ДУК “Петрыкаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” ў сваёй сацыяльнай сетцы арганізавала праект “Знакамітыя людзі нашага сяла. Справа ўсяго жыцця”. Штодзень там публікуюцца цікавыя матэрыялы пра людзей, якія маюць непасрэднае дачыненне да творчасці. Мы не засталіся ўбаку і завіталі да адной з гераінь праекта – Марыі Еська, знакамітай сваімі вышыванкамі.

Вышыванка – радавы аўтограф

У хаце гераіні ложак і крэслы ўпрыгожаны сурвэткамі, ручнікамі і посцілкамі з вышыўкай. Белыя палотны “размаляваны” яркімі кветкамі, узорамі. Ловіш сябе на думцы, што ты трапіў у музей народнай творчасці. А гэта, між іншым, так. Тое, што зроблена рукамі чалавека, з налётам гісторыі тых часоў, успрымаецца як нешта далікатнае і вельмі каштоўнае. Кажуць, што вышыўка, ды і не толькі, любое рукадзелле – гэта “хвароба” на ўсё жыццё, хранічная, якая не сыходзіць.
Марыя Іванаўна ўсё жыццё пражыла ў вёсцы Смятанічы, а сама родам з вёскі Матрункі Мазырскага раёна. Бацькі працавалі ў калгасе. Марыя была трэцім дзіцям у сям’і.
Па яе словах, любоў да вышывання з’явілася вельмі рана. А як толькі ў школе распавялі пра тэхніку вышывання, як правільна трымаць іголку і пяльца ў руках, зразумела, што цяпер гэта праца ёй будзе па душы. Але ў якасці прафесіі наша гераіня абрала іншую справу.
– Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла ў Мазырскае гарадское вучылішча, – падзялілася з намі Марыя Іванаўна. – Чаму маладая дзяўчына абрала прафесію маляра? Ведаеце, на той час я не задавала сабе такіх пытанняў. Была праца, на якой я пасля школы магла зарабіць грошай. На момант паступлення ў мяне за плячыма быў вялікі вопыт. Чаму б не пайсці па гэтым шляху далей?

На пытанне, як Марыя Іванаўна пазнаёмілася з мужам, гераіня адказала:
– Па працы прыехала ў камандзіроўку ў Петрыкаў. Тут вялі будаўніцтва. Мне было 22, яму – 27 гадоў. А пазнаёміліся ў хаце суседкі, да якой ён завітаў у госці. Тады ж магчымасці пасядзець не было дзе. У клубе на танцах хіба што. Вось людзі і хадзілі адзін да аднаго ў госці. Праз тры дні знаёмства ён зрабіў мне прапанову. Спадабаліся адзін аднаму і не сталі чакаць – арганізавалі вяселле. А затым жыццё пайшло сваёй чаргой. З’явілася на свет першае дзіця, другое… І ўвогуле, я стала шматдзетнай маці – 5 дзяцей мы нарадзілі з мужам. За жыццё я паспела папрацаваць брыгадзірам на РТР. Затым перайшла ў калгас, дзе працавала і даяркай, і цялятніцай, і скотнікам. У выніку стаж склаў 22 гады.
– Жыццё ў мяне было цікавае. Маладосць – танцы, спевы, вечарыны. Быў у Доме культуры такі калектыў “Чараўніца”. Я з працы ў калгасе адразу ляцела туды на рэпетыцыі. З жанчынамі рыхтавалі канцэртную праграму, з гастролямі ездзілі выступаць у розныя вёскі. Ці дазваляе здароўе сёння весці такое актыўнае жыццё? Клуб наведваю, але гастроляў пакуль няма. Што тычыцца вышыўкі, то тут ужо не дазваляе мне зрок працаваць. Але гляджу на тыя ж сурвэткі – прыемна воку. Яны – мае ўспаміны пра маладосць, пэўныя жыццёвыя падзеі, складанасці. Здаецца, падзялю “спадчыну” між дзецьмі, хай разбіраюцца, што з гэтым рабіць.
Знаўцы пішуць, што самыя першыя тканіны з узорамі нашы продкі пачалі пакідаць не менш за пяць-сем тысячагоддзяў таму. Сапраўды, ручнік і вышыванка суправаджалі любую падзею ў жыцці нашых дзядоў і бабуль: ад нараджэння да смерці. Узоры на белых палотнах – гэта цэлы свет кодаў, якія людзі тых часоў бачылі і разумелі без усялякіх тлумачэнняў.
Напрыклад, хлеб ляжаў на цэнтральным месцы ручніка, які быў вышыты абавязкова чырвоным колерам – сімвалам жыцця.
Гісторыкі пішуць: беларуская вышыванка – гэта не нейкая там прыкмета сялянскага побыту і жыцця. Гэта – радавы аўтограф, у якім схаваны прозвішча, рэгіянальная гісторыя, узровень заможнасці, шматдзетнасць і веравызнанне. Гэта своеасаблівы дакумент, які нашыя бабулі і прабабулі захоўвалі пасля розных па-дзей.
Зараз Марыя Іванаўна на заслужаным адпачынку. У наступным годзе жанчына будзе святкаваць юбілей – 75-годдзе. У такой творчай бабулі – 8 унукаў і праўнук, а значыць, перадаваць сакрэты вышыўкі ёсць каму.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о