У сельгаспрадпрыемствах раёна працягваецца ўборка кукурузы на сілас.

Мікалай Кот працуе за штурвалам камбайна 30 гадоў. Родам мужчына з Лучыц, а зараз з ся-м’ёй пражывае ў Петрыкаве. Двое старэйшых сыноў нашага героя скончылі Сувораўскае вучылішча, а малодшая дачка вучыцца яшчэ ў сярэдняй школе, жонка працуе настаўніцай.

Нарыхтоўка кармоў – першачарговая задача
Мужчына прызнаецца, што працу сваю любіць. Усё лета аграрый правёў на палях, на ўборцы збожжавых, а зараз актыўна дапамагае ўбіраць кукурузу на сілас.
– Да гэтай прафесіі душа ляжыць яшчэ з дзяцінства, – распавёў механізатар. – Пасля школы скончыў ПТВ у Калінкавічах і адразу мяне размеркавалі ў наш раён.
Працуе камбайнер не пакладаючы рук. Праца кіпіць з самай раніцы. Тэхніка – кормаўборачны камбайн – у страі, а гэта значыць, што работа не будзе стаяць.
– Сіласам гаспадарка будзе забяспечана, а жывёлы – кармамі. Нарыхтоўка кармоў – першачарговая задача для нашай гаспадаркі, – канстатаваў Міхаіл Кот.
Між іншым, сёлета кукуруза ў краіне займае больш за 1 мільён гектараў. Пра важнасць збору кукурузы заявіў і Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.
Дырэктар ААТ “Пціч-Агра” Дзмітрый Лубачкін растлумачыў:
– Збожжа кукурузы, як і каласавых, прыносіць найбольшую выгаду пры выкарыстанні на корм жывёлам.
Дзмітрый Аляксандравіч у якасці дырэктара толькі першы год займаецца вырошчваннем кукурузы, ад таго і адказнасці больш.
– Пачалі прыбіраць кукурузу 5 верасня. У ААТ “Пціч-Агра” для вырошчвання кукурузы адведзена плошча ў 2 тысячы гектараў. Уся кукуруза пойдзе на патрэбы гаспадаркі. Мяркуем, што прыкладная ўраджайнасць складзе 180-190 цэнтнераў з гектара, – адзначыў кіраўнік гаспадаркі.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о