На Петрыкаўшчыне стартавалі восеньскія кірмашы Агародніну, садавіну новага ўраджаю, іншую сельскагаспадарчую і харчовую прадукцыю можна было ў шырокім асартыменце набыць у мінулую суботу на гандлёвай пляцоўцы райцэнтра. Тут праходзіў першы ў гэтым годзе восеньскі кірмаш.

Афіцыйны старт гандлю быў прызначаны на 9 гадзін раніцы, аднак многія пакупнікі прыйшлі і прыехалі на кірмаш раней і ў хуткім часе ўжо адбывалі з поўным наборам купленай прадукцыі. Акрамя вырашчанага на фермерскіх гаспадарках, сельгасарганізацыях, прыватных падворках землякоў, на мерапрыемстве можна было ўбачыць і плён работы на зямлі нашых суседзяў з Жыткавіцкага, Калінкавіцкага раёнаў, а таксама з Брэстчыны.

Варта зазначыць, што жыхары райцэнтра актыўна ішлі па сезонныя пакупкі. Асаблівым попытам карысталіся бульба, капуста, морква, мёд, часнык. Значныя чэргі стаялі каля гандлёвых радоў з таматамі, салодкім перцам і, на здзіўленне, проста ішоў на “ўра” некалі экзатычны для нас баклажан. Што датычыцца кошту на запатрабаваную гародніну, то ён быў прымальны для любога кашалька.
У шырокім асартыменце была прадстаўлена і прадукцыя Жыткавіцкага філіяла Гомельскага абласнога спажывецкага таварыства, прыватнага бізнесу па выпечцы хлебабулачных вырабаў: каля іх павільёнаў чарга не змяншалася. Дбайныя гаспадары не праходзілі міма гандляроў саджанцамі пладовых дрэў, кустоў, ягад.

Хочацца зазначыць, што агульны настрой мерапрыемства быў па-сапраўднаму радасны і напоўнены дзелавой рызыкай: купіць, прадаць – справа сур’ёзная. Задавальненне ад кірмашу адчувалася ва ўсіх удзельнікаў працэсу.

– Дзень сёння цудоўны як у плане надвор’я, так і арганізацыі мерапрыемства. Гародніна, садавіна ў гэтым годзе вельмі смачныя, якасныя і вырошчваліся для землякоў з душою, – уступіла ў дыялог гаспадыня ўласнай прадукцыі, петрыкаўчанка Людміла Рудзько (на фота). – Жадаю ўсім смачна есці. Упэўнена: набытае сёння заслужыць нямала добрых слоў.

Мерапрыемства ўпрыгожылі выставы-продажы ўстаноў адукацыі, выступленне творчага калектыву філіяла “Курыціцкі СДК”.
Калі нехта не паспеў набыць неабходнае на зіму, не хвалюйцеся: па словах начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Таццяны Жукавец, восеньскія кірмашы працягнуцца да канца кастрычніка.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о