Жанчына з нястомнай энергіяй

0
323

Напярэдадні цёплага, светлага і ўсімі любімага свята 8 сакавіка, погляд журналістаў накіраваны на цудоўную палову Петрыкаўшчыны. Не пакідаюць абыякавымі сустрэчы з асаблівай катэгорыяй зямлячак – выдатнымі, мудрымі і цягавітымі жыхаркамі вёскак. Адно з такіх знаёмстваў адбылася на МТФ “Курыцічы” з цялятніцай Аленай Ярыга.

Алену Ярыгу заспелі на працоўным месцы за чарговым кармленнем сваіх гадаванцаў. Цялятніца адразу “ўзяла” размову ў свае рукі і, вядома ж, расказала пра маленькіх жывёл, якія цягнуліся да яе, пазнаючы сваю гаспадыню па голасе.

Жанчына з нястомнай энергіяй– Самы складаны ўзрост цялят – ад нараджэння і да двух месяцаў. Менавіта ў гэты перыяд цялятніца павінна быць вельмі ўважлівай да іх стану здароўя, – дзеліцца жанчына. – Праца патрабуе ранняга пад’ёму, умення любіць і клапаціцца пра жывёл.
Алена Міхайлаўна прыходзіць да сваіх падапечных і раніцай і ў абед, і ў вечары. Праца для яе звыклая: папаіць, пакарміць, падаслаць, аглядзець ці ўсё ў парадку з гадаванцамі якіх у групе каля пяцідзесяці. Пры нашай сустрэчы становіцца зразумелым, што кожная жывёла патрабуе дадатковай увагі ад жывёлавода: цяляты лашчацца да гаспадыні, крыўдуюць калі пройдзе міма і не пагладзіць. Са слоў гераіні: жывёліны вельмі чулыя да распарадку дня. Калі часам затрымацца – нярвуюцца, сустракаюць патрабавальным ровам. Жывёлавод разумее: толькі сваёй працай і адказнымі паводзінамі можна дабіцца добрых вынікаў. Паказчыкам яе працы з’яўляюцца сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе, якія дэманструюць адзін з лепшых вынікаў у раёне. Аднак свой поспех жанчына дзеліць на ўсіх, адзначаючы, што вялікую ролю ў яе рабоце адыгрывае зладжанасць у калектыве фермы і зацікаўленасць кіраўніцтва гаспадаркі ў пытаннях жывёлагадоўлі.

Жанчына прызнаецца: адразу няпроста было прывыкнуць да рэжыму працы. Паспявае і хатнюю гаспадарку глядзець і сям’і даць усё неабходнае. Усё ў яе атрымліваецца. Можа таму, разважае Алена Міхайлаўна, што сама родам з вёскі – Курыцічы яе родная зямля. Бацькі таксама працавалі ў гаспадарцы і пра спецыфіку працы сяльгасніка ведала з дзяцінства.

– Сказаць па праўдзе, пасля заканчэння мясцовай школы вырашыла не ісці па шляху бацькоў. Атрымала ў абласным цэнтры спецыяльнасць закройшчыцы і краўчыхі, была размеркавана на Мазырскую швейную фабрыку, але лёс вярнуў на малую радзіму, – прызнаецца жанчына. – У гаспадарцы ў Курыцічах трактарыстам працаваў мой суджаны. І я падумала: чаму б мне не вярнуцца ў родную вёску, да людзей, якіх я ведаю і працаваць на зямлі, як і мае продкі.

Пасля вяселля сельгаспрадпрыемства маладым прапанавала жыллё. З часам Алена Міхайлаўна стала маці двух дачок, якія сёння вучацца ў мясцовай школе.
Разважаючы пра шлях жанчын у сельскагаспадарчай галіне, гераіня выказала думку, што ён у многіх падобны: нарадзіліся ў вёсцы, перад вачыма вопыт бацькоў, прапанаваныя дзяржавай умовы зацікавілі застацца сельскім населеным пункце. І гэта добры і надзейны выбар будучыні. А яшчэ такіх жанчын аб’ядноўвае любоў да працы і малой радзімы.

– Напярэдадні жаночага свята хачу павіншаваць жанчын Петрыкаўшчыны, – звярнулася Алена Міхайлаўна. – Пажадаць усім самага дарагога, што ёсць у нашым жыцці – шчасця, міру, кахання.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о