ён апускаў іх у яе і хрысціў у пакаянне і дзеля веры ў Таго, Хто павінен быў прыйсці.
І Ён прыйшоў!
Іаан пазнаў Ісуса Хрыста па біцці сэрца, па хваляванні душы, па апавяшчэнні ад Духа Святога.
Бязгрэшны ўвайшоў у ваду і маліўся. І па малітве Яго адбылося тое, што мы сёння святкуем: Бог ісціны з’явіўся як Тройца, а Ісус з Назарэту з’явіўся як Хрыстос. Бацька праявіў Сябе голасам. Сын стаяў у вадзе іярданскай. Дух сышоў на Ісуса ў выглядзе голуба.
Гэты дзень называецца не толькі днём Хрышчэння, але і днём Богаяўлення таму, што чалавек па імені Іаан бачыў Бажаство.
Святкуючы якую-небудзь па-дзею з жыцця Хрыста, мы павінны пытацца: у чым яго сэнс і якую адказнасць ускладае на нас свята. На жаль, людзі падыходзяць да падзей меркантыльна і таму імкнуцца пабольш набраць святой вады, але не святога ладу жыцця.
Пісьменнік Мікалай Ляскоў пазначаў у сваім дзённіку: “Вывеў два заключэнні, і абодва жадаю прызнаць памылковымі. Першае з іх, што хрысціянства на Русі яшчэ не прапаведавана; а другое, што падзеі паўтараюцца і іх можна прадказваць. Пра першае заключэнне гаварыў з даволі разумным калегам сваім, айцом Мікалаем, і быў здзіўлены, як ён гэта пачуў і пагадзіўся. “Так, – сказаў ён, – гэта бясспрэчна, што мы ў Хрыста хрысцімся, але яшчэ ў Хрыста не ўвасабляемся”.
Што змянілася з часоў Ляскова? Нічога. Таму трэба паглыбіцца ў сэнс свята і ўспрыняць з яго доб-рыя высновы. Пропаведзь Іаана была звернута не толькі да ўсяго Ізраіля, але і да нас – людзей, якія жывуць зараз: “Пакайцеся, бо наблізілася прышэсце Месіі! Будзьце гатовыя да сустрэчы з Ім!”.
Усе мы калісьці былі ахрышчаны, многія не памятаюць гэтую падзею, але ў свята Вадохрышча Гасподняга, калі пырскі асвячонай вады напаўняюць храмы, нашыя дамы, мы як бы аднаўляем абяцанні хрышчэння, мы як бы перажываем зноў гэтае ачышчэнне, гэтую радасць, якую спазналі, калі былі ахрышчаныя ў імя Айца і Сына і Святога Духу. Радасць свята Хрышчэння Гасподняга – у веры, што ўсё і заўсёды можна вымыць, ачысціць, абнавіць, што як бы ні было забруджана і замутнена наша жыццё, у якое б балота мы ні ператваралі яго, магчымы гэты ачышчальны струмень вады жывой, бо не памерла і не можа памерці ў чалавеку прага неба, дабра, дасканаласці, прыгажосці, прага, якая па-сапраўднаму і робіць яго чалавекам.
В день Просвещения
и праздник Света
Был глас Отца с Небес на землю.
И Сын крестился от Предтечи.
На Сына Дух Святой
сошёл при этом.
Исполнились Евангельские
строки –
Явился нам Спаситель мира
И предложил Себя в потире,
Отцом Своим
в назначенные сроки.
Святлана ТАРАСЕВІЧ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о