У Петрыкаве адбылося шанаванне жанчын Петрыкаўшчыны

0
853

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня ў раённым Доме культуры адбылося традыцыйнае шанаванне прадстаўніц прыгожай паловы Петрыкаўшчыны.

У зале сабраліся прадстаўніцы розных прафесій, якія годна працуюць на вынік. Але не толькі плённай працай слаўныя нашыя жанчыны, кожная з іх – любячая жонка і маці, сапраўдная крыніца свету і пяшчоты для сваіх родных. Менавіта такі лейтматыў адчуваўся ў словах старшыні раённага Савета дэпутатаў Сяргея Макарэвіча, які распачаў урачыстасць: “Змяняецца час, пакаленні, але каштоўнасці, што ўвасабляе жанчына: любоў, мацярынства, дабрыня, прыгажосць – заўсёды застануцца нязменнымі. Сілай свайго духу, дабрынёй сэрца вы робіце свет навокал больш дасканалым, гуманным”. Пасля прамовы Сяргей Аляксандравіч узнагародзіў падзякай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі за важкі асабісты ўнёсак у развіццё харэаграфічнага мастацтва, удзел у культурных мерапрыемствах і актыўнае грамадскае жыццё вядомага далёка за межамі Петрыкаўшчыны харэографа Ірыну Буднік.

У Петрыкаве адбылося шанаванне жанчын ПетрыкаўшчыныМерапрыемства працягнулася ў цёплай, добразычлівай атмасферы. Вядучыя распавядалі пра запрошаных жанчын, для прыгожай паловы гучалі цудоўныя песні, выконваліся танцы і быў нават арганізаваны паказ мод – новай калекцыі “Абярэгі душы” раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, што нікога не пакінуў абыякавым. Да віншаванняў далучаліся прысутныя на мерапрыемстве мужчыны з адміністрацыі раёна і кіраўнікі структурных падраздзяленняў Петрыкаўшчыны.
Напрыканцы ўрачыстасці жанчыны атрымалі падарункі і кветкі, пасля прысутныя мелі вольны час, каб па-свойску пагутарыць за кубкам гарбаты. Скончылася ўрачыстасць, вядома, самымі цёплымі пачуццямі і агульным фота на добрую памяць.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о