У Беларусі зацверджана новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі. Ужо з верасня ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу трэба вучыцца і працаваць па іншых правілах. Пра некаторыя з іх мы пагаварылі з начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама Людмілай ЖУКАВЕЦ.

Кодэкс аб адукацыі: новая рэдакцыя, іншыя правілы Людміла Мікалаеўна, 14 сту-дзеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон, якім зацвярджаецца новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі. Чым абумоўлена ўнясенне змен у дзеючы Кодэкс?

– Новая рэдакцыя накіравана на ўдасканаленне норм Кодэкса з улікам практыкі яго прымянення ў сучасных умовах, а таксама прывядзенне асобных прадпісанняў у адпаведнасць з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

У ранейшую версію дакумента ўнесена больш за 200 змен і паправак. Абноўлены Кодэкс аб адукацыі змяшчае 297 артыкулаў. Да таго ж уключана 17 новых артыкулаў.

– Якія змены закрануць сістэму агульнай сярэдняй адукацыі?

– Зменшыцца колькасць відаў устаноў адукацыі, але гэта не прывядзе да памяншэння іх колькасці, ушчамлення правоў вучняў на атрыманне адукацыі. Так, замест вучэбна-педагагічных комплексаў “дзіцячы сад-школа” (“дзіцячы сад-пачатковая школа”, “дзіцячы сад-базавая школа”, “дзіцячы сад-сярэдняя школа”) будуць “пачатковая школа”, “базавая школа”, “сярэдняя школа” з прадастаўленнем права рэалізоўваць праграму дашкольнай адукацыі.

У новай рэдакцыі Кодэкса прадугледжваецца ўсеагульнае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі (цяпер агульнай базавай адукацыі).

Гэта значыць, што ўсе вучні пасля 9 класа павінны прадоўжыць навучанне ў 10 класе?

– Не, не абавязкова. У новай рэдакцыі Кодэкса гаворыцца,  што ўсе навучэнцы павінны атрымаць агульную сярэднюю адукацыю (цяпер – абавязковую агульную базавую адукацыю). Завяршыць сярэднюю адукацыю вучні па-ранейшаму змогуць як у 10-11-м класе школ, так і ў каледжах. Гэтая змена  тлумачыцца тым, што ў краіне ёсць дзеці, якія, атрымаўшы базавую адукацыю, не працягнулі навучанне ні ў школах, ні ва ўстановах прафтэхадукацыі.

Унесены змяненні ў залічэнне дзяцей у 1 клас. Цяпер у школу можна пайсці ў 5 гадоў?

– Цяпер у 1 клас залічваюць дзяцей шасцігадовага ўзросту ці тых, каму шэсць гадоў спаўняецца да канца верасня. Па заяве аднаго з законных прадстаўнікоў у першы клас прымалі дзіця, якому шэсць гадоў спаўняецца з 1 па 30 верасня.

У новай рэдакцыі Кодэкса  прапісана, што ў 1 клас па-ранейшаму залічваюцца дзеці, якім 6 гадоў спаўняецца на 1 верасня года прыёму. Таксама ўводзіцца магчымасць прымаць у парадку выключэння дзяцей, якім шэсць гадоў споўніцца да 31 снежня першага навучальнага года. У такім выпадку з заявай бацькі павінны падаць даведку, у якой будзе ўказана, што дзіця гатова да навучання. Канчатковае рашэнне аб прыёме такіх дзяцей прымае педагагічны савет.

У Кодэксе зменена працягласць навучальнага года – 12 месяцаў замест 9. З чым гэта звязана?

– Навучальны год будзе пачынацца з 1 верасня і доўжыцца да 31 жніўня, а не да 31 мая. Але не трэба хвалявацца бацькам: вучыцца даўжэй не давядзецца. Канікулы з 1 чэрвеня па 31 жніўня застануцца. Неабходнасць такой праўкі звязана з тым, што ў час летніх канікул у школах таксама ідзе адукацыйны працэс: працуюць летнія лагеры, праводзяцца розныя мерапрыемствы. Дзеці занятыя круглы год, адсюль і новаўвядзенне.

Якія змены ўнесены ў шосты навучальны дзень?

– Як і раней, шосты школьны дзень з’яўляецца часткай цэласнай вучэбна-выхаваўчай сістэмы. Раней у шосты школьны дзень факультатыўныя заняткі праводзіліся толькі для вучняў старэйшых класаў. З 1 верасня, каб разгрузіць навучальныя дні ад факультатыўных заняткаў, школы будуць мець магчымасць праводзіць іх з 5 класа.

Цяпер бацькоў цікавіць залічэнне вучняў гімназіі ў 10 клас. Якія змены чакаюцца?

– Калі раней вучні гімназій пасля 9-га класа мелі права адразу перайсці ў 10 клас, то зараз для іх уводзіцца конкурс. Конкурсны адбор будзе ажыццяўляцца на падставе сярэдняга бала пасведчання аб базавай адукацыі і адзнак па профільных прадметах не ніжэй за 7 балаў. Разам з тым, гэта змяненне набудзе моц у 2023 го-дзе. Навучэнцы гімназіі, якія скончылі 9 класаў у 2022 годзе, пераходзяць у 10 клас без конкурсу.

– Ці зменіцца парадак залічэння вучняў у 5 клас гімназіі?

– Не. Навучэнцаў, якія завяршылі навучанне ў 4-м класе гімназіі, змогуць прадоўжыць навучанне ў 5-м класе без уступных экзаменаў.

– Змяненні закранулі і атэстацыю навучэнцаў. Як зменіцца колькасць экзаменаў  у выпускнікоў 9 класа?

– Выпускнікі 9-х класаў па-ранейшаму будуць здаваць  выпускныя экзамены. Цяпер дзевяці-класнікі здаюць тры прадметы – рускую і беларускую мовы (дыктант) і матэматыку (кантрольная). З наступнага навучальнага года дадаецца яшчэ адно выпрабаванне – гісторыя Беларусі.

А якія змены чакаюць выпускнікоў 11 класаў і абітурыентаў вышэйшых навучальных устаноў?

– Цяпер навучэнцы 11 класа  здаюць чатыры экзамены: па рускай мове або беларускай мове (па выбары навучэнцаў), па матэматыцы, а таксама па гісторыі Беларусі і замежнай мове. Пачынаючы з уступнай кампаніі 2023 года ў 11-м класе ўвядуць цэнтралізаваныя экзамены: па рускай ці беларускай мове (па выбары навучэнцаў) і па матэматыцы. Дзецям не давядзецца здаваць школьныя экзамены і цэнтралізаванае тэсціраванні па тых жа прадметах. Сертыфікаты цэнтралізаванага экзамена стануць падставай для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

На тэхнічныя спецыяльнасці гэта будзе сертыфікат аб цэнтралізаваным экзамене па рускай ці беларускай мове, а таксама матэматыцы. Пасля абітурыент здае профільны прадмет у выглядзе цэнтралізаванага тэсціравання. Калі гэта, напрыклад, медыцынская ВНУ, то неабходны сертыфікат цэнтралізаванага экзамену па мове і два сертыфікаты ЦТ: па хіміі і біялогіі.

– Якія новаўвядзенні ў Кодэксе закрануць выхаванцаў дашкольных устаноў?

– Па-першае, у новай рэдакцыі  Кодэкса з’явілася магчымасць атрымліваць дашкольную адукацыю дома.

Па-другое, аптымізаваны віды ўстаноў дашкольнай адукацыі. У мінулай рэдакцыі іх было шэсць, у новай засталіся толькі тры віды: дзіцячы сад; санаторны дзіцячы сад; дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці.

І яшчэ адна навіна – гэта магчымасць рэалізацыі праграмы дадатковай адукацыі. Гэта норма ўводзіцца ў Кодэкс упершыню. Яна дазволіць праводзіць у дзіцячых садах заняткі ў гуртках і іншыя віды работ для развіцця здольнасцей выхаванцаў.

– Вялікі дзякуй, Людміла Мікалаеўна, за змястоўную гутарку. Упэўнена, што ўсе заканадаўчыя новаўвядзенні спрацуюць на карысць сістэме адукацыі раёна.

Галіна КАЗАК.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о