Узбочыны ў чаканні добраўпарадкавання

0
143

Ранняя вясна – час навядзення парадку і добраўпарадкавання населеных пунктаў раёна, правядзення суботнікаў і экалагічных акцый. Чым актыўней і якасней мы спрацуем у гэты перыяд, тым прыгажэй і ўтульней будзе на нашых вуліцах, у ваколіцах населеных пунктаў, лясных масівах, на берагах рэк і іншых вадаёмаў.
Тэма належнага ўтрымання тэрыторый агульнага карыстання неаднаразова трапляла ў поле зроку нашых карэспандэнтаў, прычым як са станоўчага, так і з адмоўнага боку.
Сёлетняя вясна – чарговая магчымасць “закрыць” набалелыя тэмы. Адна з іх – пні на месцы спілаваных некалі дрэў і малады параснік вышынёй больш за тры метры уздоўж праезнай часткі па вуліцы Пушкіна, што ў райцэнтры.
Штогод ранняй вясной “ажываюць” спілаваныя некалькі гадоў таму ліпы, даючы чарговыя маладыя пабегі побач з пнём былога дрэва. З-за адсутнасці тратуараў зімой снегаўборачная тэхніка магла б “зачапіць” больш узбочыны, аднак схаваныя пад снегам пні стрымліваюць вадзіцеляў. У вясенне-летні перыяд расліннасць прыцягвае школьнікаў, якія часам хаваюцца за ёю, ладзяць свае гульні, вясёлай кампаніяй вяртаючыся са школы. З-за яе часам ступае на праезную частку і дарослы пешаход, нечакана для вадзіцеляў выбіраючыся з узбочыны на дарогу. Ды і паркуючыся на ўзбочыне, трэба таксама быць уважлівым, каб не наскочыць на пень.
І гэта не гаворачы ўжо пра знешнюю непрывабнасць вуліцы з такімі стыхійнымі недараслінамі і рэшткамі былых дрэў. Санітарная падрэзка, якая з пэўнай перыядычнасцю выконваецца, праблему не вырашае: праз некалькі гадоў сітуацыя паўтараецца. Выйсце ёсць. Адным з пунктаў вясенняга добраўпарадкавання райцэнтра магло б стаць навядзенне парадку на ўзбочынах вуліцы Пушкіна.

Галіна КАЗАК.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о