Шлях да прафесійнага прызнання бывае розным: хтосьці знаходзіць сваё пакліканне адразу, нехта адважваецца на кардынальныя змены, каб адкрыць у сабе новыя магчымасці.
Менавіта такім шляхам пайшла Таццяна Крывулец – майстар участка па эксплуатацыі сістэм газазабеспячэння і газаспажывання Петрыкаўскага раёна газазабеспячэння філіяла ВП “Жыткавічыгаз”.
Наша гераіня родам з маляўнічай Лунінеччыны. Яе першы прафесійны вопыт быў звязаны з творчасцю і навучаннем: яна працавала дэфектолагам і музычным кіраўніком. Аднак жыццё ўнесла свае карэктывы – пасля пераезду з мужам у Петрыкаў гераіня вырашыла паспрабаваць сябе ў зусім новай, тэхнічнай сферы. Гэта было смелае рашэнне, якое патрабавала вялікай самааддачы. Таццяна прайшла навучанне ў Газінстытуце і паралельна атрымлівала другую вышэйшую адукацыю ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнікоў і спецыялістаў прамысловасці “Кадры індустрыі”. Яе кар’ера ў газавай галіне пачыналася з пасады кантралёра службы ўліку газу, затым была праца прыёмшчыка, а апошнія два гады спецыяліст упэўнена кіруе ўчасткам у якасці майстра. У кола службовых абавязкаў Таццяны Уладзіміраўны ўваходзіць арганізацыя і вытворчасць работ па тэхнічным абслугоўванні і рамонце газаправодаў і тэхнічных устройстваў на небяспечных вытворчых аб’ектах сістэмы газазабеспячэння прыроднага газу, арганізацыя і вытворчасць работ па тэхнічным абслугоўванні камунальна-бытавых аб’ектаў, унутрыдамавых сістэм газазабеспячэння, газавыкарыстоўваючага абсталявання, выкананне работ па заявах абанентаў.
Сёння пад кіраўніцтвам Таццяны Уладзіміраўны знаходзіцца 7 чалавек: пяць слесараў, адзін вадзіцель і адзін кантралёр. Аб’ём працы ўражвае – за год падраздзяленне апрацоўвае больш за 2000 заявак па абслугоўванні газавага абсталявання.
Суразмоўца падкрэслівае, што поспех любога ўчастка залежыць ад людзей. На пытанне пра сакрэты прафесійнага майстэрства і кіраўніцтва мужчынскім калектывам суразмоўца адказвае:
– Ніякіх асаблівых сакрэтаў няма. У нас усе супрацоўнікі высокакваліфікаваныя. Заданні выконваюць згодна з патрабаваннямі нарматыўных дакументаў, тэхналагічных інструкцый з захаваннем тэхнікі бяспекі. Слесары ведаюць, што і як трэба рабіць, яны штодня распісваюцца ў дакументах, узяўшы ўсю адказнасць на сябе за ўсё, што яны зрабілі, таму кіраваць імі лёгка. У нас, як у мінёраў – няма права на памылку. Усе нарады-заданні мы выконваем згодна з планамі-графікамі, якія штогод распрацоўваюцца і зацвярджаюцца ва ўстаноўленым парадку.
Гераіня артыкула з цеплынёй адзначае зладжанасць і ўзаемавыручку свайго калектыву. Сярод тых, на каго заўсёды можна пакласціся – слесары Юрый Груш, Мікалай Касцюк, Дзяніс Скрыпкін, Сяргей Малак, Дзмітрый Кашэвіч і вадзіцель Кірыл Санец. Асобныя словы падзякі гучаць у адрас кантралёра Наталлі Венгуры, якая стала для Таццяны сапраўдным настаўнікам.
Як кіраўнік, Таццяна Крывулец вызначыла для сябе галоўныя прынцыпы працы: дысцыпліна і адказнасць. Пагадзіцеся, у газавай сферы, дзе на першым месцы стаіць бяспека людзей, па-іншаму быць не можа.
Мая гераіня не спыняецца на дасягнутым: яна пастаянна ўдасканальвае свае прафесійныя навыкі і з’яўляецца актыўным удзельнікам грамадскага жыцця арганізацыі.
Вось так дзень за днём, год за годам праходзяць працоўныя будні майстра ўчастку. Праца ў газавай сферы прадугледжвае выкананне цэлага шэрагу нарматыўных дакументаў, інструкцый па ахове працы і тэхніцы бяспекі, патрабуе ўвагі, адказнасці і прафесіяналізму. Усімі вышэйпералічанымі якасцямі і валодае Таццяна Уладзіміраўна.
Пажадаем жа нашым газавікам лёгкіх змен і безаварыйнай працы.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.






Оставить комментарий