У раёне працягваюць ушаноўваць перадавікоў уборачнай кампаніі “Жніво-2021”.

Уборачная кампанія на Петрыкаўшчыне выйшла на фінішную прамую. Надвор’е апошнія дні запавольвае тэмпы ўборачнай, але ў пагодлівыя дні хлебаробы працуюць на поўную моц. Таму і спіс перадавікоў штотыдзень папаўняецца новымі імёнамі. Наш сённяшні рэпартаж з КСУП “Грабаў”.

Вадзіцель гаспадаркі Юрый Радзіёнаў пераадолеў запаветны рубеж і заняў сваё пачэснае месца сярод герояў-тысячнікаў.

Героі хлебнай нівы Героі хлебнай нівыПа стане на 18 жніўня Юрый Іванавіч перавёз на “МАЗ-555” 1095 тон зерня.
Ураджэнец вёскі Міхедавічы, вось ужо 25 гадоў жыве ў Грабаве і працуе ў мясцовай гаспадарцы. Сёлетняе жніво – 24-е ў працоўнай біяграфіі механізатара. 17-ы сезон верай і праўдай Юрыю Іванавічу служыць “МАЗ-555”. Да тэхнікі механізатар ставіцца адказна, таму і прастояў у яго амаль не бывае. А зона адказнасці ў яго вялікая: зялёная маса, сянаж, сілас, зерне – не адну тону сёлета перавёз мужчына.

За гады працы Юрый Радзіёнаў неаднаразова быў ганараваны лістамі падзякі і граматамі за добрасумленную працу і высокія вынікі. Бацька Юрыя Іванавіча таксама працаваў у сельскай гаспадарцы, быў загадчыкам мех-двара. Таму, можна лічыць, і з тэхнікай, і з нялёгкай працай аграрыя знаёмы наш герой з самага дзяцінства. І дома ў Юрыя Іванавіча поўны парадак: жонка загадвае поштай, сын і дачка жывуць і працуюць у Мінску. Трымае наш герой і гаспадарку, як без яе вясковаму чалавеку. А яшчэ ягоны падворак, па меркаванні землякоў, адзін з лепшых у аграгарадку. Як адзначыла кіраўнік сельгаспрадпрыемства Людміла Гарошка, Юрый Іванавіч – працаўнік адказны і надзейны. За гады працы зарабіў сабе рэпутацыю чалавека надзвычай працавітага, стараннага, добрасумленнага.

З перавезенай тысячай тон зерня павіншавала Юрыя Радзіёнава старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Галіна Курловіч. За добрасумленную і выніковую працу перадавіку ад райкама прафсаюза быў уручаны падарунак і ліст Падзякі. Словы ўдзячнасці за напружаную і выніковую працу адрасавала перадавіку і кіраўнік гаспадаркі Людміла Мікалаеўна Гарошка.
Нагодай для наведвання гаспадаркі стала яшчэ адна акалічнасць: хлебаробы сельгаспрадпрыемства першымі паставілі кропку ў бітве за ўраджай на Петрыкаўшчыне.
Зрэшты, гэты высокі вынік, як адзначылі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, быў чаканым: усю гарачую пару хлебаробы КСУП “Грабаў” былі на вядучых пазіцыях.

– У гэтым годзе ўмовы надвор’я сапраўды выпрабоўваюць нас на трываласць і прафесіяналізм. Адбітак на ўраджай наклалі і позняя вясна, і немагчымасць працаваць на тарфяных палетках, а пасля – анамальная спякота ў сярэдзіне лета, у той час, як зерне павінна налівацца. Але дзякуючы стараннай і зладжанай працы, мы сабралі з палёў усё да апошняга зярняці ў самыя кароткія і аптымальныя тэрміны. Сёлета намалочана 2017 тон зерня супраць 1117 мінулагодніх, – пазначыла ў час размовы кіраўнік гаспадаркі Людміла Гарошка.

І сёння, пасля паспяховага завяршэння сезону жніва, старшыня не без гонару паведаміла: дзяржзаказ выкананы, насенне ёсць, за паліва разлічыліся і за лізінгавую тэхніку выплаты ажыццяўляем своечасова.
Як падкрэсліла Людміла Мікалаеўна, поспех да аграрыяў не прыходзіць сам па сабе. Дамагаюцца яго толькі адказныя і працавітыя людзі. І ў КСУП “Грабаў” такія прафесіяналы ёсць. Дзякуючы ім ўборка прайшла якасна і ў сціслыя тэрміны. Свой уклад у агульную справу ўнеслі звяно механізатараў, агранамічная і інжынерная службы, за што ўсім вялікі дзякуй.
Так, уборка зерневых у КСУП “Грабаў” завяршылася. Але адпачываць хлебаробам няма калі: у гаспадарцы пачалі ўжо сеў сурэпіцы, ды і суседзям дапамагчы трэба. Лепшы механізатар, камбайнер маладзёжнага экіпажу Дзмітрый Гарошка на гэтым тыдні адправіўся дапамагаць калегам у суседнюю гаспадарку – ААТ “Агра-Слабада”.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о