27 сакавіка на Гомельшчыне пройдзе абласны суботнік. Грашовыя сродкі будуць пералічаны на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу “Партызанская крынічка”

Рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу “Партызанская крынічка”

Размяшчаецца комплекс недалёка ад абласнога цэнтра ў глыбіні лесу. У гады вайны тут дыслацыраваўся легендарны партызанскі атрад “Бальшавік”. Не адно дзесяцігоддзе на гэтым знакавым месцы праходзілі сустрэчы пакаленняў, дзе ўзгадвалі пра подзвігі адважных і мужных землякоў. Мемарыял цяпер – гэта стэла і размешчаная каля яе архітэктурная кампазіцыя ў выглядзе зоркі. Крынічка, якая давала доўгія гады жыватворную вільгаць, на жаль, высахла – ваданосны пласт сябе вычарпаў.
З нагоды важнай даты – 80-годдзя з дня ўтварэння “Бальшавіка” – прынята рашэнне рэканструяваць патрыятычны аб’ект. Пакуль праект яшчэ знаходзіцца ў распрацоўцы – вырашаюцца інжынерна-тэхнічныя пытанні, зыходзячы з чаго і вызначыцца аблічча мемарыяльнага комплексу. Аднак ужо вядома пра асноўныя пераўтварэнні, якія закрануць гістарычны аб’ект. Будзе перагледжаны пад’езд да мемарыяла. Справа ў тым, што існуючая дарога размяшчаецца каля нафтаправоднай магістралі і выкарыстоўваць яе на поўную моц нельга. Па існуючых нарматывах, неабходна трымацца 150-мятровай зоны, таму дарога зрушыцца ў бок. Для гэтага давядзецца закрануць лясныя землі, у вызначаным законам парадку падрыхтавана дазваляльная дакументацыя на высечку дрэў. Аб’екты расліннага свету будуць максімальна захаваны.
Што да самога мемарыяла, то комплекс – стэла і “зорка” застанецца на ранейшым месцы, іх адрамантуюць і адновяць, а на прылеглай тэрыторыі з’явяцца падыходы з бетоннай пліткі. Абновіцца пляцоўка для правядзення мерапрыемстваў, з’явіцца невялікі амфітэатр. У ліку маштабных пераўтварэнняў – дзве новыя лакацыі. Недалёка ад стэлы размесцяцца партызанскі лагер з зямлянкамі і тут жа зробяць канструкцыю з навесам, дзе можна будзе адпачыць і паспрабаваць салдацкую кашу. Побач з лагерам абсталююць пляцоўку для правядзення ваенна-гістарычных рэканструкцый, на падыходзе да яе з’явяцца акопы. Яшчэ адзін аб’ект пабудуюць на тэрыторыі мемарыяла – адміністрацыйны будынак. У ім размесцяцца навуковыя супрацоўнікі, якія і будуць праводзіць экскурсіі. Прадугледжана таксама месца для выстаў.
Ёсць яшчэ адзін важны момант: так як для будынка неабходна правесці водазабеспячэнне, з’явіцца магчымасць у нейкай меры аднавіць і крынічку. І ў ёй, як і на мемарыяле, зноў забурліць жыццё.

Гістарычная даведка

Партызанскі атрад “Бальшавік” створаны напярэдадні акупацыі Гомеля ў жніўні 1941 года. Арганізацыйна аформіўся 17-га чысла на сходзе патрыётаў горада. У яго ўступілі 50 чалавек, добраахвотна пагадзіліся застацца для баявой працы ў тыле ворага. Камандзірам прызначылі дырэктара аўтарамонтнага завода І. С. Федасеенку. У кастрычніку 1943-га ператвораны ў брыгаду з той жа назвай. У яе склад увайшлі тры партызанскія атрады: “Бальшавік”, “Патрыёт Радзімы”, імя В. Чкалава. Байцы “Бальшавіка” праводзілі дыверсіі на чыгунцы і асноўных аўтамагістралях, паралізавалі рух судоў па рацэ Сож. Разам з часткамі Чырвонай арміі партызаны ўдзельнічалі ў аперацыі “Баграціён”.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о