Начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Петрыкаўскага раёна Ігар Зянкевіч распавёў нашаму карэспандэнту пра палы, міфы і штрафы.
– Восень – час навядзення парадку на агародах і дачных участках. Часам землякі спальваюць смецце. Пра якія рызыкі варта памятаць?
– На сённяшні дзень захоўваецца высокая пажарная небяспека ў прыродных экасістэмах. Асноўная прычына згаранняў – чалавечы фактар: выпальванне сухіх раслін, спальванне смецця пры навядзенні парадку на зямлі, неасцярожнае абыходжанне з агнём.
У жніўні гэтага года зарэгістравана 26 узгаранняў – у пойме Прыпяці каля Петрыкава, у вёсках Беседкі Мышанскага сельсавета, Аціркі Конкавіцкага сельсавета і іншых.
– Многія лічаць, што спальванне травы карысна: глеба ўзбагачаецца залой. Ці так гэта?
– Не, гэта сур’ёзнае памылковае меркаванне. Зала пасля спальвання травы не паляпшае якасць глебы. Пры гарэнні губляюцца азотныя злучэнні – асноўная частка звязанага азоту сыходзіць у атмасферу і становіцца недаступнай для раслін. Мінеральныя элементы з залы пераходзяць у растваральную форму і змываюцца паверхневымі і грунтовымі водамі. Усвойваецца толькі невялікая іх частка.
– А што адбываецца з раслінамі і жывёламі на выпаленых участках?
– Пасля палу прарастаюць толькі травы, якія размнажаюцца каранішчамі, – напрыклад, пырэй. Меданосныя кветкі і культурныя травы, якія ідуць на сена, размнажаюцца насеннем, якое пры выпальванні згарае. Там, дзе прайшоў пал, былога разнатраў’я ўжо не будзе – пустазелле захоплівае тэрыторыю. Акрамя таго, знішчаецца карысная мікрафлора глебы, у тым ліку тая, што дапамагае раслінам супрацьстаяць хваробам.
У агні гінуць беспазваночныя, насякомыя, жабы, яшчаркі, дробныя птушкі, якія сядзяць на кладках.
– Якія наступствы палаў для паветра?
– Працэс гарэння суправаджаецца выкідам вуглякіслага газу. Згараюць рэшткі угнаенняў і ядахімікатаў, утвараючы лятучыя таксічныя злучэнні. Пры выпальванні травы ўздоўж аўтадарог паветра забруджваецца цяжкімі металамі.
– Якая адказнасць прадугледжана за незаконнае выпальванне?
– Паводле артыкула 16.40 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, за незаконнае выпальванне сухіх раслін, траў на корані, сцярні і пасляўборачных рэшткаў – або за непрыняцце мер па ліквідацыі палаў – штраф ад 10 да 30 базавых велічынь. Дадаткова вінаватыя абавязаны кампенсаваць шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю. Памер кампенсацыі можа дасягаць 200 базавых велічынь за адзін гектар у залежнасці ад тыпу зямель.
– А за раскладанне вогнішчаў у забароненых месцах?
– Артыкул 16.41 прадугледжвае адказнасць за вогнішчы ў забароненых месцах – асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі, тэрыторыі населеных пунктаў, зоны масавага адпачынку каля водных аб’ектаў.
– Што б вы сказалі жыхарам раёна на завяршэнне?
– Кожны акт падпалу – гэта злачынства супраць свету прыроды. Значная частка палаў робіцца з добрых пабуджэнняў, але меркаваная карысць непараўнальная з нанесенай шкодай. Беражыце тое, што аднаўляецца гадамі, а згарае за хвіліны.
Гутарыла Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.






Оставить комментарий