У кожным населеным пункце Петрыкаўшчыны жывуць людзі, пра якіх ёсць што расказаць на старонках газеты. Кожны з іх адметны па-свойму і мае непаўторную гісторыю.
Не так даўно журналісты “Петрыкаўскіх навін” накіраваліся ў Грабаў, каб сустрэцца з мясцовай рукадзельніцай Марыяй Іосіфаўнай Навічэнка. Але, пазнаёміўшыся бліжэй з жанчынай, зразумелі: майстэрства гераіні – гэта толькі частка вялікага жыцця, якое варта таго, каб пра яго ведалі землякі.
Марыя Іосіфаўна ўжо дасягнула 90-гадовага рубяжу і ў кожным яе слове адчуваецца глыбокая павага да мінулага:
– Родам я з Грабава. Усё жыццё тут і пражыла. Тут мае карані, тут кожная сцяжынка знаёмая.
Калі яна пачынае ўспамінаць дзяцінства, усмешка знікае з яе твару: тая пара прыпала на Вялікую Айчынную вайну.
– Як зараз памятаю той страх, у якім жылі людзі. У 1943 годзе дайшлі чуткі, што ў Грабаў у чарговы раз хочуць наведацца немцы. Жыхары ведалі: пасля іх прыходу ад хат заставалася толькі папялішча. У той дзень людзі пачалі сем’ямі ўцякаць у лес. Усе ехалі праз нашу хату, ратаваліся хто як мог, – успамінае жанчына. – І ў гэты дзень у маёй сястры пачаліся роды. Сям’я наша, у тым ліку і сястра з немаўляткам, пайшла у лес толькі на наступны дзень. Частку нашай вёскі немцы ўсё ж спалілі…. Другімі словамі, цяжка было. Вельмі цяжка. Бацька загінуў на фронце, абараняючы нас.
Пасля вайны гераіня пайшла ў школу. Яна стала адной з тых, хто ўвайшоў у лік першых выпускнікоў Грабаўскай школы. Атрыманы атэстат стаў для яе пуцёўкай у дарослае жыццё, дзе галоўным правілам была праца. Працоўная біяграфія жанчыны разнастайная: яна шчыравала на агароднінасушыльным заводзе ў Капцэвічах, збірала бярозавы сок у лясніцтве, працавала на пошце. Калі выйшла замуж за мясцовага хлопца, да працоўных будняў дадалася вялікая сялянская гаспадарка. Але яны спраўляліся: разам з мужам пабудавалі дом, паставілі на ногі дзяцей, заўсёды падтрымліваючы адзін аднаго.
Рукадзеллем доўгажыхарка зацікавілася каля сарака гадоў таму. Усё пачалося з простага жадання ўпрыгожыць побыт: паспрабавала з нітак і непатрэбных кавалачкаў тканіны ствараць сурвэткі, коўрыкі, накідкі. Прызнаецца, што справа настолькі захапіла, што не адпускае да гэтага дня.
Гледзячы на яе работы, цяжка паверыць, што ўсе ўзоры і формы яна прыдумвае сама. У кожнай рэчы – часцінка яе душы, яе бачанне прыгажосці. Так, дзякуючы свайму хобі, яна акружыла сябе прыгажосцю, якую стварыла ўласнымі рукамі.
У кожнага пакалення сваё вымярэнне шчасця. Для нашай гераіні, якая прайшла праз мноства выпрабаванняў і сустрэла паважны ўзрост, сённяшні дзень – гэта час спакою і ўдзячнасці.
– Ды што казаць, жыць мне добра. Усё ёсць: і дах над галавой, і ежа, клопат блізкіх і дзяржавы. Цяпер жа зусім іншыя ўмовы, не тое, што раней, – прызнаецца гераіня. – Але ведаеце, я назіраю, што ў час маёй маладосці жылося цяжка, працавалі ад цямна да цямна, а вечарам выйдзеш на вуліцу – а там гармонік іграе, песні льюцца, танцы да самай ночы. А сёння ўсе болей па хатах сядзяць.
Галоўны скарб Марыі Іосіфаўны – яе сям’я. Жыхарка Грабава з гонарам расказвае пра сваіх дваіх дзяцей, чатырох унукаў і чатырох праўнукаў. Гэта і ёсць яе сапраўдная спадчына.
Наша гераіня пражыла доўгае і годнае жыццё. Яна не скардзіцца на лёс, яна проста нагадвае нам: самае каштоўнае – гэта людзі побач і ўменне радавацца кожнаму дню.
Шаноўная Марыя Іосіфаўна. Жадаем вам моцнага здароўя і яшчэ шмат цёплых вечароў у коле любімых людзей!
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.







Оставить комментарий