Студзень – месяц рэлігійнага турызму

0
320

На двары студзень – месяц рэлігійнага турызму. Знаёмім вас с аб’ектамі нашага раёна, якія можна наведаць у рамках гэтага турыстычнага накірунку.

Лідарства ў гэтым напрамку за горадам Петрыкаў: тут знаходзіцца адразу некалькі цікавых месцаў для наведвання.
Сярод іх цудоўныя ўзоры цаглянага дойлідства, прыгожыя і непаўторныя: храмы Свяціцеля Мікалая, Узнясення Гасподняга і Васкрасенская капліца.
Храм Свяціцеля Мікалая ў рэтраспектыўным руска-візантыйскім стылі, узведзены на месцы згарэўшай драўлянай царквы ў 1839 годзе. Маляўнічае месцазнаходжанне на ўзвышшы, велічнасць, архітэктурныя асаблівасці – гэта прываблівае адразу. Сцены ўнутры ўпрыгожаны роспісамі. Храм з’яўляецца трохпрастольным і мае шмат ушанаваных святынь: крыж з часціцамі мошчаў святых Кіева-Пячорскай лаўры, абраз Збавіцеля, падораны ў 1951 годзе царкве, абраз Божай Маці ў разным драўляным акладзе, часціца мошчаў святога правяднага архіепіскапа Феадосія Чарнігаўскага, ікона свяшчэнна пакутніка Іона Рыльскага (Пашына).
Другім прадстаўніком гэтага ж стыля з’яўляецца Васкрасенская капліца, якая захавалася ад некалі велікага царкоўнага комплексу, у які ўваходзіла і Васкрасенская царква.
Уражвае сваёй архітэктурай і цагляны храм Узнясення Гасподняга, ён быў узведзены ў 1890 годзе з выкарыстаннем традыцыйных архітэктурных элементаў, якія адрозніваюцца вытанчанымі формамі і прыгожымі дэкаратыўнымі дэталямі. Знаходзіцца гэта царква паміж забудовамі, што надае ёй своеасаблівую камернасць, набліжанасць да чалавека.
Цэгла для Палескага рэгіёна ніколі не з’яўляўся асноўным матэрыялам. Таму шматлікая колькасць храмаў тут, у глыбіні лясоў і балатоў, былі пабудаваны менавіта з дрэва. Архітэктура і аздабленне палескіх драўляных храмаў не такія кідкія і мудрагелістыя, як, напрыклад, у паўночна-рускіх праваслаўных цэрквах, але цікавыя і прыгожыя ў сваёй прастаце. Зразумела, што большасць драўляных збудаванняў страчана, але ў раёне захавалася две царквы, якія датуюцца ХVII стагоддзем. У раённым цэнтры прапануем наведаць Пакроўскую царкву-падарожніцу (на могілках), якая была перавезена сюды з вёскі Сотнічы ў 1836 годзе і асвечана як могільная. Частка будынка страчана, але храм быў перанесены за агароджу могілак і ўзноўлены.
Накіраваўшыся ў вёску Кашэвічы, завітайце ў храм Успення Прасвятой Багародзіцы. Гэта гісторыка-культурная каштоўнасць створана мясцовымі майстрамі ў XVII стагоддзі без адзінага цвіка. Самабытны характэрны “палескі” тып культавай пабудовы гэтага перыяда. Спалучэнне квадратнага зруба і васьміграннага барабана пры дапамозе нахіленых граняў, якія называюцца “ветразямі” з’яўляецца старажытным прыёмам, вытокамі хрысціянскага дойлідства.
Яшчэ адным цікавым аб’ектам рэлігійнага паломніцтва з’яўляецца капліца і купальня каля Святой крыніцы на гары Каўпак на тэрыторыі Чалюшчавіцкага сельскага савета. Паломнікі вераць, што вада і малітва каля крыніцы дапамагае людзям з парушэннем зроку і апорна-рухальнага апарату.
Прапануем вам наведаць і каталіцкі касцёл Дзевы Марыі, які з’яўляецца гістарычным пераемнікам Дабравешчанскага касцёла (Бязгрэшнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі) горада Петрыкава, які з 17 стагоддзя аб’ядноўваў вернікаў каталіцкай канфесіі.
Наведаўшы храмы Петры-каўшчыны, пра якія мы расказалі і якія засталіся па-за радком, вы можаце адкрыць для сябе нейкія мясцовыя рэлігійныя артэфакты ці традыцыі, не вядомыя шырокай аудыторыі. Месяц рэлігійнага турызму – спроба знайсці для сябе дарогу ў храм і дакрануцца да святыняў.

Надзея Сігай.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о