Два апошнія туры першай лігі Нацыянальнага чэмпіянату па футболе выдаліся для петрыкаўскага “Шахцёра” не самымі лёгкімі. Сапернікі з верхняй часткі турнірнай табліцы не давалі забіць самай забіваючай камандзе. Як так сталася?

У 17-м туры 4 верасня “калійшчыкі” сустракаліся ў гасцявым матчы з бліжэйшымі канкурэнтамі – “Смаргонню”. Госці пачалі востра, але з цягам часу “Шахцёр” перахапіў ініцыятыву і нават мог вырвацца наперад, але крыўднае пападанне ў перакладзіну, а потым і грубая памылка Ягора Лапуна ў абароне далі адваротны вынік – 0:1 на 43-й хвіліне.
Пасля перапынку “Смаргонь” кінула ўсе сілы на ўтрыманне ліку. Пры такой шчыльнай абароне петрыкаўская дружына павінна была дзейнічаць больш пільна і дакладна, выкарыстоўваючы ўвесь арсенал варыятыўнасці. Але брак у індывідуальнай гульні не дазволіў “Шахцёру” падабраць ключ да замка абароны гаспадароў. Здаецца, моманты былі, але выглядалі яны хутчэй бяззуба.
З мінімальнай перавагай “Смаргонь” забірае тры ачкі і выходзіць на першае месца ў бягучым “табелі аб рангах”.

Дзве гульні  без забітых мячоў
Момантаў было дастаткова, але рэалізаваць іх “Шахцёру” не ўдалося

Сустрэча з рагачоўскім “Макслайнам” на стадыёне “Прыпяць” у гэтую нядзелю была не менш цікавай. Нагадаем, што менавіта ад гэтага калектыву “салевікі” пацярпелі першае паражэнне ў першым крузе, таму надзея заўзятараў на рэванш падагравала цікаваць да сустрэчы.
Пачалі каманды сярэднім тэмпам. Футбалісты абодвух бакоў выглядалі дастаткова роўна, хіба што ў тэхнічным плане гаспадары здава-ліся крышачку мацнейшымі. Вялікая колькасць штурмаў патэнцыяльна маглі прывесці да ўзяцця варот, але зноў наглядалася нейкая прастата атак, ды і апошні рубеж – кіперы каманд, працавалі надзейна.
У другім тайме абедзве каманды збавілі абароты. Моманты так і засталіся нерэалізаванымі, пры тым што знайшлося месца і расчаравальнай крыжавіне ў варот “Макслайна”, і работы, па-ранейшаму, абодвум варатарам хапала. Як следства – баявая нічыя з сухім лікам на табло і па аднаму ачку на рахунак кожнай каманды.
Пасля 18-га тура “Шахцёр” займае другое месца пасля “Смаргоні”, але такую ж колькасць ачкоў – 36, з петрыкаўскім клубам зноў падзяляе наваполацкі “Нафтан”.
Пра наступныя матчы мы паведамім дадаткова – сачыце за навінамі. Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о