Шлях, які вядзе да гармоніі

0
932

Імя Ніны Ачапоўскай жыхарам Петрыкаўшчыны вядома даўно. Трыццаць гадоў таму ў раённай газеце пачалі друкавацца яе апавяданні. Працы аўтаркі адразу прыйшліся даспадобы чытачам. Многія чакалі на старонках газеты яе нарысы-ўспаміны пра перажытае, пачутае ў часы Вялікай Айчыннай, другіх хвалявалі напісаныя ёю жыццёвыя гісторыі з глыбокім павучальным сэнсам. Адметнай падзеяй у культурным жыцці Гомельшчыны стаў выхад у 2014 годзе яе зборніка “Не маўчы, памяць”. І сёння выданне карыстаецца попытам сярод насельніцтва, ва ўстановах адукацыі, сетцы раённых бібліятэк. Ніна Андрэеўна да сённяшняга дня не пакінула пісаць. Яна жаданы аўтар на старонках раённай газеты, рэспубліканскіх выданняў, і за гады творчасці набыла шмат прыхільнікаў. Учора вядомая зямлячка адзначыла свой дзень нараджэння. І мне захацелася расказаць вам пра малавядомыя шырокай публіцы факты яе жыцця.

Шлях, які вядзе да гармоніі

Ніна Андрэеўна – чалавек начытаны, інтэлігентны, гутарку можа падтрымаць на любую тэму, падмацоўваючы сваё меркаванне фактамі. Умее вызначыць сапраўднае і некалькімі словамі абазначыць галоўнае. На яе стале шмат часопісаў з пазнакамі на палях, настольная кніга, у якой роўным почыркам зробленыя запісы. Тут жа – томікі Шамякіна і Твардоўскага, артыкулы на гістарычную тэматыку, якія патрабуюць удумлівасці і ведання гісторыі – не кожны “асіліць” прачытаць такое. Заўважыўшы маё здзіўленне, суразмоўца тлумачыць:
– З дзяцінства люблю чытаць. Памятаю, зусім малая была, ляжала на печы каля падпаленай лучыны і чытала свайму дзядулі “Старуху Ізэргіль” і “Макар Чудра”. Не буду хлусіць – люблю сюжэты, дзе можна прасачыць гістарычныя падзеі, зрабіць высновы. Напэўна, запатрабаванасць такога роду літаратуры з’явілася ў дзяцінстве – вайна пакінула глыбокі след у маім жыцці і памяці.
Калі пачалася Вялікая Айчынная, дзяўчынцы было пяць гадоў. Жылі яны з бацькамі ў вёсцы Брынёў: маці – сялянка, бацька – рабочы. Маладая сям’я чакала нараджэння другога дзіцяці, будавала планы на будучыню. Вайна разбурыла ўсё і адразу: бацьку забралі на фронт, дзіцяці не лёс было нарадзіцца на гэты свет, а мая суразмоўца, будучы малой чатыры галодныя і халодныя гады, поўныя жахаў, хвароб і смярцей, правяла ў акупацыі. Некаторыя моманты з яе ўспамінаў пра перажытае, здаюцца за межамі магчымага. Хочацца схіліць голаву перад тымі, хто прайшоў праз такія выпрабаванні.
Пасля вайны мая гераіня пайшла ў мясцовую школу набываць адукацыю.
– Вучоба мне давалася лёгка. Акрамя таго, бралася за любую грамадскую работу, – успамінае жанчына. – Ужо тады ў мяне ўзнікла патрэба ў творчасці. Пачала пісаць вершы і была актыўнай удзельніцай літаратурнага гуртка, ініцыятарам розных конкурсаў. “Лавіла” любую магчымасць для развіцця сваёй асобы.
Выпускніца школы марыла працягваць адукацыю далей. Але жыццё ўнесла свае карэктывы. Быў такі перыяд у гісторыі краіны, калі вясковай моладзі перад тым, як паехаць вучыцца ў горад, патрэбна было два гады адпрацаваць у калгасе. Трапіла пад такое новаўвядзенне і Ніна Андрэеўна.
– Адпрацаваўшы год, пазнаёмілася з хлопцам з раённага райфінаддзела, які прыехаў у вёску па працы, – успамінае суразмоўца. – Пачалі сустракацца, і праз пэўны час ён прапанаваў мне выйсці за яго замуж.
Дзяўчына дала згоду з адной умовай: нягледзячы на сямейнае жыццё, муж дазволіць ёй набыць адукацыю і самарэалізавацца ў прафесіі.
Маладая сям’я пераехала ў вёску Слабада, дзе адзін за другім нарадзіліся сыны Фёдар і Мікалай, але мара вучыцца далей не пакідала жанчыну. Сям’я набыла дом у Петрыкаве і нягле-дзячы на адгаворы мужа, праявіла цвёрдасць характару, настаяла на сваім і пайшла на вячэрнія курсы медыцынскіх сясцёр. Праз два з паловай гады яна працаўладкавалася ў райбальніцу. З цягам часу ў сям’і нарадзіліся яшчэ два сыны – Валерый і Віктар. Жылі ў згодзе, мелі свой прыся-дзібны надзел, з якога знімалі добры ўраджай садавіны і гародніны. Гаспадыня займалася кветкаводствам. З мужам, Фёдарам Данілавічам, дзялілі радасць і гора папалам да самай яго смерці. Падтрымлівалі адзін аднаго, калі ў сям’ю прыйшла бяда: памёр адзін з чатырох сыноў. Цяжка пра гэта гаварыць маёй гераіні, мацярынскае сэрца ніколі не прыме такую страту.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак, Ніна Андрэеўна пачала пісаць. Усё, што хавалася ў яе душы, збіралася ў памяці, клалася на ліст паперы. “Каб ведалі праўду пра вайну і не забывалі”, – гаворыць аўтарка.
Сёння, Ніна Андрэеўна вядзе сваё павольнае жыццё. Яе сыны, нявесткі – частыя госці ў бацькоўскай хаце. З ёю на сувязі шэсць унукаў. Усе яны высокакваліфікаваныя спецыялісты, але парады ад бабулі для іх каштоўныя. Падрастаюць чатыры праўнукі. Ніна Андрэеўна піша нарысы, апавяданні, шмат чытае і сочыць за навінкамі літаратуры, цікавіцца палітычнымі навінамі і падзеямі ў горадзе. Аўтарка ганаровы госць на раённых мерапрыемствах, і яе словы для моладзі гучаць як наказ.
А яшчэ ў яе кветніку ўжо з’явіліся першацветы, якія сваімі разнакаляровымі “поглядамі” радуюць гаспадыню, нагадваючы пра тое, што яна і сама добра ведае – галоўнае ў жыцці спакой, прыгажосць і спагада.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о