Уборка зерневых у большасці гаспадарак раёна завершана.

ААТ “Камаровічы” кропку ва ўборачнай кампаніі паставіла ўрачыстасцю ўшанавання чарговых “тысячнікаў”. Так, па стане на 18 жніўня камбайнер Аляксандр Дзяюн пераадолеў запаветную мяжу і намалаціў 1001,1 тоны зерня новага ўраджаю, а вадзіцель Аляксандр Харланаў перавёз 1005,2 тоны збожжа.
Усё жніво адшчыравалі на палетках роднага сельгаспрадпрыемства нашы перадавікі. Штораніцы, пакуль раса, яны чысцілі тэхніку, рыхтавалі яе да працы, і толькі раса сыходзіла – механізатары выязджалі на хлебную ніву. І так дацямна, пакуль не сядзе сонца.

Уборка завершана,  а ўшанаванне лідараў  працягваеццаГалоўнае было для абодвух Аляксандраў – своечасова прыбраць хлеб, нягледзячы ні на якія капрызы надвор’я. І з пастаўленай мэтай яны справіліся “на выдатна”.
Лісты Падзякі і каштоўныя падарункі аграрыям-тысячнікам уручыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Галіна Курловіч. Словы падзякі за сумленную працу прагучалі і ад кіраўніка гаспадаркі Ларысы Талецкай, якая вельмі задаволена працай сваіх механізатараў. Як адзначыла Ларыса Адамаўна, механізатары не першы год працуюць у гаспадарцы і нараканняў на іх работу не было ніколі – працавітыя, адказныя, шчырыя працаўнікі.

Няпроста далася сёлетняя ўборачная кампанія сельгаспрадпрыемству: да халоднай вясны і спякотнага ліпеня дадаўся тыднёвы тарфяны пажар. Аднак вынікі жніва ўсё ж радуюць: мінулагодні паказчык намалоту пераўзыйдзены, дзяржзаказ выкананы ў поўным аб’ёме.
Ушанаванне вяскоўцаў у гаспадарках працягнецца – сачыце за навінамі.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о