Наталля Чаплінская – яшчэ адна наша зорка, без удзелу якой не абыходзіцца ні адзін канцэрт на петрыкаўскай сцэне. Па словах жанчыны, спяваць пачала ў 7 гадоў і з тых часоў не пакідала любімую справу, але сёння наш артыкул не толькі пра творчыя здольнасці Наталлі. 15 мая адзначаецца Міжнародны дзень сям’і, і ў гэтым плане гераіні вельмі пашанцавала. Разам з мужам Аляксандрам яны нарадзілі і выхоўваюць трое дзяцей. Пра знаёмства, сямейныя каштоўнасці і конкурс “Сям’я года” жанчына распавяла нам падрабязна.

Мая сям’я – крыніца любові!– З мужам мяне пазнаёміла яго сястра, якая была маёй добрай сяброўкай у час студэнцтва. На першае спатканне ён прыйшоў да мяне ў інтэрнат, але пераблытаў будынкі і амаль гадзіну чакаў пад мужчынскім інтэрнатам, а я выйшла – нікога няма. Значыць, не прыйшоў кавалер. Ён, зразумела, злаваўся, перадаў мне праз сваю сястру, што я дзяўчына несур’ёзная. Але калі сітуацыя высветлілася, у нас адбылася сустрэча, якая вырашыла будучы наш лёс. Пра пэўны час мы ажаніліся.

Наталля Міхайлаўна распавяла, што яна выхоўвалася ў шматдзетнай сям’і.
– Я старэйшая з дзяцей, у меня яшчэ дзве сястры-блізняткі і малодшы брат. Магчыма, гэта паўплывала на той факт, што ў нас нарадзілася трое дзетак. Але сказаць, што мы гэта планавалі – будзе не зусім правільна. Так склаліся абставіны. І мы ніколькі не шкадуем пра гэта.

Наталля таксама дадала, што сур’ёзнай дапамогай ім стала дзяржаўная праграма па падтрымцы шматдзетных сем’яў, дзякуючы якой сям’я Чаплінскіх атрымала кватэру ў Петрыкаве.
– Мы спачатку жылі на маёй малой радзіме ў Вялаўску. Я працавала ў школе, затым стала загадчыцай сельскага клуба. Як только сітуацыя з жыллём палепшылася, мы пераехалі ў Петрыкаў. Я ўладкавалася на працу інжынерам па ахове працы ў сферы культуры. Сёння працую інжынерам па пажарнай бяспецы.
Суразмоўца распавяла пра сваіх дзяцей:
– Старэйшы сын Андрэй нарадзіўся паслухмяным і спагадным, яго таксама цікавіць праца інжынера. Сярэдні сын Мікіта дэманструе поспехі ў вучобе, добра спявае, але пакуль жадання выступаць не мае. Дачушка Арына наведвае музычную школу і танцавальны гурток. З мужам мы вучым дзяцей быць добразычлівымі, паважаць старэйшых, дапамагаць адзін аднаму. Хлапчукоў прашу паважаць дзяўчынак, быць ім абаронцамі, а дачушку навучаю гаспадарцы, каб стала гасціннай гаспадыняй.
Сям’я Чаплінскіх нездарма ўдзельнічала ў занальным этапе рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”, што праходзіў у Жыткавічах.
– Гэта быў вельмі цікавы этап у жыцці, мы атрымалі дыплом удзельніка конкурсу. Так, не прайшлі далей, але для мяне было галоўным тое, што мы штосьці рабілі са сваёй сям’ёй разам. Гэта своеасаблівы конкурс, які аб’ядноўвае, і гэта вельмі радуе, – паведаміла ў час размовы жанчына.

Акрамя гэтага, наша гераіня стала “Жанчынай года-2021” ад Петрыкаўскага раёна. У гэтым жа годзе Чаплінскія атрымалі дыплом удзельніка спартландыі “Мама, тата, я – спартыўная сям’я” ў намінацыі “Самая актыўная сям’я”.
Наталля – жанчына з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, удзельніца флешмобаў “За Беларусь”, “За мір на роднай зямлі” і праекта “Мы можам”.

На пытанне, у чым шчасце жанчыны, Наталля ўпэўнена адказала: у дзецях.
– Мая сям’я – гэта мая крыніца любові! У чым сакрэт нашага сямейнага шчасця? Насамрэч, для таго, каб сям’я была моцнай і дружнай, трэба гэтага хацець. Ніхто за вас не зробіць вашы адносіны гарманічнымі – над гэтым трэба працаваць. Праблемы бываюць ва ўсіх, але нешта дапамагае пераадольваць гэтыя перашкоды разам, выстаяць перад цяжкімі жыццёвымі сітуацыямі. Умець саступаць адзін адзнаму – я лічу важнай рысай у адносінай паміж мужам і жонкай.
У свята Міжнароднага дня сям’і Наталля пажадала ўсім жанчынам і мужчынам ажыццявіць сваю мару пра стварэнне сям’і ці нараджэнне дзіцяці.
– Жадаю, каб дзеткі былі здаровымі і шчаслівымі!

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о