Супрацоўнікі рэдакцыі з ліку актывістаў грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” наведалі Навасёлкаўскую сярэднюю школу.
Сустрэча стала сапраўдным дыялогам пакаленняў і была прысвечана захаванню памяці і вывучэнню гісторыі малой радзімы. У ходзе наведвання адбылася важнае падзея – перадача ў дар школьнаму музею зборніка “Аднагодкі Перамогі”.

У 2025 годзе Гомельскім аблвыканкамам, у рамках праекта маладзёжнага крыла Гомельскай абласной арганізацыі «Беларускага саюза жанчын» быў рэалізаваны праект “Аднагодкі Перамогі”. Героямі праекта сталі жыхары Гомельшчыны, народжаныя ў маі 1945 года. Рэдакцыя “ПН” прыняла ўдзел у праекце: у абласное выданне ўвайшла гісторыя жыхаркі Петрыкава Кацярыны Іванаўны Ліцвін.

Райарганізацыяй “Беларускі Саюз жанчын” кнігі былі набытыя і цяпер прэзентуюцца ўстановамі адукацыі і культуры.
Школьны музей у Навасёлкаўскай сярэдняй школе – сапраўдная скарбніца гісторыі. Тут сабраны ўнікальныя рэчы і фотаздымкі нашых землякоў, якія прайшлі праз суровыя выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, экспазіцыя музея ахоплівае і перыяд пасляваеннага адраджэння, дэманструючы нязломны дух беларускага народа, які здолеў аднавіць сваю краіну з руін.
Падчас сустрэчы асаблівая ўвага была нададзена значнасці зборніка для вучняў. Падкрэслена, што “Аднагодкі Перамогі” – гэта жывое сведчанне пасляваеннай гісторыі Петрыкаўшчыны. Супрацоўнікі рэдакцыі падзяліліся думкамі пра тое, як важна чытаць такія кнігі. Кожны вучань, знаёмячыся з гісторыямі “аднагодкаў Перамогі”, можа знайсці для сябе прыклад патрыятызму і любові да сваёй Радзімы.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота Надзеі СІГАЙ.






Оставить комментарий