Ёсць мерапрыемствы, пасля наведвання якіх застаецца адчуванне хатняга цяпла і настальгіі па родных людзях. Менавіта такія пачуцці выклікала канцэртная праграма “Жыцця залаты лістапад”, якая праходзіла ў райцэнтры ў суботу  да Дня пажылых людзей.

У Петрыкаве прайшоў канцэрт, прымеркаваны Дню пажылога чалавека
Канцэртную праграму для прысутных падрыхтавалі артысты раённага Дома культуры і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Арганізатары творча аднесліся да мерапрыемства, падараваўшы прысутным шмат прыемных момантаў. У фае залы Дома культуры раскінулася выстава, на якой дэманстравалася творчасць, захапленні людзей  паважанага ўзросту. Тут можна было пагутарыць, узгадаць былое пад рэтра мелодыі , зрабіць фота на памяць. Канцэртная праграма таксама не пакінула абыякавымі гледачоў. Раіса Будовіч, Валянціна Дашкевіч, Галіна Веракса, Галіна Лазурына, Таццяна Лапіна, Валянціна Ланька, Вольга Андрук, Людміла Сокал, Таццяна Пінчук, Тамара Штанчанка спявалі ў той вечар для сябе і для прысутных, дорачы са сцэны гісторыі пражытых гадоў, кахання, сяброўства.

– Дзень пажылога чалавека ў нашай краіне адзначаецца нараўне з многімі святамі і памятнымі датамі. Гэта сведчыць пра  павагу да людзей паважанага ўзросту, – адзначыла ў прывітальным слове намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько – У гэты дзень мы жадаем старэйшаму пакаленню здароўя на доўгія гады, шчасця, дабрабыту і сонечных дзён.
Таксама Святлана Уладзіміраўна адзначыла, што клопат пра пажылых у Беларусі стаў адным з асноўных накірункаў дзейнасці дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о