Калі мы пачынаем гаварыць пра Дзень Незалежнасці, то непарыўна звязваем гэтую падзею з вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Што адбывалася 76 гадоў таму на Петрыкаўшчыне? Пра нялёгкі шлях сапёра і пасляваеннае аднаўленне нам распавёў Уладзімір Будовіч.

Усё жыццё думаў пра Радзіму

Зусім нядаўна, 24 чэрвеня, дзядуля адзначыў 92-гі дзень нараджэння. Здароўе, мовіў наш герой, ужо не тое, кожны дзень адчувае сябе па-рознаму, але намагаецца трымацца бадзёра.

– Калі была вайна, нас вывезлі ў Германію. Я працаваў парабкам у гаспадара. Памятаю, нашы войскі ўжо падыходзілі, неўзабаве павінны былі вызваліць. Гаспадар кудысьці адлучыўся, а я вырашыў пакарміць скаціну. Зайшоў з віламі ў хлеў і тут выскачыў немец з узнятымі ўверх рукамі і крыкам “Гітлер капут!”. Так я напужаў яго, а ён мяне.

У 44-м годзе мяне, як і многіх іншых падлеткаў, накіравалі на вучобу ў Мазыр, дзе я атрымаў кваліфікацыю інструктара па размініраванні і сборы трафеяў, якім і працаваў да 46 года. У мяне ў падпарадкаванні было 2 сяржанты.

У гэты момант Уладзімір Васільевіч пачынае загінаць пальцы: Вялаўск, Мардзвін, Снядзін, Таргашын, Судзібар – і гэта толькі зарэчная зона. Затым дзядуля з усмешкай дадае: “Ну і населеныя пункты на гэтым беразе ад Петрыкава да Ляскавіч. Асабліва багата “работы” было ў горадзе, пад схілам у раёне старых могілак. – Адтуль мы дасталі 6-7 тысяч мін. Я нават ледзь з жыццём не развітаўся на тым месцы…

Потым, калі размініраванне скончылася, Уладзімір Будовіч уладкаваўся працаваць сплаў-шчыкам лесу. У 1949 годзе мужчыну прызвалі ў чыгуначныя войскі Узброеных Сіл СССР. Затым Уладзімір служыў ва Украіне, у Данецкай вобласці. З’явілася сям’я, а потым накіраванне ў палкавую школу сяржантаў, што знаходзілася ў Сталінградзе.

Пасля сяржанцкай школы мужчыну адправілі на фармінаванне батальёна ў Харкаў, адкуль падраздзяленне адправілася на Байкал. Займалася аднаўленнем мастоў, будаўніцтвам чыгункі. Затым была вучоба ў Яраслаўлі, адкуль Уладзіміра Будовіча ад-правілі ў Манголію будаваць чыгунку да Кітая.

– Служба была нялёгкая, стаялі мы ў пустыні, жылі з сям’ёй у юрце, потым перабраліся ў новабудоўлю – казарму. З жонкай Лідзіяй Рыгораўнай нарадзілі дзвюх дачок. Калі будаўніцтва скончылася, наша падраздзяленне было расфарміравана, мы зноў накіраваліся ва Украіну, на гэты раз у горад Дружба Сумскай вобласці. Кажучы шчыра, мы будавалі аб’екты ва ўсіх рэспубліках Савецкага Саюза. Ці былі цяжкасці? Зразумела, а як жа без іх?! Але найскладанейшым для мяне быў цяжар расстання з сям’ёй, калі мяне накіравалі на БАМ. Справа ў тым, што сям’ю туды ўзяць было нельга. Я пісаў рапарты, але іх не задавальнялі – быў вялікі дэфіцыт кадраў. І вось у 1976 годзе я, нарэшце, скончыў сваю 25-гадовую службу на пасадзе намесніка камбата па забеспячэнні ў званні маёра.

Сям’я вярнулася ў Петрыкаў. Пабудавалі хату побач з бацькамі жонкі. Уладзімір Будовіч уладкаваўся майстрам цэха КБА, затым узначальваў таварыства аўтамотааматараў, а потым, каля дзясятка гадоў, працаваў інжынерам па тэхніцы бяспекі на суднабудаўнічым заводзе. Старэйшая дачка Галіна з сям’ёй жыве ў Расіі, малодшая Света, засталася тут. Жывуць побач, у хаце цесця. Вядома, сям’я зрабіла добры рамонт, ды такі, што старога дома і не пазнаеш!

Уладзімір Будовіч працягнуў аповед: “Я б і далей яшчэ працаваў, але трэба было даглядаць унукаў. Увогуле, іх у мяне чацвёра і сем праўнукаў. Вось што пакажу, глядзі, гэта праўнучка мая, Ганначка, яны з сям’ёй у Гомелі жывуць. Да 75-годдзя Перамогі вось такім здымкам мяне павіншавалі, – узнёсла распавядае Уладзімір Васільевіч, паглядаючы на фотакартку маленькай дзяўчынкі ў пілотцы з ружай у руцэ.
Адзінае, пра што шкадуе наш герой, што жонка пайшла з жыцця. Узгадвае з цеплынёй: “Лідзія на два гады малодшая за мяне і ўсё жыццё была побач: з арміі дачакалася, палову свету са мной аб’ездзіла. А калі састарэлі – тры разы мяне ратавала. Я думаў што раней за яе пайду, а тут бачыш як… Сколькі адмерана кожнаму, столькі і пражывеш. Каханай маёй Бог 84 гады падараваў, а мне вось болей – з самотным позіркам сказаў дзядуля.

– У многіх месцах нам пабываць давялося, калі б захацелі, то засталіся, дзе пажадалі. Але сюды вярнуліся. Тут я нарадзіўся, тут сваякі мае. Я ж, калі далёка быў, не горы ці моры сніў, а вось гэтыя месцы, гэты бераг, гэтую Прыпяць. Радзіма тут мая, разумееш?.. Таму ўсё жыццё ў бясконцых камандзіроўках думаў пра свой Петрыкаў на Палессі.

А чытачам хачу пажадаць, каб жылі ў міры адзін з адным, ну і, зразумела, здароўя і доўгіх гадоў жыцця, не менш чым у мяне!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о