Ганаровае месца сярод узнагароджаных у час урачыстага мерапрыемства, прысвечанага падвядзенню вынікаў працы Петрыкаўшчыны за 2025 год, заняла сельскагаспадарчая галіна.
Сярод тых, хто быў адзначаны за выдатныя дасягненні – галоўны ветэрынарны ўрач СУП “Палессе-Аграінвест” Аліна Каладзей.
«Палессе-Аграінвест» – асаблівае прадпрыемства ў плане яго функцыянальнасці: больш за дзесяць з паловай тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, столькі ж галоў на свінакомплексе, а таксама ўласныя пчальнікі. Пры такім маштабе неабходны не толькі значныя рэсурсы і эфектыўнае кіраванне, але і бездакорная ветэрынарная служба. Аліна Каладзей, як галоўны ветэрынарны ўрач, нясе на сваіх плячах велізарную адказнасць. Яе пасада патрабуе глыбокіх ведаў, пастаяннага самаўдасканалення, умення хутка прымаць правільныя рашэнні.
Нашай гераіні работа з жывёлай вядома з дзяцінства.
Аліна Аляксандраўна родам са Славінску. Пасля заканчэння 9-ці класаў Галубіцкай сярэдняй школы яна цвёрда вырашыла звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Выбар паў на Рэчыцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе маладая зямлячка паспяхова асвоіла спецыяльнасць “Ветэрынарыя”.
– Гэтае рашэнне не было выпадковым. Мае бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы. Дзеці, само сабой, з малых гадоў хадзілі з імі, дапамагалі на ферме. У нашай сям’і выхоўвалася адзінаццаць дзяцей, і кожны з нас ведаў, што такое праца і адказнасць. Сярод маіх братоў і сясцёр не толькі ветэрынары, але і заатэхнікі, механізатары, – усміхаецца суразмоўца.
У 1997 годзе па размеркаванніна першае месца працы Аліна Каладзей трапіла ў Брагінскі раён. З тых часоў спецыяліст назапашвала вопыт працы і ў іншых раёнах вобласці. Яе прафесійнае жыццё было насычаным і разнастайным. Каля пяці гадоў таму, дзякуючы дальнабачнасці тагачаснага дырэктара прадпрыемства Аляксандра Верамеева, які чуў пра яе прафесійныя якасці і адданасць справе, Аліну Аляксандраўну запрасілі працаваць ветурачом у “Вышалаў”.
Сваёй стараннасцю, глыбокімі ведамі і адказнасцю, спецыяліст хутка заваявала аўтарытэт сярод калег і кіраўніцтва і была назначана галоўным ветэрынарным урачом СУП “Палессе-Аграінвест”.
Прызнаннем яе заслуг стала не толькі павага калег, але і падтрымка з боку гаспадаркі. “Палессе-Аграінвест” выдзеліла спецыялісту дом у Макарычах, які яна ўжо прыватызавала, стварыўшы ўтульны куток для сябе і сваёй сям’і.
Адбылася наша гераіня як маці, і ўжо – як бабуля. Жанчына годна выгадавала траіх дзяцей – двух сыноў і дачку. І кожны з іх знайшоў свой шлях у жыцці. Сыны выбралі спецыяльнасці інжынера і работніка органаў правапарадку, дачка – кулінара. Дзеці – аснова яе жыцця. Яна ўклала ў іх сваю любоў, свае сілы і сваю мудрасць.
Жыццёвы прыклад Аліны Аляксандраўны яскрава дэманструе: галоўная каштоўнасць любога краю – гэта яго людзі. Людзі, якія з любоўю і адданасцю выконваюць сваю працу, не баяцца цяжкасцей і пераадольваюць іх, годна выхоўваюць новае пакаленне.
Мая гераіня – узор прафесія-налізму, любові і самаадданасці.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.








Оставить комментарий