Агульнае – значыць нічыё?

0
256

Першы працоўны дзень тыдня прынёс непрыемныя моманты. Праходзячы праз гарадскі парк, позірк прыцягнула адна з альтанак: яшчэ нядаўна прыгожыя, фігурныя бакавіны рабілі месца адпачынку прывабным і эстэтычным, а зараз у збудаванні бачыцца дзірка, паламаныя драўляныя рэйкі наогул нясуць небяспеку. Напэўна на выхадныя тут у сваё задавальненне “пасядзела” кампанія людзей, у якіх ёсць праблема з маральнымі каштоўнасцямі. Тых, хто не шануе грамадскае, называюць вандаламі. На жаль, Петрыкаўшчыну дадзеная праблема не абышла.

Агульнае – значыць нічыё?Даволі часта ў сваіх каментарыях мы адзначаем, што ў апошні час горад выглядае чысцей, з’яўляюцца новыя ўтульныя куточкі клумбы, вугалкі для адпачынку. І ў гэтым заслуга не толькі працаўнікоў камунгасу, але і саміх грамадзян. Тым больш, засмучае, што сярод нас усё ж засталіся тыя, каму не па душы такія змены і яны здзяйсняюць варварскія дзеянні ў дачыненні да аб’ектаў роднага горада. Зламаныя лавачкі, сапсаваныя надпісамі фасады будынкаў, аўтобусных прыпынкаў. Падобнае не можа не выклікаць справядлівага абурэння грамадскасці.

Вырашэння пытання па дадзеным факце вандалізму (на фота), мы будзем чакаць ад Петрыкаўскай камунальнай службы, бо ўпэўнена: ні адзін з хуліганаў не прыйдзе адрамантаваць альтанку.

У чарговы раз хочацца звярнуцца з заклікам: давайце будзем беражліва адносіцца да роднага горада, не знішчаць тое, што гадамі робіцца для зручнасці і камфорту жыхароў! Калі мы не будзем абыякавымі да месца, дзе жывём, не будзем праходзіць міма парушальнікаў, тады наш горад будзе ўтульным і прыгожым, бо на гэтай зямлі жыць нам, нашым дзецям і ўнукам.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о