Здзяйснення намечаных планаў!

0
882

Здзяйснення намечаных планаў!

Аграрны сектар – асаблівая сфера дзейнасці. Становішча спраў у ім закранае інтарэсы практычна кожнага чалавека, бо, як неаднаразова справядліва зазначаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, вызначае харчовую бяспеку краіны. Таму напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці мы сустрэліся з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Алегам КОЗІНЦАМ, каб пагаварыць пра тое, якім быў гэты сельскагаспадарчы год для агракомплексу Петрыкаўшчыны, якімі намаганнямі і стараннямі дасягаюцца прыбаўкі ва ўраджаях, надоях і прывагах, якіх паказчыкаў удалося дасягнуць.

– Алег Георгіевіч, раскажыце, калі ласка, як сёлета склаліся справы ў вясковых працаўнікоў?
– Добра вядома, што лёгкага хлеба не бывае. Кожная пасяўная і ўборачная складаныя па-свойму, цяперашнія таксама не з’яўляюцца выключэннем. Сяўба збожжавых і зернебабовых культур сёлета на палетках раёна была праведзена ў аптымальныя тэрміны, выкананы ўсе неабходныя агратэхнічныя мерапрыемствы. Але неспрыяльныя ўмовы надвор’я ў нашай зоне адмоўна паўплывалі на канчатковы вынік. Зерня намалацілі меней, чым у мінулым годзе.
Але парадавала сёлета кукуруза. Царыцы палёў на зерне па стане на 1 лістапада атрымана 7,5 тысяч тон, што перавышае леташні намалот у 7 разоў. Так што грамадскі статак будзе забяспечаны на зімова-стойлавы перыяд.

– Раскажыце пра стан спраў у галіне жывёлагадоўлі.

– Прадукцыі жывёлаводства ў супастаўных коштах выраблена на суму 47 мільёнаў рублёў ці 103,1% да ўзроўню мінулага году і гэта не можа не радаваць. Прадукцыі вырошчвання свіней атрымана 1728 тон, на 132 тоны ці 8% вышэй узроўню мінулага года. Сярэднясутачная прывага на гэты перыяд склала 634 грамы – на 25 грамаў болей чым у мінулым годзе.
За студзень-кастрычнік бягучага года атрымана прыплоду маладняка БРЖ на 388 галоў ці на 5,4% болей, чым у 2022 годзе. Малака надоена на суму 29,5 мільёна рублёў ці 104 % да мінулагодняга паказчыка.
Сярэднясутачная прывага БРЖ склала 545 грамаў, дадалі 25 грамаў да паказчыка 2022 года.

– Наколькі забяспечаны гаспадаркі кармамі?
– Як ніколі раней, парадавалі добрым ураджаем кармавыя палеткі, асабліва кукуруза. З кожнага з 17,6 тысяч гектараў, занятых гэтай культурай, нарыхтавана па 180 цэнтнераў зялёнай массы, што дало магчымасць закласці ў траншэі 180 тысяч тон высакаякаснага кукурузнага сіласу.
Для зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы гаспадаркамі раёна нарыхтавана 94 тысячы тон сенажу, 6,5 тысяч тон сена і 180 тысяч тон сіласу.
Агульная забяспечанасць жывёлы травяністымі кармамі ў цэлым па раёне ў разліку на ўмоўную галаву склала 37,5 цэнтнераў кармавых адзінак. Такім чынам, па грубых, сакавітых кармах і з улікам зерня кукурузы – праблем у зімовы стойлавы перыяд у жывёлагадоўчай галіне раёна быць не павінна. І па якасці кармоў у сельгасарганізацыях папрацавалі нядрэнна.
Нарыхтаваны аб’ём кармоў дазволіць забяспечыць стабільнае развіццё галіны жывёлагадоўлі.

– Адпаведна будзе і малако?
– На гэта і працуем. Ужо па выніках 10 месяцаў мелі станоўчую дынаміку, далей плануем толькі дадаваць. Так, за студзень-кастрычнік рэалізавана 26,6 тысяч тон малака, што больш мінулагодняга паказчыка на 848 тон ці 103,3 %. Сярэдні надой на адну карову дасягнуў паказчыка 2709 кілаграмаў, што на 153 кілаграмы больш за паказчык 2022 года.
Магу ўпэўнена сказаць, што на сённяшні дзень у нас ёсць усё, каб гэту планку пераадолець.
Вынікі сельскагаспадарчага года даюць надзею на паступовае паляпшэнне эканамічных паказчыкаў аграрнай галіны нашага раёна. За студзень-кастрычнік тэмп росту валавай прадукцыі склаў 101,1 % да ўзроўню мінулага года, у тым ліку прадукцыі жывёлагадоўлі – на 103,1 %, раслінаводства – на 100 %.
Хачу адзначыць, што галоўная мэта ўсёй нашай работы – павышэнне дабрабыту людзей. Годная заработная плата, належныя ўмовы працы і камфортныя ўмовы пражывання – на гэта і накіраваны ўсе намаганні па павышэнні паказчыкаў, атрыманні большай “валоўкі”, а значыць – неабходных грашовых сродкаў.
За студзень-кастрычнік бягучага года сярэдняя заработная плата ў сельскай гаспадарцы раёна склала 1164 рублі. Будзем і далей працаваць на павелічэнне яе ўзроўню.
А ўвогуле, у раслінаводчай і жывёлагадоўчай галінах аграрнага сектара ёсць яшчэ рэзервы: мы іх ведаем і будзем задзейнічаць для павышэння эфектыўнасці работы.

– Вашыя пажаданні работнікам сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, ветэранам галіны напярэдадні свята?
– Па-першае, шчыра дзякую ўсім жыхарам раёна, хто сёння заняты ў галіне сельскай гаспадаркі або знаходзіцца ўжо на заслужаным адпачынку, за працу на карысць развіцця раёна, роднай Беларусі. Жадаю кожнаму моцнага здароўя, дабрабыту і ладу ў сем’ях.
Перад намі стаяць высокія задачы, аднак я цвёрда ўпэўнены, што нам яны па плячы і ў будучым мы разам дасягнем яшчэ большых паказчыкаў па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.
Новых поспехаў нам усім і здзяйснення намечаных планаў!

Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о