У чарговы раз яскравы вынік

0
877

Днямі ў горадзе Гомелі адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя Беларускага грамадскага аб’яднання “Ветэраны фізічнай культуры і спорту”, у якой прынялі ўдзел дэлегаты ад петрыкаўскай “пярвічкі” – Сяргей Шпак і аўтар гэтых радкоў.

Са справаздачай перад прысутнымі выступіў старшыня абласной структуры Мікалай Нілаў. Прыемна было пачуць у час прамовы словы падзякі на адрас арганізацыі “Ветэраны фізічнай культуры і спорту Петрыкаўскага раёна”. Дастаткова адзначыць, што наша “пярвічка” трэці год запар займае другое месца ў конкурсе-аглядзе на лепшую арганізацыю і вядзенне спартыўна-масавай і аздараўленчай работы сярод ветэранаў. Вынікі падводзіліся зыходзячы з масавасці “пярвічак”, колькасці арганізаваных спаборніцтваў і іншых мерапрыемстваў, прыцягнутых спонсарскіх сродкаў, справаздачу і, нават, колькасці публікацый у СМІ.

Так, на пачатак года на ўліку ў петрыкаўскай пярвічнай арганізацыі налічваецца 43 члены, з якіх 6 – жанчыны. Асноўнымі кірункамі нашай дзейнасці з’яўляецца арганізацыя актыўнага адпачынку і здаровага ладу жыцця, прапаганда патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, прыцягненне насельніцтва да штодзённых заняткаў фізічнай культурай і спортам. Акрамя гэтага, мы аказваем актыўную дапамогу спартыўным падраздзяленням раёна па правядзенні і судзействе спаборніцтваў. Мы лічым сваім абавязкам наведваць ветэранаў спорту Петрыкаўшчыны па адрасах жыхарства і, калі так сталася, – ва ўстановах аховы здароўя.

За 2022 год пярвічкай было праведзена 10 спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў, сярод якіх наша ўласная спартакіяда па 5-ці відах спорту, удзел у раённай спартакіядзе і перамога ў шахматах, экскурсійна-турыстычныя маршруты па рацэ Прыпяць. Дзякуючы дамове з сектарам спорту і турызму райвыканкама і ФСК “Ураджай”, ветэраны маюць магчымасць бясплатна наведваць спартыўныя залы ў Петрыкаве і Капаткевічах. Асноўныя выдаткі нашай арганізацыі ажыццяўляюцца за кошт членскіх узносаў.

Годнага выніку магчыма было дамагчыся дзякуючы ўсім членам нашай арганізацыі. Мы будзем і надалей працаваць у накірунку развіцця ветэранскага спорту.
Сёлета, пасля двухгадовага перапынку з-за пандэміі, у маі зноў пройдзе абласная спартакіяда сярод ветэранаў фізічнай культуры і спорту Гомельшчыны. Каманда ад Петрыкаўшчыны будзе вызначана па выніках раённай спартакіяды, якую мы плануем арганізаваць напрыканцы красавіка.

Аляксей КАЮКАЛА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о