“Шахцёр” церпіць паражэнне, але ўздымаецца ў турнірнай табліцы

0
326

“Шахцёр” церпіць паражэнне,  але ўздымаецца ў турнірнай табліцыУ суботу, 18 лістапада, у рамках першай лігі Чэмпіянату Беларусі па футболе, на петрыкаўскім стадыёне “Прыпяць” адбылася апошняя хатняя сустрэча “Шахцёра” з магілёўскім футбольным клубам “Дняпро”.

З агульнага погляду на другі дывізіён, канешне, сітуацыя ў нізе турнірнай табліцы здаецца не вельмі цікавай. Ну каго з аматараў беларускага футбола заклапоціць, што за каманда ў выніку будзе зай-маць перадапошняе, 16-е месца, а які клуб размесціцца радком вышэй?

Але выніковае становішча прынцыпова важнае як раз для аматараў футбольных клубаў “Шахцёр” і “Слонім-2017”. Хоць у гэтым сезоне ў другую лігу апусціцца толькі адна каманда і дружына гэта вызначылася датэрмінова: апошні радок футбольнага “табелю аб рангах” заняў клуб “Асіповічы”, але сам па сабе статус перадапошняй дружыны ў табліцы радасці не выклікае, нібы згулялі спартсмены на мінімальным узроўні, нават не пазмагаліся.

На самой справе, у другой палове турніру “гарнякі” паказвалі больш-менш годныя вынікі і апошні хатні матч з’яўляецца гэтаму меркаванню яскравым доказам. Няхай сабе і не здабылі жоўта-чорныя ў гэтай гульні ачкоў, але выступілі, на мой погляд, годна, асабліва прымаючы да ўвагі той факт, што “Дняпро” зараз змагаецца з “Віцебскам” за другое месца спаборніцтваў і прамы выхад у элітны дывізіён чэмпіянату.

Настрой “калійшчыкаў” адчуваўся яшчэ перад выхадам на поле. Пэўна, застаўся ў камандзе, нягледзячы на абнаўленне саставу, дух саперніцтва і прынцыповага супрацьстаяння з магілёўскімі апанентамі яшчэ з 2019 года, калі абодва калектывы адкрыта заявілі пра планы павышэння ў класе, выступаючы яшчэ ў другой лізе. Нагадаю, што “Дняпро” тады стаў чэмпіёнам трэцяга дывізіёна, а “Шахцёр” заняў другое месца і абедзве каманды атрымалі “прапіску” ў больш прэстыжным турніры чэмпіянату.

І вось, распачалася чаканая сустрэча. Старт быў не самым імклівым, але даволі бадзёрым. З першых хвілін “дняпроўцы” разыгрывалі шырока і, верагодна, мелі намер расцягнуць абарону “калійшчыкаў” па ўсёй палове поля, а потым скарыстацца дзіркамі ў пазіцыях. “Салевікі” ж супрацьпаставілі рацыянальную стратэгію: гуляючы другім нумарам, каманда трымалася ў абароне ўсім саставам. У такім шчыльным становішчы футбалісты “Шахцёра” як ніколі раней апякалі сапернікаў і чапляліся за мяч, зводзячы ўсе штурмы сваіх варот да памылак апанентаў ці натуральнаму перахопу мяча. Заўважыць трэба і асаблівую акуратнасць гаспадароў. Словам, над сваёй абаронай “Шахцёр” папрацаваў нядрэнна, нібы штаб “салевікоў” грунтоўна разабраў трэнерскі падручнік. Іншае пытанне – чаму гэтага нельга было зрабіць раней?..

Зразумела, гульня ад абароны не дазваляла гаспадарам пераключацца на імклівыя атакі. Але бліжэй да сярэдзіны тайма на полі можна было назіраць пэўны парытэт у валоданні мячом, хоць непакоіцца прыходзілася, у большасці сваёй, брамніку петрыкаўскай дружыны. Так ці інакш, каманды падабраліся да фарватару гульні з сухімі лічбамі на табло. Станавілася відавочным, што “Дняпро” чакаюць у перапынку пэўныя тактычныя перастаноўкі.

Так яно і выйшла. Замест былых пазіцыйных атак госці пачалі аддаваць перавагу імклівым штурмам, а калі прайсці ў штрафную гаспадароў было складана – правяралі варатара ўдарамі ў сярэдняй дыстанцыі. Пасля шэрагу такіх спроб абарона “Шахцёра” зрабіла памылку: каля паўкруга штрафной на аднаго абаронцу “салевікоў” прыйшлося тры нападаючых з Магілёва, якія скарысталіся прасторай і мітуснёй: Мікіта Доўнар не здолеў нейтралізаваць удар нізам – 0:1 на 61-й хвіліне.

Час адыграцца ў “гарнякоў” яшчэ быў. Але куды “калійшчыкам” паспець за набраўшым абароты і вызначыўшым сваю гульню “Дняпром”?! Карацей кажучы, моманты ў гасцей яшчэ былі, але неахайнасць і брак не дазвалялі павялічыць перавагу. Госці нібы атрымалі чаканы вынік: маўляў, большага нам і не трэба, а сапернікі ўжо наўрад ці лік зраўняюць.
Нападзенне “Шахцёра” жа ў гэты час выглядала насамрэч бяззуба: праходы да варот трымаліся толькі на індывідуальнай гульні – адсюль і нязладжанасць у штурмах гаспадароў, бо аддаваць мяч, часам, не было каму ці рабіліся перадачы, мякка кажучы, не дакладна – і атакі захлыналіся недзе перад штрафной блакітна-белых. Свісток – і апаненты ўвозяць з Петрыкава запаветныя тры ачкі.

Але нават завяршэнне гэтай сустрэчы не вызначыла становішча дружыны з берагоў Прыпяці ў турнірнай табліцы. Роўная колькасць ачкоў са “Слонімам-2017” абумовіла цікавасць да гульні апошніх. На нашу карысць слонімчане пацярпелі паражэнне ад “Баранавічаў”, а фінальны тур калектыў з берагоў Шчары прапускае з-за няцотнай колькасці каманд-удзельніц. Урэшце, “салевікі” як бы і выйшлі на 15-е месца, але сітуацыя застаецца настолькі хісткай і будзе цалкам залежыць ад апошняй гульні. Давайце разбяромся чаму.

І “Шахцёр”, і “Слонім” маюць зараз па 22 ачкі. Пры роўнай колькасці балаў, лепшы калектыў вызначаецца па асабістых сустрэчах – але і тут нічыя. У 4-м туры “калійшчыкі” прайгралі слонімчанам у хатняй гульні 0:1, але ў 21-м туры перамаглі іх у гасцях з тым жа лікам. Далей глядзім на розніцу забітых і прапушчаных мячоў. Пасля гэтага тура, дзякуючы “Баранавічам”, паказчык зноў роўны: абодва клубы прапусцілі на 37 галоў больш, чым забілі. У такім выпадку мы павінны пераходзіць да агульнага паказчыку пераможных матчаў – вось тут “Шахцёр” мае лепшае дасягненне: 6 перамог, супраць 5-ці ў “Слоніма”. Але… Калі апошняя сустрэча з “Лідай” скончыцца для “гарнякоў” паражэннем, адпаведна і колькасць прапушчаных, адносна забітых мячоў, будзе больш высокай і “Слонім” зноў уздымецца на 15-ты радок табліцы. Таму, для захавання надзённага становішча ў “табелі аб рангах”, “Шахцёр” задавальняе толькі набраныя ачкі.

Вось якім непрадказальным бывае спорт, але за гэта мы яго і любім. Гасцявая сустрэча з футбольным клубам “Ліда” пачнецца ў 14 гадзін у суботу, 25 лістапада. Паглядзець матч можна будзе на youtube-канале беларускай федэрацыі футбола “АБФФ”. Спасылку на трансляцыю можаце знайсці напярэдадні сустрэчы ў нашых сацыяльных сетках. Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о