Шматдзетная маці, паспяховая прадпрымальніца і чароўная прадстаўніца слабага полу. З раніцы Марына Аляксандраўна Прысада бізнес-вумен, гаспадыня крамы “Анюта”, а бліжэй да вечара перавасабляецца ў гаспадыню дома. Жанчына на асабістым прыкладзе даказала, што сумяшчаць бізнес і сям’ю можна. Было б памкненне, жаданне і ідэя, здольная натхніць асобу.

Па адукацыі Марына настаўнік, скончыла Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут па спецыяльнасці настаўнік беларускай, рускай мовы і літаратуры. Пасля заканчэння працавала па спецыяльнасці. Ужо тады, прызнаецца суразмоўца, у глыбіні душы адчувала: што рана ці позна займецца бізнесам, тым больш яе сястра ў тыя часы спрабавала сябе на гэтай ніве.
– У нашай краіне шмат магчымасцей зарабляць грошы, – упэўнена Марына, – чалавек не дрэва, якое пасадзілі на адным месцы, дзе яно і змагаецца за існаванне. Кожны можа змяніць месца працы, якое яго не задавальняе, змяніць кваліфікацыю, паспрабаваць сябе ў другой справе.
І яна паспрабавала.

Ідэя можа натхніць і змяніць тваё жыццё
У 2008 годзе адкрыла павільён дзіцячага харчавання. Чаму дзіцячага? Усё пачалося з ідэі даць магчымасць жыхарам Петрыкаўшчыны выбару ў набыцці дзіцячага харчавання. Пачалася карпатлівая праца па вывучэнні аналітычнага матэрыялу па тэме. Прааналізавана запатрабаванасць і попыт бацькоў у неабходным для дзяцей і быў зроблены вывад, што ў раёне дэфіцыт гіпералергеннага харчавання, сокаў без цукру. Менавіта тады пачалося супрацоўніцтва з кампаніяй “Белакт”. Суразмоўца расказвае, што вывучыла шмат літаратуры пра карысныя і неабходныя дабаўкі. У хуткім часе ўся лінія прадпрыемства “Белакт” была ў доступе жыхароў Петрыкаўшчыны. Справа пайшла.
– Калі толькі пачынала, самае галоўнае было – рашучасць, – разважае Марына, – а яшчэ мэтанакіраванасць і цярпенне. Ну і канечне ідэяй патрэбна гарэць.
З 2011 года Марына перастала сумяшчаць прафесію настаўніка і бізнеспрадстаўніка, аддаўшы перавагу другому. З’явіліся новыя ідэі. Захацелася пашырацца. Дала сабе ўстаноўку: я ўсё змагу Пачала “сканіраваць” рынак дзіцячага адзення, абутку, неабходных рэчаў. Пайшлі закупкі, супрацоўніцтва з беларускімі прадпрыемствамі. З’явіліся заказчыкі, пастаянныя кліенты. Асартымент дзіцячых рэчаў павялічваўся: абутак, вопратка, канцылярскія прыналежнасці, цацкі, рэчы асабістай гігіены. Трэба было большае памяшканне. Попыт нараждае новыя ідэі. І ў 2018 годзе прадпрымальнік арандуе пустуючае памяшканне раённага спажывецкага таварыства, што знаходзіцца ў былым універмагу. Так з’явілася крама “Анюта”. Канечне, без пэўных якасцей – розуму, рашучасці, здольнасці рызыкнуць, умення пралічваць наперад – тут не абышлося. Не кожны чалавек адважыцца на такое. Але сама гераіня гаворыць, што жаданне ўвасобіць ідэю ў жыццё было большае, чым думка пра рызыку.
Першае, што кідаецца ў вочы пры наведванні крамы – вялікі выбар адзення і абутаку для дзяцей. Гаспадыня расказвае, што 80% тавару айчынных вытворцаў. На працягу доўгага часу крама супрацоўнічае са Жлобінскай і Лідскай швейнымі фабрыкамі, Гродзенскай абутковай фабрыкай. Ёсць і імпартазамяшчэнне з Расіі, Узбекістана, Турцыі, Кітая, пры ўмове, што няма аналагаў у Беларусі.
Асаблівы гонар прадпрымальніка – лінейкі дзіцячага, падлеткавага абутку фабрыкі “Нёман”, гаворыць, менавіта пра такі тавар можна сказаць, што кошт адпавядае якасці, а якасць – кошту, і ўпэўнівае, што вяртання тавару з боку пакупніка не было ні разу.
– Чаму ў сваім бізнесе раблю акцэнт на продаж абутку і адзення айчынных вытворцаў? Адказ адзін – якасць і камфорт, – распавядае жанчына. – Лічу, што адзенне і абутак, асабліва для дзяцей, павінны быць зроблены па Дзяржстандартам і з якаснага матэрыялу. Гэта здароўе дзяцей. Па-другое, нашы беларускія прадпрыемствы ўдасканальваюць маркетынгавыя крокі. З’яўляюцца новыя прапановы. Напрыклад, пры набыцці школьнай формы прыкладваюцца камплекты канцылярскіх тавараў.
Трэба адзначыць, што бізнес-вумен не абмежоўваецца дзейнасцю ў краме. Для валодання сітуацыяй на рынку працы, яна з’яўляецца членам бізнес саюза “Канструктыўны дыялог”, які ўваходзіць у склад Савета па развіцці прадпрымальніцтва Рэспублікі Беларусь. Анлайн-дыскусіі, кансультацыі пра якасць тавара вытворцаў з бізнес-партнёрамі краіны і бліжэйшага замежжа – звычайны рытм для Марыны.
– Адкрыць асабісты бізнес – вельмі важны крок. Ты бачыш на прыкладзе канкрэтнай справы, плён сваёй працы. Адсюль і перамены ў характары – павышаная адказнасць, патрабавальнасць да сябе і тых, хто побач, жаданне рухацца наперад. Ты ведаеш, што поспех залежыць толькі ад цябе.
Цікаўлюся, як паспявае жанчына сумяшчаць бізнес з сямейнымі абавязкамі.
– Я не ставіла перад сабою такі выбар – быць маці ці бізнес-вумен. Мне патрэбна было быць і той, і другой. Ведаеце, многія жанчыны гавораць, што кар’ера для іх – гэта ўсё. А для мяне ўсё ж такі ўсё – гэта сям’я, але і праца – таксама важная частка жыцця. І я не хацела выбіраць. Я вырашыла, што ў мяне будзе і тое, і другое.
Марына дадае, што ёй вельмі пашанцавала з мужам. Ен заўсёды верыў у яе і падтрымліваў самыя неверагодныя ідэі.
Крочачы ў нагу з часам, Марына знаходзіць час для павышэння сваіх ведаў у розных накірунках, пачынаючы ад псіхалогіі і маркетынгу, да развядзення кветак і эксперыментаў у кулінарыі.
У цэлым, нястомная энергія, імкненне да ўдасканалення, неймаверная працаздольнасць зрабілі сваю справу. Жанчына знайшла сваё месца ў жыцці: выхоўвае дзяцей, увасобіла сваю ідэю ў жыццё, мае актыўную грамадзянскую пазіцыю.
А яшчэ ў яе марах пабудаваць краму для дзяцей на асабістым надзеле зямлі, дзе будуць гульнявыя пляцоўкі для дзяцей, пакуль бацькі набываюць тавар.
Ад усёй душы хочацца пажадаць нашай гераіні поспехаў у задуманым, далейшага росквіту і жаночага шчасця.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о