11 студзеня – асаблівы дзень для ўсіх, хто любіць прыроду і клапоціцца пра яе захаванне. Свет адзначае Міжнародны дзень запаведнікаў і нацыянальных паркаў. Напярэдадні свята мы сустрэліся з генеральным дырэктарам Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” Юрыем Апановічам, каб даведацца, чым сёння жыве прыродаахоўная ўстанова.
Беларусь, вядомая прыроднымі багаццямі, можа ганарыцца сваімі ўнікальнымі ахоўнымі прыроднымі тэрыторыямі.
Што да Нацпарку “Прыпяцкі”, то гэта не проста прыгожыя месцы для адпачынку і турызму, але і сапраўдная прыродная лабараторыя, дзе захоўваюцца рэдкія віды раслін і жывёл, падтрымліваецца экалагічная раўнавага і вывучаецца ўплыў чалавека на навакольнае асяроддзе.
Па словах Юрыя Апановіча, калектыў “Прыпяцкага” актыўна працуе над захаваннем прыроды, правядзеннем навуковых даследаванняў і экалагічнай асветы.
– Штогод нас наведваюць тысячы людзей, каб атрымаць асалоду ад велічнай прыгажосці Палесся і дакрануцца да свету дзікай прыроды. У Нацпарку захаваліся некранутыя поймавыя лясы, шырокія балоты і звілістыя рэкі, якія з’яўляюцца домам для мноства рэдкіх відаў флоры і фаўны. Без перабольшання, “Прыпяцкі” адыгрывае найважнейшую ролю ў падтрыманні біяразнастайнасці не толькі Беларусі, але і ўсёй еўрапейскай часткі кантынента, – пазначыў у час сустрэчы суразмоўца.
Мінулы год, па інфармацыі генеральнага дырэктара Нацпарку, чарговы раз даказаў: “Прыпяцкі” застаецца адной з самых папулярных лакацый краіны.
– У 2025 годзе актыўна ўкараняліся лічбавыя тэхналогіі: на выставах, такіх як “Інтурмаркет 2025”, парк прадстаўляў свой патэнцыял з дапамогай VR-акуляраў. Што да навуковых дасягненняў, то завершана работа над чарговым томам “Летапісы прыроды”, які фіксуе дынаміку прыродных працэсаў. Праведзены маштабныя археалагічныя даследаванні, вынікі якіх экспанаваліся на выставе “Мая Беларусь” у снежні 2025-га.
Паспяховым быў год і ў падзейным турызме: зімовы сезон у маёнтку Палескага Зюзі наведала некалькі тысяч чалавек. Сваіх прыхільнікаў знайшоў і фестываль “Ноч ваўкоў”.
Парк актыўна ўдзельнічаў у жыцці раёна, праводзіў прафарыентацыйную работу са школьнікамі і далучыўся да акцыі “Нашы дзеці”, тым самым умацоўваючы сацыяльную ролю прыродаахоўнай ўстановы, – распавёў Юрый Аляксандравіч.
Адносна перспектыў і планаў, генеральны дырэктар, з’яўляючыся дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, агучыў інтэграцыю парка ў праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026-2030 гады.
У пытанні экалагічнай асветы плануецца пашырэнне інтэрактыўных праграм у “Музеі прыроды” і “Музеі пад адкрытым небам”. Этнафестываль “Кліч Палесся”, прызнаны брэнд рэгіёну, працягне здзіўляць гасцей. Будзе пашырацца турыстычная інфраструктура сафары-парку і водных маршрутаў.
Што да прыярытэтаў аховы прыроды, то, па інфармацыі гендырэктара, у бягучым годзе працягнецца рэалізацыя доўгатэрміновага плана кіравання паркам, які ўключае каля 100 мерапрыемстваў па захаванні ўнікальнай поймы Прыпяці – найбуйнейшага міграцыйнага рэчышча птушак у Еўропе.
Стратэгія развіцця “Прыпяцкага” плануецца ў цесным узаемадзеянні з “зялёнай эканомікай”: мадэрнізацыя вытворчасці ідзе праз укараненне сучасных тэхналогій.
У завяршэнні размовы Юрый Апановіч падкрэсліў, што галоўная мэта на 2026 год – захаваць баланс паміж развіццём экалагічнага турызму і першароднасцю палескай прыроды.
Віншуем усіх, хто прысвяціў сваё жыццё ахове прыроды. Ваша праца – гэта неацэнны ўклад у захаванне прыгажосці і багацця не толькі нашай краіны, але і ўсёй планеты.
Няхай гэты дзень стане напамінам і для кожнага з нас: прырода – наш агульны здабытак, і яе захаванне залежыць ад кожнага з нас.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.








Оставить комментарий