Сёння Гомельшчына адзначае абласныя Дажынкі. На свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі, што сёлета праходзіць у горадзе Добруш, запрошана для ўзнагароджання і аператар машыннага даення ААТ “Арга-Ляскавічы” Жанна Аўдзеева. Напярэдадні ўрачыстасці мы пагутарылі з жанчынай, каб даведацца пра сакрэты працоўнага поспеху і сямейнага дабрабыту.

Жанна Аўдзеева – шчырая жанчына, што сустрэла мяне з усмешкай. Па ўсім было відаць, што гутарка завяжацца хутка.

З бадзёрым падыходам  любыя цяжкасці па плячы– Сама я з Ляскавіч. Бацькі працавалі ў гаспадарцы. Матуля, Марыя, спачатку даглядала цялят, а потым, калі нарадзіліся дзеці, каб мець больш вольнага часу, перайшла ў паляводчую брыгаду. Бацька, Мікалай Буднік, усё жыццё працаваў пастухом. Вядома, як і большасць вясковых сем’яў, мы мелі немалую гаспадарку, таму любоў да жывёлы ў нас з’явілася з дзяцінства.

Першапачаткова я працавала ў лясной галіне – спачатку ў лесагадавальніку, а потым на мясцовым дрэваапрацоўчым прадпрыемстве. У 2011 годзе ўладкавалася аператарам машыннага даення ў ААТ “Агра-Ляскавічы”: працадаўца прывабіў кватэрай у двухпавярховым доме, – распавяла Жанна Мікалаеўна.

Па словах жанчыны, нават асабістыя працоўныя поспехі дасягаюцца пры належнай рабоце ўсяго калектыву. “І бацькі, і я, у свой час, трымалі карову. Але, калі прыйшла на комплекс, трэба было засвойваць даільны апарат. Калегі навучылі, дапамаглі”. У астатнім складальнікі належных паказчыкаў простыя: варта быць пунктуальным, захоўваць чысціню, выконваць методыку і, зразумела, сумленна выконваць свае абавязкі на поўную моц незалежна ад таго – карову доіш ці наводзіш парадак падчас санітарных дзён.

– Варта падзякаваць і кіраўніку нашаму, Уладзіміру Хамякову. Чалавек гэты, як кажуць, на сваім месцы: мае вялікі вопыт, адстойвае інтарэсы калектыву, дапамагае ўсім, што ў яго кампетэнцыі, і вытворчую дысцыпліну трымае на высокім узроўні, – паспяшалася заўважыць суразмоўца.

Будзільнік Жанны Мікалаеўны наведзены на 4:15. А 5-й гадзіне раніцы пачынаецца першая дойка статку больш чым у 350 галоў, і працягваецца да 9-ці. Другі раз рагулі дояцца з 13-ці да 16-ці гадзін, трэці – з 19-ці да паловы 11-й вечара. Адпачываць атрымліваецца легчы бліжэй да поўначы. Разам з тым, наша гераіня сцвярджае, што да фізічных нагрузак звыклая. Галоўнае – не сумаваць і захоўваць бадзёрасць. “Калі бачу, што настрой у калектыве занадта ўжо стрыманы, то я і развесяліць магу. А яшчэ вельмі люблю спяваць. Раней з матуляю і народную песню зацягнуць маглі, у маладосці перад гледачамі выступала, а зараз часу не застаецца, таму больш для сябе нешта напяваю”.

Аглядваючыся на пражыты час, суразмоўца сама часам здзіўляецца, як усё паспявала. Хутка праляцелі гады, трое дзяцей з матулінай падтрымкай вышлі ў людзі.
– Бацькі павінны прывучаць да працалюбства. Прынамсі, у мяне было так, і я сваіх дачок і сына выхоўвала адпаведным чынам. Урэшце, яны мне заўсёды былі сапраўднымі памочнікамі і зараз дапамагаюць па хатніх справах.
У нешматлікія вольныя гадзіны спадарыня Аўдзеева вяжа і дапамагае гадаваць унукаў – жанчына шчаслівая бабуля двух хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак. У хуткасці бабуляю яна стане ўжо ў пяты раз. Што тычыцца планаў, то Жанна Мікалаеўна дзеліцца імі сціпла: “Як і ўсе чакаю заслужанага адпачынку, але, калі Бог дасць зда-роўя, буду і надалей працаваць на комплексе. Мары мае простыя: каб над намі заўсёды было мірнае неба, ды родныя былі здаровыя і ўсё ў іх ладзілася”.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о