Тры гульні – тры ачкі

0
353

Першая ліга Нацыянальнага чэмпіянату Беларусі па футболе выходзіць на фінішную прамую. З чым петрыкаўскі “Шахцёр” падбіраецца да апошніх тураў спаборніцтваў і як прайшлі апошнія гульні “калійшчыкаў” – прапануем разабрацца ў гэтым матэрыяле.

Тры гульні – тры ачкі
Нядрэнна паказаў сябе ў апошніх сустрэчах Вячаслаў Прыгодзіч

Надзеі на перамогу не апраўдаліся…
Пасля паспяховай дамашняй гульні з “Оршай” “гарнякі” накіраваліся ў Гомель, каб памерацца сіламі з футбольным клубам “Бумпром”. Не ведаю як вам, паважаныя чытачы, а мне падавалася, што менавіта ў гэтай сустрэчы “Шахцёр” мае самыя вялікія шансы на перамогу. Прычын тут некалькі: па-першае, “папяровыя” толькі ў гэтым годзе ўзняліся ў другі дывізіён і, адпаведна, маюць менш вопыту ў выступленнях на турніры. Па-другое, мінулая нічыйная сустрэча і заўважны рост “салевікоў” у другім крузе падводзіў да думкі, што ўзмоцнены састаў без ачкоў па выніках матча не застанецца.
Але традыцыйнага сцэнарыя з моцным прэсінгам на першых хвілінах матчу не адбылося. Насупраць, менавіта гасцям прыйшлося адбівацца ў абароне, аднак “дзірку” на правым флангу штрафной “Шахцёра” “Бумпром” здолеў выкарыстаць на сваю карысць ужо на 11-й хвіліне – 1:0.
Жоўта-чорныя прыходзілі ў прытомнасць хвілін дваццаць і маглі атрымаць у свае вароты яшчэ адзін мяч, але нечакана невыразная атака ў адказ скончылася трапным і даволі моцным ударам па варотах ад Вячаслава Прыгодзіча на 35-й хвіліне – 1:1.
Далей гульня на полі стала стрыманай, простай і маруднай. Ажыўленне назіралася хіба толькі на апошняй 10-хвілінцы сустрэчы, але і тут асаблівай вастрыні не адчувалася. Калі ў галаве з’явілася думка, што адно ачко, усё ж, лепей за нічога, гамяльчане выканалі адпрацаваны штрафны і змянілі лік на сваю карысць: мяч быў адпраўлены да цэнтра штрафной, нападаючы “Бумпрома” меў прастору, крыху распіхаў абаронцаў “Шахцёра” і спрытна падставіў галаву нават не падскокваючы, пераправіў круглага ў сетку. Вось такая абарона без намаганняў гульні на “другім паверсе”. Прагучаўшы неўзабаве свісток адзначыў паражэнне калійнай дружыны…

Тры гульні – тры ачкі

Пераадольваючы стыхію!
Што і казаць, наступнае супрацьстаянне з куды больш сур’ёзным сапернікам надзей на добры вынік пакідала мала. Пінская “Хваля” характарызуецца нядрэнным падборам выканаўцаў. Так, пінчане не заўсёды радуюць сваіх аматараў, але змагаюцца на полі да апошняй хвіліны і калі ўжо знаходзяць прыдатную стратэгію ў гульні з сапернікам – свайго не ўпускаюць.

Тры гульні – тры ачкіРаспачалі каманды на петрыкаўскім стадыёне “Прыпяць” даволі бадзёра. Праверка абароны з абодвух бакоў была вострай, але плёну не прыносіла. А вось чарговая атака гаспадароў вымусіла абаронцу “Хвалі” небяспечна адыграць высока паднятай нагою, за што пінчане былі пакараныя 11-мятровым, які рэалізаваў Вячаслаў Прыгодзіч на 19-й хвіліне.

Тры гульні – тры ачкі
Чарговая атака гаспадароў вымусіла абаронцу “Хвалі” небяспечна адыграць высока паднятай нагою, за што пінчане былі пакараныя 11-мятровым.

Але не такой працяглай была перавага гаспадароў. Свой штурм футбалісты “Хвалі” ўдала завяршылі праз 6 хвілін, параўнаўшы лік. Вызначэнне мацнейшай дружыны каманды адклалі да наступнага тайма.
У другой палове клубы нібы выйшлі на поле з новымі сіламі. Момантаў было даволі шмат, гульня часцяком мела парушэнні, у рэшце чаго распачаўся сапраўдны лістапад спачатку з жоўтых, а потым і чырвонай картак.

Тры гульні – тры ачкі

Увесь гэты час свайго моманту чакаў Станіслаў Стэфановіч. Традыцыйна, гэты футбаліст удала выкарыстоўвае вольную ад абароны прастору, але на гэты раз іншага варыянту, акрамя як прабіць галавою з доўгага навесу не выпадала і Станіслаў гэтай магчымасцю выдатна распарадзіўся – 2:1, калі хранометр адлічваў 59-ю хвіліну матчу.

Тры гульні – тры ачкіПасля гэтага адметнага моманту было яшчэ шмат яскравых штурмаў, большая частка якіх прыпадала на браму гаспадароў. Але на суцяшэнне “Шахцёра” і да расчаравання “Хвалі”, лік у матчы так і не змяніўся. “Гарнякі” запісалі ў свой актыў тры ачкі.

Матч з тэхнічнымі непаладкамі
Ад супрацьстаяння з футбольным клубам “Віцебск”, які яшчэ летась выступаў у вышэйшай лізе, ачкоў чакаць не выпадала. Гаспадары распачалі з моцнага ціску і маглі забіць ужо на 12-й хвіліне, але ўпэўнена адыграў апошні рубеж жоўта-чорных Мікіта Доўнар.

Тры гульні – тры ачкі
І “гарнякі” мелі шанец змяніць лік на табло, але напачатку іх падвяла надзвычай простая гульня ў нападзенні. А вось на 30-й хвіліне імклівы праход па левай броўцы Станіслава Стэфановіча і ўдар галавою з навеса Георгія Кукушкіна пакінулі гаспадароў у статусе даганяючай каманды.
Разам з тым, на полі лепш выглядалі віцебляне, аднак на гэты раз хатняя арэна не дапамагла, а псавала намаганні гаспадароў. Моцны прэсінг, што мог скончыцца голам, збівала не столькі супрацьстаянне апанентаў, колькі ненадзейная сістэма энергазабеспячэння. Спачатку святло прапала на 34-й хвіліне матча. Чакаць узнаўлення гульні давялося амаль 10-ць хвілін.
Пасля перапынку сітуацыя паўтарылася: калі віцебская “сіняя машына” пачала ўсё больш турбаваць брамніка “салевікоў”, пражэктары на стадыёне перайшлі, так бы мовіць, у рэжым адпачынку. Такая рваная гульня ішла, у першую чаргу, не на карысць спартыўным кандыцыям даганяючага боку, бракуючы і псіхалагічную трываласць гаспадароў.
Мінуўшы чарговы 7-хвілінны перапынак, футбалісты зноў выйшлі на поле. Футбол разгортваўся ў сваёй большасці ў цэнтры поля, але паступова змясціўся да штрафной гасцей. Тут бы было дарэчы, каб на арэне зноў стала цёмна, але на гэты раз энергетыкі спрацавалі ўдала, чаго не скажаш пра абарону “Шахцёра” – 1:1 на 69-й хвіліне.
Тэмп гульні ўзняўся. “Гарнякі” на першых парах прынялі “новыя ўмовы” і выглядалі не менш імкліва ў сваіх атаках, але хапіла футбалістаў не на доўга. Да канца асноўнага часу і віцебскія футбалісты пачалі відавочна здаваць у хуткасці, таму спадзявацца ім даводзілася больш на майстэрства.
На 91-й хвіліне гаспадары як раз і разыгралі майстэрскі вуглавы: мяч маланкава трапіў у сетку ад удару галавой з навесу – 2:1 і сіл змяніць гэты лік у абедзвюх дружын ужо не хапіла. “Шахцёр” адправіўся дадому без ачкоў.

Зазірнём у табліцу
Разумею заканамернае пытанне: як жа складваюцца справы ў бліжэйшых канкурэнтаў “калійшчыкаў”?
Тут трэба заўважыць, што “Асіповічы” з “Шахцёрам” канкурыруюць толькі намінальна. Вызначана, што ў гэтым сезоне з першай лігі ў трэці дывізіён апусціцца толькі адна каманда – з апошняга радку выніковай турнірнай табліцы. Каманда з Магілёўшчыны, маючы толькі 5 ачкоў, страціла нават тэарэтычныя шансы змяніць сваё становішча ў бягучым “табелі аб рангах” і застанецца апошняй, нават калі ўдала выступіць у астатніх 4-х матчах. Таму, калі нехта не ведаў, паведамляем: “калійшчыкі” ўжо дакладна забяспечылі сабе далейшую “прапіску” ў першай лігі.

Тры гульні – тры ачкі“Слонім” за апошнія 3 туры папоўніў свой актыў адным ачком і зараз мае 22 балы, супраць 19-ці ў “Шахцёра”.
Ці здолеюць “салевікі” абысці калектыў з Гродзеншчыны на фінішным адрэзку? – пытанне складанае, але сітуацыя больш удала складваецца менавіта для петрыкаўскай каманды. Па-першае, слонімчане яшчэ не прапускалі гульню з-за няцотнай колькасці ўдзельнікаў дывізіёна і “адпачынак” гэты прыпадае на самы нязручны тур спаборніцтваў – апошні. Па-другое, сапернікі ў футбольнага клуба “Слонім” (“Арсенал”, “Лакаматыў” і “Баранавічы”) падаюцца больш моцнымі за апанентаў “Шахцёра”.Але ці здолеюць жоўта-чорныя сабрацца і належна згуляць на фінальным адрэзку турніру, – сказаць цяжка.

Тры гульні – тры ачкі

У нядзелю, 5 лістапада, на мясцовай арэне ў госці да “гарнякоў” прыбудзе каманда “Жодзіна-Паўднёвае”. Пачатак гульні запланаваны на 15 гадзін. Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о