У дзіцячых школах мастацтваў горада Петрыкава і гарадскога пасёлка Капаткевічы прайшлі выпускныя вечары. Ва ўрачыстай абстаноўцы 56 выпускнікоў аддзяленняў школ атрымалі пасведчанні аб дадатковай адукацыі.
Развітальны акорд выпускнікоў дзіцячай школы мастацтваў
Выпускны вечар – гэта заўсёды асаблівы, хвалюючы, радасны і трохі сумны дзень. За плячыма засталіся гады ўпартых заняткаў, бясконцыя гамы, складаныя эцюды і хваляванне перад экзаменамі. І вось на сцэну выйшлі тыя, хто зрабіў свой першы сур’ёзны крок у творчае жыццё. Яшчэ ўчарашнія выхаванцы школы сталі выпускнікамі. Паспяхова здадзены экзамены, адгучалі заключныя акорды. Хлопцы і дзяўчаты пераадолелі нямала цяжкасцяў на шляху да пазнання таямніц музычнага мастацтва і сакрэтаў выканальніцкага і сцэнічнага майстэрства, праявілі сілу волі і характар, годна завяршыўшы навучанне. Колькі ўсяго праспявана песень, праведзена канцэртаў і майстар-класаў – ніхто не здолее пералічыць. Многім з дзяцей уручылі ганаровыя граматы за актыўны ўдзел у конкурснай дзейнасці.
Хочацца адзначыць, што без перабольшанняў усе 39 выпускнікоў Петрыкаўскай дзіцячай школы мастацтваў лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, актыўныя ўдзельнікі мера-прыемстваў нашага горада і раёна. Так, пасведчанне аб заканчэнні школы мастацтваў і грамата з адзнакай уручаны: Мілане Андрасюк, Дар’і Андрук, Эвеліне Жукоўскай, Яўгеніі Канонік, Марыі Марозька, Ягору Пятрушэнку, Марыі Піскун, Таццяне Палын, Вікторыі Сыцько, Анастасіі Шкутовай.
З выдатнай падзеяй у жыцці выпускнікоў павіншавалі дырэктар Дзіцячай школы мастацтваў Святлана Шамолава і намеснік дырэктара Таццяна Туравец. Узнагароджанне Ганаровымі граматамі і ўручэнне пасведчанняў суправаджалася выступленнямі не толькі выпускнікоў, а і творчых калектываў школы і філіялаў.
Прагучала шмат цёплых слоў у адрас любімых выкладчыкаў. Са словамі падзякі выступілі бацькі выпускнікоў.
Ад усёй душы віншуем усіх з падзеяй. І шчыра верым, што яркае святло мастацтва застанецца з вамі назаўжды.
Пэнзлем, музыкай і танцам
У вялікае жыццё адправіліся 17 выпускнікоў ДУА “Капаткевіцкая дзіцячая школа мастацтваў” і чатырох яе філіялаў. З роднай установай развіталіся 2 мастака з Капаткевіч, 8 юных музыкантаў-піяністаў: 5 з Капаткевіч, 2 з Чалюшчавіч і 1 з Кашэвіч; 7 танцораў: 3 з Навасёлак і 4 з Лучыц.
Яркае свята, аб’яднала дзяцей, настаўнікаў і бацькоў у Навасёлкаўскім сельскім доме культуры, куды з’ехаліся прадстаўнікі ўсіх філіялаў. Зразумела, што выпускны творчы вечар быў напоўнены гукам музычных інструментаў, спевамі і яскравымі танцамі, прэзентацыяй палотнаў юных мастакоў. Свой талент паказвалі педагогі, выпускнікі і навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў, якія працягваюць навучанне. Дырэктар установы, Аксана Перавознікава, пажадала выпускнікам поспехаў, натхнення і веры ў свае сілы.
І, зразумела, былі падарункі і дыпломы, прыемныя сэрпрызы, шчырыя словы ўдзячнасці, паветраныя шары і кветкі.
Сярод выпускнікоў і наш юны блогер, Арсеній Вашкоў, які скончыў 9-ты клас і плануе працягнуць навучанне ў Мазырскім дзяржаўным музычным каледжы.
У добры шлях, юныя таленты!

Марыя ТАМКО, Надзея СІГАЙ,
фота Марыі ТАМКО.







Оставить комментарий