“Трэба шанаваць сучаснасць!”

0
565

“Трэба шанаваць сучаснасць!”

Мы працягваем цыкл матэрыялаў, дзе знаёмім чытачоў з маладымі спецыялістамі, якія прыбылі на Петрыкаўшчыну.

Наш сённяшні герой – Віталь Рубіс, урач-гігіеніст Петрыкаўскага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
“У школе мне добра даваліся біялогія і хімія, таму я дакладна ведаў, што буду паступаць у медыцынскую ВНУ, – пачаў дыялог суразмоўца. – Аднак, працаваць з пацыентамі не зусім маё, трэба мець пэўны характар, каб лячыць людзей. У гэтым плане я разглядаў фармацэўтыку і медыка-прафілактычную справу. Выбар паў на другі варыянт. Пасля таго, як скончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, інтэрнам прыехаў у Петрыкаў. У гэтым годзе я ўжо ў статусе маладога спецыяліста на пасадзе ўрача-гігіеніста”.

Віталь адзначыў, што ўсе студэнты медыцынскіх універсітэтаў пачынаюць навучанне па агульных праграмах і толькі на старэйшых курсах пераходзяць на паглыбленае вывучэнне профільных дысцыплін. Для кагосьці гэта тэрапія, хірургія, гінекалогія, а для іншых гігіена і эпідэміялогія, лабараторная справа.

На пытанне, што сабой уяўляе прафесія, Віталь адказаў так:
“Урач-гігіеніст не займаецца непасрэдным лячэннем пацыентаў. У яго задачы ўваходзяць пераважна арганізацыйныя мерапрыемствы, ацэнка выканання гігіенічных норм, розныя даследаванні. Гігіеніст на падставе аналітычных дадзеных фарміруе і ўкараняе практычныя рэкамендацыі ва ўсе сферы працоўнай дзейнасці, побыта, правілы харчавання, санітарную бяспеку.

Медыцынская прафілактыка – адзін з найважнейшых напрамкаў медыцыны, паколькі даўно ўжо вядома, што многія хваробы лягчэй папярэдзіць, чым потым іх лячыць і змагацца з наступствамі. Асабліва востра гэтая праблема стаіць пры барацьбе з інфекцыйнымі захворваннямі, якія нярэдка перарастаюць у эпідэміі. Гэта зусім нядаўна прадэманстравала пандэмія каранавіруснай інфекцыі COVID-19.

Менавіта таму выпускнікі меды-цынскіх ВНУ па спецыяльнасці “Медыка-прафілактычная справа” займаюцца не лячэннем, а арганізацыяй папераджальных мерапрыемстваў і аказаннем медыка-сацыяльнай дапамогі.

У мае задачы ўваходзіць праверка камунальных аб’ектаў. Гэта цырульні, салоны, тату-салоны; дзіцячыя ўстановы: школы, дзіцячыя сады, інтэрнаты, СПТВ, аздараўленчыя ўстановы.

Калі казаць пра вынікі нашых маніторынгаў, то проста так да строгіх мер мы не звяртаемся, хутчэй у выпадку, калі суб’ект не рэагуе належным чынам на прадпісанні, не працуе над ухіленнем заўваг, якія могуць потым паўплываць на здароўе супрацоўніка ці спажыўца, то могуць быць ужытыя штрафныя санкцыі.

Віталь падкрэслівае, што паглыбіцца ва ўсе дэталі яго прафесіі дапамагае дружны калектыў на чале з Сяргеем Талецкім. Маладому чалавеку выдзелілі пакой у інтэрнаце. Віталь у вольны час, якога, на жаль, не так шмат, прысвячае чытанню мастацкай літаратуры, асабліва любіць твор Булгакава “Майстар і Маргарыта”. “Цікаўлюся яшчэ выданнямі навукова-папулярнага напрамку”, – дадае хлопец.

Што будзе ў будучыні, Віталь пакуль не загадвае. Гаворыць, трэба шанаваць сучаснасць. І берагчы сваё здароўе!

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о