40 гадоў вернасці прафесіі

0
699

Напярэдадні злёту перадавікоў мы пагутарылі з Аляксандрам Яновічам, вадзіцелем вытворчага ўчастка “Петрыкаў” філіяла №13 ААТ “Гомельаблаўтатранс”, які за добрасумленную працу быў адзначаны ў намінацыі “Лепшы работнік транспартнай галіны” з занясеннем на раённую Дошку гонару.

40 гадоў вернасці прафесііКалі глядзіш у вочы Аляксандру Міхайлавічу, адразу разумееш: перад табой чалавек дзіўнай душы. У іх няма стомленасці ад “пройдзеных” тысяч кіламетраў, няма мітусні. У іх – сапраўдная шчырасць, дабрыня і тая спакойная мудрасць, якая прыходзіць толькі з жыццёвым вопытам. Сорак гадоў – менавіта столькі Аляксандр Міхайлавіч знаходзіцца за рулём.

Аляксандр Міхайлавіч – ураджэнец вёскі Белы Пераезд. Хлапчуком ён цвёрда вырашыў, што яго жыццё будзе звязана з дарогай.

– Прыходзілі на прыпынак з сябрамі і чакалі, калі прыедзе аўтобус. Заўсёды любіў назіраць, як аднавяскоўцы прыязджаюць дадому, – успамінае суразмоўца.
Пасля школы сумненняў не было: паступіў у Любанскае ПТВ па спецыяльнасці “механік-вадзіцель”, што стала першым крокам да мары. Затым была служба на Балтыйскім флоце.

Вярнуўшыся на малую радзіму, Аляксандр Міхайлавіч прыйшоў у Петрыкаўскі аўтапарк №12. З таго часу яго лёс непарыўна звязаны з прадпрыемствам.

– За дзесяцігоддзі працы ні хвіліны не пашкадаваў пра свой выбар. Калектыў у нас зладжаны, выпадковых людзей няма, у апошні час прыходзяць маладыя спецыялісты, аўтапарк аднаўляецца сучаснымі машынамі, – распавядае вадзіцель.
За рулём мужчына адчувае сябе як “рыба ў вадзе”.

– За сваё жыццё я наведаў шмат гарадоў, пабачыў мноства мясцін, зараз працую на МАЗ-206, гэта мой ужо сёмы аўтобус.

Плённая праца Аляксандра Міхайлавіча была адзначана на самым высокім узроўні. Так, герой артыкула атрымаў нагрудны знак “За шматгадовую і добрасумленную працу ў сістэме аўтатранспарту”, неаднаразова быў ганараваны на раённым і абласным узроўні, дарэчы, яго партрэт двойчы займаў пачэснае месца на раённай Дошцы гонару, 2026 год – не выключэнне.

Але за кожным паспяховым мужчынам, як вядома, стаіць надзейны тыл. Гаворачы аб сваім жыцці, мужчына з асаблівай цеплынёй і падзякай згадвае пра сям’ю. Аляксандр Міхайлавіч і яго жонка Святлана Дзмітрыеўна выхавалі годную змену: сын і дачка абралі шлях служэння роднай прыродзе, працуюць у сістэме Міністэрства лясной гаспадаркі.

– У дарогу мяне заўсёды суправаджалі і сустракалі жонка Святлана Дзмітрыеўна і дзеці Марыя і Максім. А зараз дзеці жывуць у Мінску, калі прывозяць унукаў на адпачынак, гэта традыцыя працягваецца, – з цёплай усмешкай дзеліцца суразмоўца.
Кожную раніцу Святлана Дзмітрыеўна адпраўляе мужа на працу з усмешкай, і кожны вечар гэтак жа радасна сустракае. Для чалавека, які праводзіць шмат часу ў дарозе, які ведае, што такое адказнасць за рэйс і тэхніку, гэты добры рытуал стаў залогам спакою і ўпэўненасці.

Сорак гадоў за рулём – гэта не проста лічба. Гэта лёс. Лёс чалавека, які застаецца сабой у любой сітуацыі: шчырым, працавітым, любячым мужам, бацькам, дзядулем і сапраўдным прафесіяналам. Гле-дзячы на Аляксандра Міхайлавіча, разумееш: такія людзі, як ён, – гэта гонар нашага раёна.

Марыя ТАМКО, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о