Дамовіцца пра сустрэчу з будучай суразмоўцай было не так і проста. Гераіні майго аповеду трэба ўсюды паспець: з першымі пеўнямі ўстаць, справіцца з хатняй гаспадаркай, дачку ў школу сабраць і самой паспець на працу. Яна не шукае прызнання, не чакае высокіх узнагарод, а проста робіць сваю працу добрасумленна і з любоўю.

Жанчына са стальным характарам і добрай душой

Па выніках раённага спаборніцтва па дасягненні найлепшых паказчыкаў, жывёлавод па вырошчванні маладняка Таццяна Крук з’яўляецца перадавіком вытворчасці сельскай гаспадаркі раёна ў 2020 годзе.
Працуе Таццяна Іванаўна на жывёлагадоўчай ферме ў вёсцы Бабунічы ўжо дванаццаць гадоў. Сюды прыехала з Навасёлак да мужа, якому прапанавалі працу ў гаспадарцы. Маладой сям’і выдалі ключы ад новага дома, пабудаванага за дзяржаўныя сродкі.
– Сама я вясковая. Нарадзілася ў сям’і, дзе дзяцей з ранняга дзяцінства прывучалі да працы, – пачынае свой аповед Таццяна. – У бацькоў была заўсёды вялікая гаспадарка. Лічу, што толькі чалавек, звыклы да працы, можа праявіць сябе ў жывёлагадоўлі.
Суразмоўца вядзе мяне на ўчастак, на якім працуе. Падыходзім да драўляных збудаванняў, дзе ўтрымліваюцца цяляты. Тыя, пачуўшы голас гаспадыні, паўскаквалі з месцаў. Гадуе Таццяна Іванаўна маладняк да 4 месяцаў. У яе абавязкі ўваходзіць падагрэў малака, кармленне і догляд цялят.
Паказчыкі прывесу і захавання маладняка ў яе брыгады адны з лепшых у раёне. Жанчына адзначае, што за гэтымі лічбамі – тытанічная праца. – З дня ў дзень, з году ў год, без выхадных і святочных дзён на світанні пачынаецца мой працоўны дзень, вяртаюся дадому, калі на небе з’яўляюцца зоркі.
Сакрэту поспеху ў мяне няма. Лічу, што чалавек павінен працаваць з поўнай аддачай, падыходзіць да справы з усёй душой.
Пра сваіх “падапечных” Таццяна Іванаўна можа расказваць доўга і адчуваецца, што яна сапраўды аддаецца сваёй справе:
– Цяляты, як дзеці, са сваім характарам, патрабаваннямі. Былі такія выпадкі, што цяля не бярэ піць малако – патрабуе, каб кармілі адной і той жа соскай, –смяецца суразмоўца. – Але ўсім патрэбны клопат і любоў.
У размову ўключаецца брыгадзір Галіна Гурневіч, дадаючы, што працоўныя якасці гераіні, яе адказнасць – прыклад для многіх. Пераконвае, што Таццяна Іванаўна на палове шляху ніколі не спыняецца – гэта не ў яе характары. Бярэцца за справу з поўнай аддачай.
Напэўна, так і ёсць. Акрамя таго, што Таццяна Іванаўна з’яўляецца перадавіком вытворчасці, яна яшчэ і маці трох дачок. Старэйшая Вераніка працуе тэхнолагам на адным з заводаў сталіцы. Сярэдняя – Юля, студэнтка Пінскага Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Малодшая дачка Ларыса – вучаніца мясцовай школы.
Таццяна Іванаўна паспявае трымаць сваю гаспадарку, мае прысядзібны ўчастак. Знаходзіць час і для любімага занятку: вырошчвання кветак.
Калі я збіралася ад’язджаць, зайшла гаворка пра сучасную сельскагаспадарчую вытворчасць.На чым яна трымаецца? Суразмоўцы выказваліся пра выкарыстанне сучаснай тэхнікі, новых тэхналогій. Так, гэта ўсё важна. Але, на маю думку, трымаецца яна на людзях, спазнаўшых цяжкасць вясковай працы, укладваючых усю душу ў абраную справу на зямлі, як гэтая жанчына са стальным характарам і добрай душой.

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о