Святло веры і любові Хрыстовай

0
363

11 сакавіка ўшаноўваецца памяць 85-годдзя пакутніцкай смерці свяціцеля Іаана (Пашына) епіскапа Рыльскага. Яго хросны жыццёвы шлях сваім яркім прыкладам служэння Царкве Хрыстовай асвятляе дарогу да Бога ўсім нам, хто жыве ў XXI стагоддзі.

Святло веры і любові ХрыстовайНарадзіўся будучы епіскап Іаан 8 мая 1881 года ў горадзе Петрыкаве ў сям’і святара. Яго бацька Дзмітрый Пашын служыў у Васкрасенскім саборы (падарваны ў 1957 годзе). Маці была дачкой протаіерэя Васіля Завітневіча – святара Свята-Мікалаеўскай царквы вёскі Скрыгалава Мазырскага павета. З ранняга дзяцінства будучы ўладыка Іаан выхоўваўся ў сям’і дзядулі протаіерэя і жадаў стаць святаром. Таму з 1890 да 1895 года ён навучаўся ў Слуцкім духоўным вучылішчы, а затым з 1895 па 1901 год – у Мінскай Духоўнай Семінарыі. Стаўшы святаром, айцец Іаан годна нёс сваё пастырскае служэнне на парафіях: храма Прасвятой Багародзіцы ў сяле Князь-Возера Мазырскага павета, храма Свяціцеля Мікалая ў вёсцы Скрыгалава, храма велікапакутніка Георгія Пабеданосца вёскі Прылепы Мінскага павета, у горадзе Петрыкаве ў сане епіскапа Мазырска-Тураўскага, а таксама падчас ссылкі ў Курскай епархіі.
У сакавіку 1923 года протаіерэй Іаан Пашын быў узведзены ў сан епіскапа Мазырска-Тураўскага вікарыяцтва Мінскай епархіі, і праз некалькі дзён пасля пасвячэння ў сан архіерэя ён прыступае да служэння ў родным горадзе Петрыкаве. Маючы досвед духоўнага прапаведніка і асветніка, епіскап Іаан робіць усё магчымае для духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення. У пэўныя дні да яго прыходзілі дзеці з суседніх вёсак і ён вучыў іх царкоўным спевам, прыцягваў моладзь да служэння Богу ў сястрынстве міласэрнасці, шмат сам служыў у парафіяльных храмах па ўсёй акрузе. За бога-ўгодную працу на духоўнай ніве, калі новымі законамі разбуралася вера ў Бога, ва ўладыкі Іаана ўзнікаюць сур’ёзныя праблемы з уладай. Асобай нарадай пры Калегіі АДПУ ад 26 сакавіка 1926 года епіскап Мазырскі і Тураўскі Іаан быў высланы з Петрыкава. Не жадаючы страчваць сувязі са сваёй епархіяй, ён спыніўся ў Лоеве Гомельскай вобласці. У верасні ўладыку асудзілі на ссылку ў Зыранскі край. Ён прабыў на поўначы тры гады, а ў 1929 годзе быў пераведзены ў горад Рыльск Курскай вобласці, дзе стаў вікарыем Курскага архіепіскапа Даміяна (Васкрасенскага). Тым не менш, пастановай Асобай Нарады АДПУ ад 7 снежня 1932 года свяціцеля Іаана асудзілі на дзесяць гадоў зняволення ў Цемнікаўскім канцлагеры. Там уладару давялося выконваць непа-сільную фізічную працу па нарыхтоўцы дроў на лесапавале. Цяжкія выпрабаванні падарвалі здароўе епіскапа Іаана, але не зламалі дух. Ён не пераставаў маліцца і здзяйсняць богаслужэнні ва ўмовах лагера. За гэта 5 сту-дзеня 1938 года тройка НКУС прыгаварыла свяціцеля Іаана да расстрэлу. Ён быў расстраляны 11 сакавіка 1938 года ў горадзе Чыб’ю Комі АССР і пахаваны ў агульнай магіле на невядомым месцы. Рэабілітавалі епіскапа Іаана (Пашына) у 1994 годзе.
У жніўні 2000 года Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы ўладыка Іаан прылічаны да ліку святых як новапакутнік і прапаведнік.
Зямля Палеская захоўвае памяць пра дабрадзейнае жыццё святога пакутніка Іаана (Пашына) епіскапа Рыльскага, асвячаючыся святлом яго духоўнага подзвігу ў імя веры і любові Хрыстовай.

Благачынны
Петрыкаўскай акругі
протаіерэй Васіль Немеш.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о