Уборачная кампанія ў гаспадарках Петрыкаўшчыны ў самым разгары. Азімыя культуры – першыя на чарзе падчас уборкі ўраджаю.
БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” паспяхова завяршыла жніво азімага ячменю. Надвор’е было спрыяльным для аграрыяў і гаспадарка прыйшла да фінішнай прамой па гэтай культуры з добрымі паказчыкамі: сабрана каля 30 цэнтнераў з гектара.
Тым не менш, аграрыі гаспадаркі не адпачываюць.
Час прыспешвае, камбайны зноў у полі – падышла пара азімага рапсу. Гэта культура афіцыйна класіфікуецца ў сельскай гаспадарцы як найважнейшая алейная культура. Яе вырошчваюць для атрымання насення, з якога вырабляюць харчовы і тэхнічны алей, а таксама выкарыстоўваюць у якасці корму для жывёл і для вытворчасці біядызелю.
Рапс на полі каля аграгарадка Колкі радаваў погляд: прамыя, трывалыя сцебліны ўвянчаны россыпам злёгку выгнутых струкоў, якія пры лёгкім подыху ветру ціхенька шамацяць, перашэптваюцца, нібы чакаюць руплівых рук. І гэтыя рукі не заставілі сябе чакаць – механізатары з рання за штурваламі.
Намеснік дырэктара па вытворчасці Сяргей Моўка, паведаміў нам, што азімым рапсам засеяна каля 500 гектараў.
– Пачынаем працу ў полі каля 9 гадзін раніцы, калі спадзе раса. Працуюць камбайнеры да 20-ці гадзін вечара. Калі надвор’е спрыяе, можам і крыху пазней заканчваць. Двойчы ў дзень механізатары атрымліваюць збалансаванае харчаванне прама на палетку, безумоўна важным з’яўляецца пітны рэжым – выдаём бутыляваную ваду. Уборачная тэхніка ўся новая, падрыхтаваная да жніва. Паломкі, калі і здараюцца, то не значныя. Для гэтых мэт на прадпрыемстве створана дзяжурная рамонтная брыгада, якая выязджае прама ў поле і ўхіляе няспраўнасці. Тэмпы жніва добрыя, за штурваламі камбайнаў і аўтамабіляў лепшыя з лепшых, неаднаразовыя пераможцы ўборачных кампаній мінулых гадоў. Хлопцы не падводзяць, працуюць на вынік. Калі казаць пра ўраджайнасць, то чакаем па рапсу не меней 25 цэнтнераў з гектара, – адзначыў намеснік дырэктара.
Уборачная кампанія – справа, да якой ў БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” падыходзяць з усёй адказнасцю: акрамя намесніка дырэктара працэс кантралюе і галоўны аграном. Побач трактар з вялізнай бочкай вады для рэагавання падчас узнікненні магчымых узгаранняў пры жніве.
А на полі праца ішла сваім шэрагам: тры магутныя “гомсельмашаўцы” спрытна падміналі пад сябе пышныя шапкі рапсу, якія знікалі ў “чэраве” камбайнаў, каб ператварыцца ў каштоўнае рапсавае зерне, побач нагатове стаяў магутны МАЗ – наперадзе новыя гарызонты і новыя задачы, з якімі нашы аграрыі справяцца годна.
Надзея СІГАЙ,
фота Марыі ТАМКО.







Оставить комментарий