Днямі ў фізкультурна-аздараўленчай зале ДЮСШ Петрыкава адбылася спартакіяда сярод актывістак Беларускага саюза жанчын.

Спартакіяда з нагоды жаночага свята

З прамовай перад прысутнымі выступіла старшыня раённай арганізацыі БСЖ Святлана Сянько: “Нягледзячы на вынікі спаборніцтваў, дзе перамогуць мацнейшыя, усе вы выбралі годны шлях, бо ў вашым жыцці знайшлося месца спорту. Гэта ўжо вялікі крок да здароўя і бадзёрасці”.
Прадстаўніцы прыгожай паловы спаборнічалі ў шашках, дартсе, настольным тэнісе і штрафных кідках мяча па стандартах баскетболу. Такім чынам, кожная каманда складалася з чатырох удзельніц і прадстаўніка дружыны. Выяўленне лепшых у гульнявых відах спорту праходзіла па алімпійскай сістэме. Усяго ж на турнір заявілася 8 калектываў.

Спартакіяда з нагоды жаночага свята

Пасля жараб’ёўкі жанчыны разышліся па сваіх месцах. Каля сталоў з шашкамі, зразумела, было ціха. Задуменныя прыхільніцы гэтай спартыўнай інтэлектуальнай гульні былі сканцэнтраваны на становішчах, што разгортваліся на дошках. Радзей можна было пабачыць на тварах дзяўчын безвыходнасць і няўпэўненае прасоўванне шашак наперад дзеля ходу. Аднойчы склалася нават так, што суддзя абмежаваў часовыя рамкі, бо сітуацыя ў гульні істотна не змянялася. У выніку гэтая партыя пераможцы не выявіла і прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва вымушаны былі пачынаць сустрэчу нанова.

Спартакіяда з нагоды жаночага свята

Побач даволі хутка саперніц перамагала фаварытка гэтай дысцыпліны Святлана Лаўрэнцьева і пакуль адна галіна спаборніцтваў па шашках знаходзілася на стадыі чвэрцьфіналу, Святлана ўжо перамагла другую палову шашыстак і чакала выяўлення саперніцы для фінальнай сустрэчы. Зрэшты, інтрыгі не атрымалася: перамогу святкавала менавіта Святлана Лаўрэнцьева з Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, другой была Паліна Ходзька з сярэдняй школы № 1, а трэцяй – Ксенія Пашук з Макарыцкага дзіцячага сада-базавай школы.

Спартакіяда з нагоды жаночага свята

Святлана Лаўрэнцьева цісне руку чарговай саперніцы Ксеніі Пашук

Цішыню вакол мішэні дартса парушалі часам эмацыйныя рэплікі падтрымкі каманд з нагоды ўдалых выступленняў сваіх спартсменак. Асабліва радаваліся вынікам жанчыны з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Яно і не дзіва, іх калега Ксенія Содзель набрала недасягальныя 95 ачкоў і заваявала перамогу ў гэтай дысцыпліне. Другі вынік паказала Вольга Тарасевіч з Макарыцкага дзіцячага сада-базавай школы, трэцяй была Юлія Сцяпук з Петрыкаўскага лясгаса.

Спартакіяда з нагоды жаночага свята

Найбольш эмацыйна праходзілі спаборніцтвы па трапнасці штрафных кідкоў. Кожнай спартсменцы прапанавалася 10 спроб трапіць у баскетбольны кошык. Некаторыя ўдзельніцы падышлі да гэтай дысцыпліны з веданнем справы і дэманстравалі хрыстаматыйную тэхніку.

Спартакіяда з нагоды жаночага свята

У іншых складвалася куды горш і іх здольнасці выдатна агучвала фраза адной з калег па камандзе: “Кінь ужо як-небудзь, хоць “з-пад спадніцы”! Урэшце, трэці вынік тут паказала Юлія Пятрэнка з Петрыкаўскага лясгаса, другая прыступка скарылася Святлане Шабанавай з Петрыкаўскай ЦРБ, а самай трапнай у гэты раз была Вольга Яшчанка з Макарыцкага дзіцячага сада-базавай школы.

Спартакіяда з нагоды жаночага святаТрэці вынік паказала Юлія Пятрэнка з Петрыкаўскага лясгаса

Спартакіяда з нагоды жаночага свята

Другое месца дасталося Аксане Скрабец з сярэдняй школы № 1

Каля тэнісных сталоў было па-спартыўнаму бадзёра. Тэнісісткі з усмешкамі высвятлялі лепшых. Дарэчы, большасць спартсменак у гэтай гульні паказалі, што трымаюць у руцэ ракетку яны не першы і нават не дзясяты раз. Лепшай тут была Юлія Абрамава з Петрыкаўскага лясгаса, другое месца дасталося Аксане Скрабец з сярэдняй школы № 1, а дыплом трэцяй ступені быў уручаны Але Картыннік з Макарыцкага дзіцячага сада-базавай школы. Менавіта дружына гэтай навучальнай установы і святкавала перамогу ў камандным заліку.

Спартакіяда з нагоды жаночага свята

Дружына Макарыцкага дзіцячага сада-базавай школы святкавала перамогу ў камандным заліку

Як вы ўжо здагадаліся, жанчыны здолелі перамагчы ці заняць прызавыя месцы ва ўсіх дысцыплінах. Другі радок каманднага пратаколу быў за калектывам Петрыкаўскага лясгаса, а трэцяй прыступка п’едэстала скарылася спецыялісткам Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці.

Арцём ГУСЕЎ,

фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о