На мінулым тыдні карэспандэнт “Петрыкаўскіх навін” наведала раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Асаблівай нагоды для сустрэчы з выхаванцамі цэнтра не было: супрацоўнікі газеты час ад часу просяць дазволу ў кіраўніцтва ўстановы пабываць у іх у гасцях. Мэта такіх візітаў і наступных публікацый – нагадаць пра дзяцей, якія па волі лёсу надзелены прыстаўкай “асаблівыя”, расказаць пра рэалізацыю іх права на жыццё ў грамадстве.

На занятках у цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі я прысутнічала не першы раз. Не перастае здзіўляць атмасфера ў класах, якую ствараюць дарослыя: цёплыя словы, усмешкі, абдымкі – у дадзенай установе няма месца абыякавасці. У Цэнтры функцыяніруюць два класы, у якіх навучаюцца дзеці рознага ўзросту і з рознымі дыягназамі, але кожны атрымлівае магчымасць навучыцца навыкам, неабходным у жыцці. У класе “А” займаюцца шэсць чалавек, якія ў рамках авалодвання спецпраграмы вучацца важным для іх рэчам: самастойна есці, абслугоўваць сябе, мець зносіны з навакольнымі, шукаюць сабе занятак па інтарэсах.

Урокі ласкі і дабрыні

Мой візіт прыйшоўся на ўрок выяўленчага мастацтва. За сталом дарослыя і дзеці. Настаўнікі дапамагаюць стварэнню малюнка, у іх руках – рукі з алоўкамі дзяцей. Што кранае – настаўнікі ўвесь час размаўляюць з падапечнымі. Нягледзячы на тое, што практычна ўсе дзяўчынкі і хлопчыкі не валодаюць навыкам маўлення, кантакт паміж дуэтам адчувальны: поглядамі, рухамі, паводзінамі дзеці навучыліся дэманстраваць свае адносіны да сітуацыі. Малюнак скончаны. Навучэнцы атрымліваюць пахвалу за працу, што, як мне падалося, павысіла іх упэўненасць у сабе. Час рухомага перапынку. Гучыць знаёмая для дзяцей музыка і дарослыя вядуць іх у гульнявой манеры танчыць. Нягледзячы на тое, што практычна ў кожнага дзіцяці ёсць суправаджаючы, адчуваецца: дзеці з інваліднасцю ведаюць далейшыя дзеянні і дэманструюць вывучаныя раней рухі.

Урокі ласкі і дабрыні

– Кожны з шасці рабят у класе індывідуальны і патрабуе асаблівага падыходу. Хтосьці любіць маляваць, хтосьці аддае перавагу цацкам, рухомым заняткам, а ёсць такія, што хочуць больш увагі да сябе, – з любоўю пра сваіх маленькіх сяброў расказвае педагог Валянціна Купрацэвіч. – Мы вучымся мець зносіны, жыць у калектыве, спрабуем быць самастойнымі. Бачыце, на кожным стале налеплены фотаздымак аднаго з навучэнцаў – там яго працоўнае месца. Мы вучым, каб кожны знайшоў сябе на фота і ведаў, дзе ён будзе сядзець. І калі гэтая задача або іншая ў іх атрымліваецца, мяне перапаўняе радасць, дзеля такіх момантаў трэба працаваць і рухацца далей.

Урокі ласкі і дабрыні

Педагог не хавае, не заўсёды атрымліваецца дасягнуць жаданага выніку, але калектыў Цэнтра робіць усё магчымае, каб у паводзінах наведвальнікаў назіраліся зрухі, каб яны пачыналі прамаўляць асобныя гукі ці нават словы, хтосьці стаў мацней здароўем ці больш упэўненым ў сабе, навучыўся нейкім чынам тлумачыць свае жаданні.

У класе “Б”, як і ў папярэднім, навучэнцы забяспечаны ўсім неабходным – канцылярскімі таварамі, матэрыяламі для творчасці, развіваючымі гульнямі. Тут займаюцца пяць дзяцей старэйшага ўзросту. Праграма навучання разлічана на замацаванне набытых навыкаў жыццядзейнасці перад пераходам у больш дарослае жыццё, і ўжо без настаўнікаў Цэнтра. Паказальна, што за гады наведвання маленькімі інвалідамі дадзенай установы, супрацоўнікі Цэнтра зрабілі ўсё магчымае, каб дзеці адчувалі сябе звычайнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Вучні смела пазіруюць на фота, усміхаюцца мне і без мітусні працуюць разам з дарослымі над агульнай калектыўнай справай.

Урокі ласкі і дабрыні

– Наша задача – павысіць якасць жыцця гэтых дзяцей у будучыні, навучыць іх зносінам з навакольным светам, умець паклапаціцца пра сябе. Наколькі гэта магчыма, залежыць, на жаль, не толькі ад дарослых, а ад таго патэнцыялу, які закладзены ў дзіцяці, які дыягназ пастаўлены. Але мы праз зносіны, творчасць, гульню, музыку прыкладаем максімум намаганняў наблізіць іх да жыцця звычайнага чалавека. І ў нас многае атрымліваецца, – дзеліцца настаўнік Таццяна Ляскоўская.

Знаходзячыся ў Цэнтры, я вызначыла для сябе, што гэтая ўстанова – не проста ўтульныя класы, магчымасці для асаблівых дзяцей, педагогі – без асаблівага паклікання якія працаваць тут проста не змогуць. Гэта нешта большае. У разуменні нас як грамадства. Нам пашанцавала, што мы жывём у сацыяльна арыентаванай дзяржаве, што ёсць дзяржаграпрамы, якія накіраваны на падтрымку сем’яў, дзе расце дзіця з асаблівасцямі ў развіцці. І гэта гісторыя не пра жаль, а пра сапраўдныя чалавечыя адносіны да бліжняга.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о