
Напярэдадні Дня абароны дзяцей, свята, якое нагадвае нам пра неабходнасць абараняць і любіць кожнае дзіця, карэспандэнты “ПН” сустрэліся з жанчынай, чыё імя і справы неадрыўна звязаны з гэтай місіяй.
Жыхарка аграгарадка Курыцічы Марына Рушалюк чатырнаццаць гадоў з’яўляецца прыёмнай радзіцелем. Яе дабрыня, клопат, уменне зразумець і падтрымаць сталі маяком у жыцці не толькі ўласных дзяцей, але і тых, хто меў у гэтым патрэбу.
Наша сустрэча адбылася ў доме Марыны Аляксандраўны. Ва ўтульных і прыгожых пакоях расстаўлены сямейныя фотаздымкі. На адных – шчаслівыя моманты з уласнымі дачкой і сынам, на іншых – з прыёмнымі дзецьмі. Але ў лексіконе жанчыны ў час размовы я не пачула словы “родныя” і “прыёмныя”. Было слова – “мае”.
– Прызнацца, мы з мужам у пачатку сямейнага жыцця не думалі, што станем прыёмнымі бацькамі, – дзеліцца зямлячка. – Выгадавалі сваіх Дзяніса і Ксенію, а потым, пры пэўных абставінах і пасля доўгіх разважанняў, вырашылі паспрабаваць даць цяпло дзецям, якія яго страцілі.
Сама суразмоўца родам з далёкага Узбекістана. Курыцічы – малая радзіма яе маці. Менавіта на Петрыкаўшчыне, у ваеннай часці, тая некалі сустрэла будучага мужа. Пасля яго службы яны разам паехалі жыць ва Узбекістан, дзе і нарадзілася Марына.
Аднак лёс распарадзіўся так, што жыццёвыя шляхі прывялі яе на беларускую зямлю.
Пасля заканчэння школы гераіня адправілася ў Ленінград, каб вучыцца і працаваць. Час ад часу маладая жанчына наведвала сваю бабулю ў Курыцічах. І менавіта там, у ціхай беларускай вёсцы, адбылася сустрэча з мясцовым механізатарам, які ў далейшым стаў яе мужам.
У 1993 годзе пара згуляла вяселле і вырашыла ўладкавацца на Петрыкаўшчыне. Муж з жонкай жылі шчасліва: пабудавалі дом, выхавалі дзяцей. Але ў іх сэрцах засталося месца для любові.
–Пасля разважанняў і абмеркаванняў у 2012 годзе, мы прынялі рашэнне стаць прыёмнымі бацькамі. Гэта быў не спантанны крок, а свядомае рашэнне. Абмеркавалі гэтае пытанне з сынам і дачкой. Іх адказ быў такі: “Цудоўна, калі дзеці знойдуць у нас сям’ю”.
Першымі ў доме з’явіліся малыя землякі – брат і сястра, і ў сценах загучаў дзіцячы смех. Жыццё паказала, што рашэнне было правільным. Дарослыя назіралі, як да малых вяртаецца радасць, знікае страх, з’яўляецца жаданне развівацца, вучыцца і ісці наперад. Гэта быў першы, але далёка не апошні раз, калі дом сям’і Рушалюк стаў прытулкам для дзяцей, якія мелі патрэбу ў любові і падтрымцы.
Год за годам прыёмныя бацькі далі пуцёўку ў жыццё шасці непаўналетнім землякам. Кожны з іх – асобная гісторыя, асобная душа, якую яны прынялі і палюбілі. Апошнім, хто трывала ўвайшоў у іх жыццё, стаў чатырохгадовы Коля. Сёння ён ужо дзесяцікласнік Курыціцкай сярэдняй школы (на фота). Назіраючы за іх адносінамі, становіцца зразумелым: наколькі маці і сын прывязаны адзін да аднаго. Марына Аляксандраўна робіць усё для таго, каб Мікалай добра вучыўся, дастаткова займаўся па прадметах, каб яго будучыня была светлай і перспектыўнай. Але іх гісторыя – гэта не толькі пра радасць. Каля трох гадоў таму раптоўна пайшоў з жыцця муж гераіні.
Гэта быў цяжкі ўдар для жанчыны і юнака. Коля падтрымліваў маці ў той складаны час, даваў сілы жыць далей. У некаторай ступені ён узяў на сябе мужчынскія абавязкі па дому, паказаўшы сваю адказнасць.
– Канечне, у мяне ёсць ужо планы пасля заканчэння школы, – дзеліцца Коля. – Хачу звязаць сваё жыццё з ваеннай спецыяльнасцю. Але пры любой магчымасці – у Курыцічы, да маці. Да самага блізкага мне чалавека.
Гісторыя маёй гераіні паказвае, што сапраўдная любоў не мае межаў, а адно чалавечае сэрца здольнае змяніць жыццё многіх. Дзякуючы такім людзям свет становіцца больш добрым і справядлівым, а кожнае дзіця атрымлівае шанец на шчаслівае дзяцінства.
Дзякуй вам за гэта, шаноўная Марына Аляксандраўна!
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.







Оставить комментарий