У сельгаспрадпрыемствах Петрыкаўшчыны актыўна вядуцца работы па падрыхтоўцы тэхнікі да новага аграрнага сезона.

0
714

У гэтыя снежаньскія дні асноўныя намаганні інжынерна-тэхнічнай службы сельгаспрадпрыемстваў раёна, як вядома, сканцэнтраваны ў мехмайстэрнях. Тут ідзе рамонт тэхнікі, якая будучай вясной павінна выйсці на палі і забяспечыць бесперабойную апрацоўку глебы згодна з цыклам сельскагаспадарчых работ.

У сельгаспрадпрыемствах Петрыкаўшчыны актыўна вядуцца работы па падрыхтоўцы тэхнікі да новага аграрнага сезона.Днямі мы сустрэліся з галоўным спецыялістам інтэнсіфікацыі АПК Аляксеям Доўгім, каб даведацца, як ідуць справы з рамонтам тэхнікі, ці ўсе запланаваныя на канец года мерапрыемствы будуць выкананы.

– Асенне-зімовы сезон – традыцыйны час рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі. Правядзенне вясенняй пасяўной кампаніі ў кароткія тэрміны з добрай якасцю і захаваннем усіх патрабаванняў па агратэхніцы і тэхніцы бяспекі магчыма толькі пры наяўнасці спраўных машын і агрэгатаў. Таму ўжо цяпер у гаспадарках раёна ідзе рамонт трактароў, камбайнаў, глебаапрацоўчай і пасяўной сельгастэхнікі, – пазначыў у час сустрэчы спецыяліст. – Усяго патрабуецца адрамантаваць 44 трактары, у тым ліку 17 энерганасычаных, 12 адзінак плугоў, 11 – дыскавых барон і дыскатараў, 2 камбінаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты, 8 камбінаваных пасяўных агрэгатаў, 15 сеялак кукурузных, 9 машын для ўнясення мінеральных угнаенняў, 8 – для ўнясення арганічных угнаенняў, 5 апрысквальнікаў.

Як паведаміў суразмоўца, частка тэхнікі рамантуецца, як гавораць, сваімі сіламі – механізатарамі і слесарамі сельгаспрадпрыемстваў, частка тэхнікі мае патрэбу ў дапамозе спецыялізаваных рамонтных прадпрыемстваў.
Аляксей Доўгі звярнуў увагу, што сёння галоўнае – правільная арганізацыя работ і іх паслядоўнасць, выключнае выкананне ўсіх тэхналогій.

З абласнога бюджэту на запасныя часткі і правядзенне рамонтных работ выдзелена больш за 557 тысяч беларускіх рублёў. З раённага бюджэту на запасныя часткі і паслугі па рамонце, а таксама набыццё дызельнага паліва выдаткавана 600 тысяч рублёў.
“Трэба адзначыць, што кіраўніцтвам раёна і інжынернымі службамі пытанне рамонту тэхнікі трымаецца на пастаянным кантролі, а маніторынг стану правядзення рамонтных работ праводзіцца рэгулярна”, – дадаў у завяршэнні размовы Аляксей Доўгі.

Галіна КАЗАК,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о