На Петрыкаўшчыне прайшоў раённы конкурс прафесійнага майстэрства сярод тэхнікаў-асемянатараў

Узнаўленне статка – у іх умелых рукахСпецыялісты па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы ў любой сельскагаспадарчай арганізацыі з’яўляюцца адной з ключавых фігур. Ад якасці іх работы залежыць развіццё як жывёлагадоўлі, так і гаспадаркі ў цэлым. У прамой залежнасці ад кваліфікацыі і досведу гэтых людзей – узнаўленне асноўнага статка, узровень надояў малака і сутачных прыбаўленняў у вазе жывёл. Таму кожны год, нягледзячы на штодзённую практыку, гэтыя спецыялісты павінны пацвярджаць сваю кваліфікацыю.

Сёлета раённы конкурс сярод тэхнікаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы прайшоў на базе ААТ “Пціч-Агра”. За права называцца лепшым тэхнікам-асемянатарам раёна змагаліся 20 спецыялістаў.
Удзельнікам конкурсу трэба было прайсці два этапы – тэарэтычны і практычны. Што да першага, то пытанні насілі даволі разнапланавы характар. У час конкурсу члены камісіі, выпраўляючы пры неабходнасці недакладнасці, папаўнялі багаж ведаў удзельнікаў.

Узнаўленне статка – у іх умелых рукахДругі этап спаборніцтваў уяўляў сабой дэманстрацыю практычных навыкаў. Кожны з канкурсантаў дэталёва расказваў аб працэсе падрыхтоўкі да працэдуры і тэхналогіі асемянення кароў, паралельна дэманструючы адпаведныя маніпуляцыі.
Важна адзначыць, што члены камісіі, падводзячы вынікі конкурсу, выстаўлялі балы не толькі за тэарэтычную і практычную часткі. Улічваліся шматлікія паказчыкі: вонкавы выгляд спецыялістаў, арганізацыя працоўнага месца, падрыхтоўка прылад да асемянення, правільнасць вызначэння якасці насення пад мікраскопам, але галоўным крытэрыем ацэнкі з’яўляўся вынік практычнай працы за бягучы год – колькасць асямененых жывёл, выніковасць асемянення і выхад прыплоду.

Па выніках двух этапаў конкурснай праграмы трэцяе месца сярод тэхнікаў-асемянатараў буйной рагатай жывёлы заняла Таццяна Панамарова, спецыяліст УП “Палессе-Аграінвест”, якая атрымала ў 2021 годзе 61 галаву цяляці на 100 кароў і 45 балаў пры атэстацыі. Другой стала Галіна Філіпава з ААТ “Пціч-Агра”, прадэманстраваўшы наступны вынік: 63 галавы цяляці на 100 кароў і 45,5 балаў пры атэстацыі. Перамогу ў раённым конкурсе сёлета святкавала Любоў Чычыкайла (на фота), тэхнік-асемянатар ААТ “Камаровічы”, якая сярод калег мае лепшыя паказчыкі: 71 галава цяляці на 100 кароў і 51 бал пры атэстацыі.
– Канешне ж, задаволена сваім вынікам. Тэарэтычныя пытанні былі не з лёгкіх, як і практычная частка. Крыху замінала хваляванне, а вось у сваіх сілах і навыках я была ўпэўнена, – падзялілася эмоцыямі пераможца конкурсу Любоў Чычыкайла.
Ад імя раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК пераможцам конкурсу былі ўручаны ганаровыя граматы і грашовыя прэміі. Падзякай і каштоўным падарункам былі адзначаны Наталля Сахоўская, якая адпрацавала ў ААТ “Камаровічы” больш за дзесяць гадоў і самы малады ўдзельнік конкурсу – Ганна Лобзікава з УП “Палессе-Аграінвест”.

Галіна КАЗАК.
Фота Наталлі ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о