Якасць паслуг і давер кліентаў

0
643

Алене Кіпарынай, спецыялісту першай катэгорыі па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу ЦБУ №320 ААТ “Беларусбанк”, прысвоена званне “Лепшы работнік падатковых і фінансавых органаў, страхавых работнікаў”.

У кожным калектыве ёсць людзі, якія становяцца не проста супрацоўнікамі, а яго падмуркам, яго сумленнем і галоўнай апорай. Для Цэнтра банкаўскіх паслуг №320 такім чалавекам ужо доўгія гады з’яўляецца Алена Кіпарына.

Трыццаць пяць гадоў у прафесіі, не мяняючы курсу, – пагадзіцеся, сёння гэта рэдкасць. Яе працоўны шлях пачаўся пасля заканчэння другой гарадской школы. Нядоўгі час яна спрабавала сябе ў сферы гандлю, ашчадкасе, але лёс распарадзіўся інакш. Пабраўшыся шлюбам, гераіня пераехала на Байканур, працягнула працу ў банкаўскай сферы. Менавіта там, на легендарнай касмічнай зямлі, мая суразмоўца і знайшла сваё пакліканне…

Праз пяць гадоў Алена Баліславаўна пераехала ў Петрыкаў і пайшла працаваць на ранейшае месца ў ашчадкасу.

– Час тады быў іншы, і праца была больш складанай, чым сёння: не было пластыкавых картак, асноўная нагрузка клалася на абслугоўванне арганізацый, усе аперацыі вяліся ўручную. Але менавіта любоў да сваёй справы і ўменне знаходзіць агульную мову з людзьмі дапамаглі мне справіцца з усімі цяжкасцямі, – прызнаецца суразмоўца.
Імкненне да дасканаласці заўсёды адрознівала гераіню нашага матэрыялу.

Вярнуўшыся ў Петрыкаў, Алена Баліславаўна зразумела, што тэорыі без практыкі недастаткова, і паступіла ў Пінскі вышэйшы банкаўскі каледж, які паспяхова скончыла па спецыяльнасці “эканаміст”. Сёння яна – спецыяліст першай катэгорыі па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг у сектары рознічнага і карпаратыўнага бізнесу. За гэтыя гады не раз была адзначана ўзнагародамі за добрасумленную працу.

Асаблівым яе гонарам з’яўляецца сям’я. Сын Аляксей жыве ў Ніжнім Ноўгарадзе, працуе праграмістам, а нявестка Алена таксама звязала сваё жыццё з банкаўскай справай. Гэта сведчыць аб тым, што дынастыя працягваецца.

– Наш калектыў ЦБУ №320 вельмі зладжаны. Кожны з супрацоўнікаў – адданы сваёй працы, адказны, добрасумленны, ветлівы ў адносінах з кліентамі.

– Канешне, людзі бываюць розныя, але за столькі гадоў працы практычна кожны кліент – ужо не проста чалавек, які звярнуўся ў банк, а зямляк, сусед, блізкі сябар.
Да кожнага наведвальніка ў Алены Баліславаўны свой падыход. Яна ўмее не проста прафесійна пракансультаваць па банкаўскіх паслугах, але і проста выслухаць, падтрымаць, дапамагчы разабрацца ў фінансавых пытаннях. І ўсё – са шчырай усмешкай. Яе галоўная якасць, якую шануюць і кліенты, і калегі, – уменне растлумачыць складаныя рэчы простай мовай і жаданне дапамагчы.

Марыя ТАМКО, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о