Дзве краіны – адзін лёс

0
662

Дзве краіны – адзін лёсДзень яднання народаў Беларусі і Расіі Валянцін Мікалаевіч і Валянціна Уладзіміраўна Афанасьевы па праве называюць сваім сямейным святам. Іх лёсы зліліся ў беларуска-расійскі саюз 43 гады таму.

З палескіх глыбінь да расійскіх прастораў
Валянціна Уладзіміраўна родам з вёскі Макарычы. У 15 гадоў зрабіла крок у дарослае жыццё. Пасля заканчэння мясцовай базавай школы паступіла ў аграрнае вучылішча на тэрыторыі РСФСР, выбраўшы высакародную прафесію ветэрынарнага ўрача.
– Калі вучылася, вельмі сумавала па сям’і, – успамінае Валянціна Уладзіміраўна. – Але час ішоў, я прывыкла жыць удалечыні ад роднай вёсачкі, а лёс рыхтаваў мне галоўны падарунак. Ім стала каханне. Накіраваўшыся на практыку ў калгас, я не магла ўявіць, што менавіта тут сустрэну будучага мужа Валянціна Мікалаевіча. Паступова працоўныя моманты перараслі паміж маладымі людзьмі ў нешта вялікае, цёплае і светлае. Так, праз тры месяцы з’явілася сям’я Афанасьевых.

Вяртанне да вытокаў
Маладая сям’я засталася жыць у Расіі. 20 гадоў, праведзеных у Цвярской вобласці, праляцелі як адно імгненне. За гэты час у Валянціна і Валянціны нарадзіліся трое дзяцей: Яна, Вадзім і Іван. Муж і жонка працавалі не пакладаючы рук, будавалі планы. Але пасля распаду Савецкага Саюза было прынята рашэнне: вярнуцца на малую радзіму Валянціны Уладзіміраўны на Петрыкаўшчыну. Тут сям’я набыла сядзібу і пачала ўладкоўваць сваё «ўтульнае гняздзечка». Год за годам, укладваючы душу, яны ператварылі звычайную пабудову ў прыгожае сямейнае месца.

Дзве краіны – адзін лёсЦеплыня сямейнага ачага
У сямейнай скарбонцы нашых герояў вялікая і дружная сям’я: сямёра ўнукаў: Мікіта, Альбіна, Ксенія, Даніла, Арына, Паліна, Кацярына і нават праўнучка Сафія.
– Наша шчасце – у дзецях і ўнуках. Сакрэт просты: трэба любіць адзін аднаго, шанаваць, паважаць. Працаваць сумленна і справядліва. І ніколі не забываць сваіх родных і блізкіх, – дзеліцца Валянціна Уладзіміраўна.

Дзве радзімы
Сям’я не забывае і расійскія карані. Яны часта ездзяць у маляўнічы горад Ржэў (Цвярская вобласць), дзе прайшлі лепшыя гады іх маладосці. Успаміны пра тыя месцы поўныя цяпла: дзіўная прырода, прыгожыя мясціны, цудоўныя людзі – гэта будзіць у душах самыя цёплыя ўспаміны.
Ужо некалькі гадоў на Петры-каўшчыне разам з сям’ёй жыве матуля Валянціна Мікалаевіча – Зінаіда Міхайлаўна,ахінутая клопатам і любоўю. У срэбным узросце для жанчыны Беларусь таксама стала другім домам. Сёлета прапрабабуля адзначыць свой 85-гадовы юбілей, і гэта яшчэ адна нагода для вялікай сямейнай радасці, якая збярэ разам сваякоў з Беларусі і Расіі за адным святочным сталом.
Дзень яднання Беларусі і Расіі – напамін пра тое, што мы брацкія народы разам, незалежна ад межаў. Героі артыкула – гэта жывое ўвасабленне гэтага адзінства, якое будуецца на любові, узаемапавазе і агульных каштоўнасцях.

Марыя ТАМКО,
фота з архіва герояў.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о