Званок у рэдакцыю нагадаў пра хвалюючую для грамадства тэму – генацыд беларускага нарада ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Патэлефанавала нам жыхарка вёскі Макарычы, былы вязень нямецкіх канцлагераў Марыя Сцяпанаўна Марозька. 

ГЕНАЦЫД: БЕЗ ТЭРМІНУ ДАЎНІНЫ. “Вайною не быў зламаны дух народа”

Жанчына выказала словы падзякі за матэрыялы, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай, якія размяшчаюцца на старонках раённай газеты. Асаблівыя словы павагі і ўдзячнасці гучалі ў адрас работнікаў  Петрыкаўскай пракуратуры за іх дзейнасць у даследаванні крымінальнай справы па факце знішчэння насельніцтва на Петрыкаўшчыне ў часы ваеннага ліхалецця. “Цяжка ўспамінаць пра тыя  падзеі, але мы, яшчэ жывыя сведкі той трагедыі, павінны расказваць пра  пакуты, якія вынес народ”, – канстатавала суразмоўца. Па нашай просьбе, былы вязень згадзілася на сустрэчу.

Усё жыццё Марыя Сцяпанаўна пражыла на сваёй малой радзіме ў вёсцы Макарычы. Тут спазнала шчасце і радасць, роспач і страты. Незабыўная і балючая старонка ў яе жыцці – дзяцінства, апаленае вайной.
– Вайна прайшлася па лёсе многіх дзяцей нашай вёскі. У мяне яна забрала бацьку – ён загінуў на фронце, малодшую сястру – дзяўчынка не справілася з хваробай. Цётку маю з вёскі Беразнякі фашысты забілі разам  з малым дзіцём. Шмат пакут сцярпелі і на нямецкай зямлі, – пачала свой аповяд былы вязень.

Той дзень, калі немцы ўзялі іх з маці ў палон, жанчына добра памятае. Захопнікі павыганялі людзей з хат, павыцягвалі з хованак і павялі ў Петрыкаўскую царкву, дзе былі ўжо сагнаныя людзі з другіх вёсак. Маці дзяўчынкі плакала, казала, што іх, напэўна, спаляць. Немцы вырашылі інакш – адправілі людзей у германскія лагеры.

– Трапілі мы з маці ў нямецкі лагер у самым разгары вайны. З намі была яшчэ адна сям’я з Макарычаў, у якой падрастала  дзяўчынка. Памятаю выпадак, каля лагера быў бурт бульбы, а есці так хацелася, бо давалі нам юшку,  якую і ежай назваць нельга. Калі бульбу пачалі перабіраць, мы, двое дзяўчынак, пабралі  жалезныя кацялкі, з якіх харчаваліся і пайшлі з надзеяй, што людзі пашкадуюць галодных дзяцей і дадуць нам сырой бульбы. Не далі.
Жыццё ў лагеры ўспамінаць маёй гераіні балюча. Голад, холад, хваробы, непасільная праца –  смерць “хадзіла” па  слядах. Цяжка было і ў гаспадароў, куды іх пасля накіравалі ў якасці працоўнай сілы. Там яны выконвалі самую цяжкую працу ў полі, па гаспадарцы.  Абяссіленыя лажыліся спаць позна ўвечары. Помніць словы маці, якая плакала і казала: “Няўжо не пабачым роднай зямлі і памром у рабстве?”.

Дзякуючы вялікай волі да жыцця і веры ў найлепшае, сям’я дачакалася Перамогі, была вызвалена з рабства Чырвонай арміяй і восенню 1945 года дабралася дадому.

– У нашай хаце  арганізавалі школьныя заняткі, бо патрэбна было памяшканне, а ніхто не ведаў, жывыя мы ці не, – успамінае зямлячка. – Я таксама села за парту, трэба было вучыцца, каб атрымаць прафесію, станавіцца на ногі, думаць пра будучыню.
Сваю будучыню Марыя Сцяпанаўна пабудавала з аднавяскоўцам Фёдарам Марозька. Фёдар Іванавіч, як і жонка, вязень нямецкіх лагераў. Дзяўчынай чакала яго, пакуль той служыў у марфлоце ў Фінляндыі.  Быў ён пад-трымкай у жыцці, самым родным чалавекам і прафесію выбраў высакародную – настаўніка пачатковых класаў. На працягу ўсёй педагагічнай дзейнасці ў мясцовай школе вучыў дзяцей галоўнаму – шанаваць і берагчы мір на роднай зямлі. Мая гераіня працавала ў вясковай бібліятэцы, была ў цэнтры культурнага жыцця населеннага пункта і вяла актыўную работу з моладдзю па патрыятычным выхаванні. Па словах суразмоўцы, яна ўсё жыццё нясе памяць пра подзвіг народа ў гады вайны, памятае аднагодак, якія не вярнуліся з палону.

– Мяне здзіўляюць людзі, якія забываюць гісторыю свайго роду, тыя хто не задаволены  жыццём у краіне. Што больш такім патрэбна? – разважае былы вязень. – Мы – гаспадары на сваёй зямлі, працаваць людзям ёсць дзе, у крамах  ежы хапае разнастайнай, дзеткі ў камфорце за партамі сядзяць, за сталымі людзьмі арганізаваны догляд і дапамога.  Не бачылі яны бяды і нястачы, дзякуй Богу.
Сваіх траіх дзяцей сям’я Марозька выхавала ў павазе да продкаў і гісторыі сваіх родных. Часта  ў бацькоўскую хату са сталіцы прыязджаюць дзеці, шасцёра ўнукаў і два праўнукі. Марыя Сцяпанаўна для іх  – прыклад гераізму, стойкасці, адданасці. Ды і для ўсіх нас яна чалавек з вялікай літары, зямлячка, якая прайшла праз пекла,  каб мець магчымасць спакойна жыць на роднай зямлі і радавацца простаму чалавечаму шчасцю.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о